Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Без кваліфікацый і імёнаў чэмпіёнаў. Мотакросавы Гран Пры Кітая адклаў пытанні аб уладальніках тытулаў да фіналу

Без кваліфікацый і імёнаў чэмпіёнаў. Мотакросавы Гран Пры Кітая адклаў пытанні аб уладальніках тытулаў да фіналу

Без кваліфікацый і імёнаў чэмпіёнаў. Мотакросавы Гран Пры Кітая адклаў пытанні аб уладальніках тытулаў да фіналу

Фота: mxgp.com

Прыемна, калі лёс чэмпіёнства вырашаецца ў апошніх гонках, і ў чэмпіянаце свету па мотакросе сёлета менавіта так і будзе. І тычыцца гэта абедзвюх катэгорый.

Фармат уік-энду MXGP у Шанхаі планаваўся незвычайны. Падчас уласна ўік-энду – выхадных, а калі дакладна, то ў нядзелю – павінны былі прайсці свабодныя практыкі і кваліфікацыйныя заезды, а галоўныя мусілі адбыцца ў панядзелак раніцай па еўрапейскім часе. Аднак арганізатарам Гран Пры Кітая прыйшлося на хаду мяняць праграму – адмаўляцца ад кваліфікацый, а галоўныя гонкі пераносіць якраз на нядзелю, бо ў панядзелак прагнозы надвор’я ці не тайфуны абяцалі.

Парадак, у якім гоншчыкі выстройваліся перад стартавымі брамкамі, вызначаўся па выніках вольных практык (іх правесці паспелі). У малодшай катэгорыі MX2 умоўны пол дастаўся, такім чынам, прадстаўніку Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр. Аднак героем гонак ізноў стаў гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн, які першы ж баявы заезд пачаў хол-шотам, фактычна прадвызначыўшы і вынік гэтага заезду.

Адзінае, чым адказаў на хуткасць бельгійца Лангенфельдэр – гэта паспяховае ўтрыманне ад старту да фінішу другой пазіцыі. Трэцім гонку скончыў напарнік Коэнэна па камандзе і лідар чэмпіянату Кай дэ Вольф, але яму давялося абганяць супернікаў. На шчасце для нідэрландца, толькі двух – Карліса Рэйсуліса з Monster Energy Yamaha Factory MX2 і Ліама Эвертса з Red Bull KTM Factory Racing, якія бароліся і адзін з адным. Абодвух Кай прайшоў і фінішаваў трэцім.

А на першых кругах другой гонкі галоўнымі дзейнымі асобамі былі якраз Лангенфельдэр, Эвертс і Рэйсуліс. Прычым апошні на стаце выйграў хол-шот і пэўны час узначальваў пелатон. Коэнэн і дэ Вольф разбіраліся паміж сабой у іх ззаду, і да пары здавалася, што другі заезд лепей атрымаецца ў лідара чэмпіянату, які на першым кругу абагнаў быў партнёра па камандзе.

Пазней цягам таго ж першага круга гоншчыкі Хускварны па чарзе атакавалі Эвертса, але калі Кай прайшоў яго чыста, то бельгіец справакаваў памылку свайго суайчынніка, якая прывяла да падзення Ліама і сходу яго з дыстанцыі, прычым па вельмі непрыемнай прычыне – праз траўму шыі. Зычым, каб яна не была сур’ёзнай і каб на фінале сезона мы Эвертса пабачылі.

Коэнэн жа, адыграўшы пазіцыю, паспеў затым страціць яе, прапусціўшы наперад канкурэнта з Monster Energy Triumph Racing Камдэна МакЛелана. Пазней, праўда, гоншчык з Паўднёвай Афрыкі страціў пару пазіцый, і Коэнэн вярнуўся на чацвёртую. Пры гэтым дэ Вольф з усяе сілы насядаў на Лангенфельдэра і імкнуўся падняцца на другую, што ў яго атрымалася толькі на апошніх кругах. Аднак падзенне Рэйсуліса аўтаматычна зрабіла Кая лідарам і патэнцыйным пераможцам кітайскага этапу.

Але ад сваіх планаў не адмовіўся і яго напарнік, які спачатку наблізіўся да Лангенфельдэра, калі тэмп таго ўпаў. А прайшоўшы немца, Лукас неўзабаве выйшаў і на дыстанцыю атакі на дэ Вольфа, якую і правёў паспяхова пад заслону гонкі, замацаваўшы такім чынам і сваю перамогу на этапе. Другім і трэцім адпаведна фінішавалі дэ Вольф і Лангенфельдэр, месцы на Гран Пры яны занялі таксама другое і трэцяе адпаведна.

