Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/«А можа, ну ўсё гэта на …?» і іншыя думкі Макса Ферстапена пасля Гран Пры Сінгапура, які выйграў Ланда Норыс

«А можа, ну ўсё гэта на …?» і іншыя думкі Макса Ферстапена пасля Гран Пры Сінгапура, які выйграў Ланда Норыс

«А можа, ну ўсё гэта на …?» і іншыя думкі Макса Ферстапена пасля Гран Пры Сінгапура, які выйграў Ланда Норыс

Фота: formula1.com

Вынік трохразовага і дзейнага чэмпіёна Формулы 1, якога ён учора дабіўся на гарадской трасе Марына-Бэй, не такі і дрэнны – другое месца ў гонцы. Але настрой у Макса ўсё роўна сапсаваны, і цяпер не толькі формай каманды Red Bull.

Міжнародная аўтамабільная федэрацыя часам бярэцца за навядзенне парадку ў яе разуменні. Пару гадоў таму аўтагоначныя чыноўнікі аб’явілі вайну ўпрыгожанням, якія носяць пілоты Формулы 1 (больш за ўсё імі выдзяляецца сяміразовы чэмпіён свету Льюіс Хэмілтан), а цяпер вось узяліся выпраўляць маральнае аблічча гоншчыкаў.

Мы ўжо прывыклі да таго, што падчас гонак Формулы 1 іх удзельнікі не хаваюць эмоцый і выражаюць іх экспрэсіўна. Часам да такой ступені, што некаторыя іх выразы рэжысёрам трансляцый прыходзіцца «запікваць». Што, на думку прадстаўнікоў FIA, недапушчальна, бо пілоты мусяць быць прыкладам для моладзі, дый наогул яны не рэперы, каб з такой частасцю ўжываць слова на літару «F».

А Макс Ферстапен ужыў яго проста на прэс-канферэнцыі ў Сінгапуры ў чацвер, калі каментаваў паводзіны свайго баліда некалькімі днямі раней у Баку. І атрымаў за гэта ад сцюардаў наганяй у выглядзе грамадскіх прац, чым потым увесь уік-энд быў моцна незадаволены і праз што, кантактуючы з прадстаўнікамі СМІ, адрабляўся кароткімі, ці не аднаскладовымі адказамі. І нарэшце намякнуў на тое, што такая сітуацыя можа схіліць яго да рашэння аб завяршэнні кар’еры.

Гэта, канечне, таксама эмоцыі, але ім ёсць ад чаго быць менавіта такімі. Беспераможная серыя Ферстапена зацягнулася, і што яна наўрад ці перарвецца менавіта на сінгапурскім этапе, было зразумела яшчэ да яго пачатку. Прычым наяўнасць праблем цяпер прызнае і вышэйшае кіраўніцтва Red Bull, якое нават папрасіла прабачэння ў Серхіа Перэса, які пра праблемы гэтыя крычаў крыкам яшчэ з сярэдзіны мінулага сезона.

Аднак тады яшчэ і канкурэнты былі далёка, і Макс, што называецца, вывозіў. Сёлета ж усё памянялася, і нават таленавітаму нідэрландцу стала цяжка, тады як канкурэнты, вось яны – на першай пазіцыі ў Кубку канструктараў. McLaren цяпер дакладна з’яўляецца першай сілай у чэмпіянаце свету, і на Гран Пры Сінгапура гэта даказалі абодва пілоты каманды.

З іх лепшым ізноў стаў Ланда Норыс, які ў суботу выйграў поўл. Мы ведаем, што не заўсёды ў брытанца атрымліваецца першую пазіцыю на старце гонкі канвертаваць у першую ж пазіцыю на фінішы, асабліва калі побач моцны супернік. А такім гэтым разам быў якраз Ферстапен, які ў кваліфікацыі, трэба прызнаць, выступіў выдатна, таксама прабіўшыся на першы шэраг.