Аднак у чэмпіянаце першым застаўся ўсё роўна нідэрландзец, у якога 915 ачкоў. Коэнэн, які з 879-цю займае другую пазіцыю, яшчэ тэарэтычна можа стаць чэмпіёнам, але для гэтага з дэ Вольфам на фінальным этапе павінна здарыцца катастрофа. Лангенфельдэр, які мае 811 балаў і замыкае першую тройку, на тытул ужо не прэтэндуе. Хускварну, па ўсяму відаць, ужо можна лічыць пераможцай у заліку вытворцаў у MX2 – 1 045 ачкоў супраць роўна 900 у KTM, які займае другую пазіцыю. На трэцяй з 823-ма пунктамі знаходзіцца GASGAS.

Калі ў MX2 перад фінальным этапам проста засталася нявызначанасць, то ў старэйшай катэгорыі MXGP інтрыга абвастрылася проста да мяжы! Усё праз надзвычай няўдалую першую гонку на той момант лідара чэмпіянату з заводскай Хонды Ціма Гайсэра. На першым жа кругу на тармажэнні перад другім паваротам славенец наляцеў ззаду на гоншчыка Fantic Factory Racing Глэна Колдэнхофа і вельмі непрыемна ўпаў.

Сам Гайсэр фізічна не пацярпеў і працягнуў гонку, але хутка сутыкнуўся ўжо з прадстаўніком Monster Energy Yamaha Factory MXGP Андрэа Бонакорсі. Без траўм абышлося і тут, але на матацыкле аказалася пашкоджанай левая падножка, Цім стаў хутка губляць пазіцыі, наведаў боксы для рамонту, вярнуўся на трасу і фінішаваў у выніку толькі сямнаццатым. Яго становішча ў турнірнай табліцы ўжо на гэтым этапе сур’ёзна ўскладнілася.

У дзейнага чэмпіёна з заводскага калектыву GASGAS Хорхе Прада справы ішлі лепей. Хол-шот у першай гонцы выйграў не ён, а Джэрэмі Сівер, які ў наступным годзе пераходзіць з Kawasaki Racing Team у Ducati, тады як Прада пасля старту размясціўся на трэцяй пазіцыі. Наперадзе ў яго апынуўся яшчэ і яго суайчыннік і напарнік Гайсэра Рубэн Фернандэс, які цягам першага ж круга наогул лідарства захапіў і ўтрымліваў яго першую палову дыстанцыі. Хаця затым прапусціў і Сівера, і Прада, і Рамэна Фэвра.

Вось французскі гоншчык Kawasaki і быў у першым заездзе найхутчэйшым (тады як Сівер, наадварот, пачаў губляць пазіцыі і фінішаваў дзясятым). На адзінаццатым кругу Рамэн атакаваў ужо Прада, які лідзіраваў на той момант, і абагнаў яго. Прычым Хорхе прапусціў быў і Фернандэса, але пазней вярнуў сабе хаця б другую пазіцыю і скончыў гонку на ёй. Фэвр фінішаваў першым, а Фернандэсу не ўдалася ўтрымацца ў першай тройцы – на апошніх кругах яго апярэдзіў завадчанін KTM Джэфры Херлінгс.

Што ж да Гайсэра, то другая гонка для яго склалася значна лепей за першую, хаць, напэўна, не так удала, як хацелася б самому Ціму. На старце лепшым быў ізноў не ён, а Прада, хаця Гайсэр амаль адразу прыладзіўся за ім следам, абагнаўшы прадстаўніка Team Ship To Cycle Honda SR Motoblouz Валянціна Гіё. Усю дыстанцыю славенец трымаўся ў пары секунд за іспанцам, аднак на дыстанцыю атакі так і не выйшаў, задаволіўшыся другой пазіцыяй. Па выніках жа Гран Пры Кітая ў цэлым Цім заняў толькі сёмае месца. Прада ж атрымаў перамогу, Фэвр, які ў фінальнай гонцы фінішаваў трэцім, заняў другое месца, а на ніжнюю ступень подыуму падняўся Херлінгс, які другую гонку скончыў на чацвёртай пазіцыі.

У чэмпіянаце нідэрландзец трэці з 895-цю ачкамі, і нават ён яшчэ захоўвае матэматычныя шанцы на тытул. Хаця хутчэй за ўсё яго разыграюць паміж сабой Прада і Гайсэр, якія ізноў памяняліся пазіцыямі – Хорхе вярнуўся на першую і мае 943 ачкі, на сем апярэджваючы Ціма. Honda, якая мае 967 ачкоў, па-ранейшаму першая ў заліку вытворцаў, другую пазіцыю з 943-ма пунктамі займае GASGAS, KTM замыкае першую тройку, маючы 907 балаў.

На фінальным этапе чэмпіянату свету па мотакросе – Гран Пры Касціліі-ла-Манчы ў іспанскім Косары 27-29 верасня – у Прада будзе важная псіхалагічная перавага, якая цягам гэтага сезону ўжо яму дапамагала – родныя сцены. Удвая цікавей будзе пабачыць, як Хорхе вытрывае пад уціскам гэтым разам. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова будуць уважліва сачыць за ўсімі падзеямі апошніх гонак сезону. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!