Што, зрэшты, само па сабе таксама нічога не гарантавала. Мы ж памятаем, як на старце яго хатняга Гран Пры Нідэрландаў Макс абагнаў таго ж Норыса, але гонку выйграў усё роўна Ланда. Гэтым жа разам пілот McLaren наогул ужо на самым старце не пакінуў Ферстапену шанцаў, лідарам увайшоўшы ў першы паварот, а за пару першых кругоў выкінуўшы дзейнага чэмпіёна з зоны DRS. Пераробленае задняе антыкрыло баліда MCL38, павышаная гнуткасць якога ў Баку выклікала пытанні ва ўсіх (атрымлівалася штосьці падобнае на пасіўную DRS), відавочна працавала не меней эфектыўна.

Пра спаборніцтва Норыса і Ферстапена няма чаго распавесці, бо і спаборніцтва таго не было. Толькі на апошніх кругах дзесяці Ланда, крыху супакоіўшыся, дазволіў Максу адыграць дзесяць з амаль што трыццаці секунд адставання. Справа ішла да першага ў кар’еры брытанца Вялікага Шлему – ён стартаваў і фінішаваў першым, лідзіраваў усю дыстанцыю (яго піт-стоп на трыццатым кругу аказаўся «бясплатным»), але лепшы круг у гонцы ў яго перахапіў Даніэль Рыкарда.

Аўстраліец пры гэтым фінішаваў васямнаццатым і апошнім, таму проста адняў важны бал у Норыса. Што, на жаль, ужо наўрад ці паўплывае на яго будучыню, і, верагодна, ужо на наступным этапе ў ЗША яго ў складзе Racing Bulls заменіць Ліам Лоўсан. Таму гэты самы лепшы круг для Дані Рыка ёсць слабым суцяшэннем, як і званне Гоншчыка дня. Якое, дарэчы, на маю ўласную думку, у большай ступені заслужыў напарнік Норыса Оскар Піастры.

Суайчыннік Рыкарда ў кваліфікацыі Гран Пры Сінгапура выступіў не так удала, як першы нумар каманды, паказаўшы пяты вынік. Аднак гонку Оскар правёў вельмі баявітую – абагнаў абодвух канкурэнтаў з Mercedes непасрэдна на трасе і фінішаваў трэцім. Стартаваў бы вышэй або меў бы больш часу, напэўна і з Ферстапенам за другое месца паспрачаўся б. Хаця і так выступіў выдатна і прынёс камандзе дастаткова ачкоў, асабліва з улікам толькі дзясятага месца Перэса, які стартаваў трынаццатым.

Трэцяя перамога Норыса ў яго кар’еры, канечне, дазволіла яму наблізіцца да Ферстапена ў чэмпіянаце, але такім тэмпам брытанец, які мае 279 ачкоў, наўрад ці за этапы, што засталіся, дагоніць нідэрландца, у якога 331 бал. Пілот Ferrari Шарль Леклер, які ў Сінгапуры фінішаваў пятым, займаючы з 245-цю пунктамі трэцюю пазіцыю пакрысе перастае ўяўляць сабой пагрозу Норысу.

Дый наогул у Скудэрыі справы ідуць не туды. У мінулы ўік-энд калектыў з Маранэла сутыкнуўся яшчэ і з праблемамі з грэлкамі для шын, што ўскосна стала прычынай аварыі Карласа Сайнса ў трэцім сегменце кваліфікацыі, якая прывяла да чырвоных сцягоў. Таму са сваім 441-м ачком у Кубку канструктараў Ferrari, якая замыкае першую тройку, дакладна не канкурэнт McLaren, які лідзіруе, маючы 516 балаў. Хаця Red Bull ужо ў зоне дасягальнасці – у аўстрыйскага калектыву 475 пунктаў.

Адносна нядаўна Формула 1 вярнулася з летняй паўзы, а цяпер сышла на восеньскую. Наступны этап – Гран Пры ЗША – пройдзе на Трасе Амерык у тэхаскім Осціне толькі 18-20 кастрычніка, затое пройдзе ў фармаце з суботнім спрынтам, як і бразільскі і катарскі Вялікія Прызы. Таму ачкоў у розыгрышы яшчэ багата, і любы заезд можа моцна памяняць становішча ў чэмпіянаце. Пакуль жа мы разам з нашымі сябрамі і партнёрамі з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1 будзем сачыць за навінамі каралеўскіх аўтагонак, а нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja – і за многімі іншымі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!