Небездакорна, але пераможна. Хорхе Прада і Кай дэ Вольф у іспанскім Косары сталі чэмпіёнамі свету па мотакросе
Фота: mxgp.com
Сёлета фінальны Гран Пры Касціліі-ла-Манчы вызначаў імёны ўладальнікаў тытулаў у абедзвюх катэгорыях сусветнага мотакроса. У выніку Прада парадаваў родныя трыбуны, а дэ Вольф зрабіў сабе падарунак на 20-гадовы юбілей.
Пры гэтым аніводны з двух чэмпіёнаў не правёў фінал сезону бездакорна. У MX2 перамогу на этапе дык нават не дэ Вольф атрымаў, а ізноў яго напарнік па Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн. Бельгіец выйграў кваліфікацыйны заезд у суботу, і ў нядзелю яшчэ заставаўся прэтэндэнтам на чэмпіёнства разам з Каем.
Гоншчык Monster Energy Yamaha MX2 Цібольт Беністан прапусціў шмат гонак, і ў чэмпіёнскай гонцы не ўдзельнічаў, аднак першы з нядзельных заездаў пачаў хол-шотам. На першай пазіцыі француз заставаўся да трэцяга круга, калі саступіў яе Коэнэну, патрапіўшы пад прэсінг з боку канкурэнта з Red Bull GASGAS Factory Racing Сімона Лангенфельдэра, на якога ў сваю чаргу пачаў ціснуць цяпер ужо былы чэмпіён з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама.
Італьянцу, праўда, спатрэбілася спачатку праціснуць абарону партнёра Беністана па камандзе Карліса Рэйсуліса, і толькі потым, на дзявятым кругу, Адама пакінуў ззаду Лангенфельдэра. Праз два кругі Андрэа паспяхова атакаваў і Беністана, якога на чатырнаццатым кругу таксама абагнаў Лангенфельдэр, замкнуўшы ў выніку першую тройку.
Што ж да дэ Вольфа, то ён пасля не лепшага старту фінішаваў толькі сёмым, усё роўна, зрэшты, застаўшыся пры гэтым лідарам турнірнай табліцы. Аднак вырашальнай усё роўна стала другая гонка, якую нідэрландзец пачаў хол-шотам. На заднім коле ў яго адразу павіслі Коэнэн з Беністанам, але прапусціў Кай толькі напарніка, фінішаваўшы другім. І хоць ён нават не патрапіў на подыум этапу, задаволіўшыся чацвёртым месцам, выніковых 959-ці ачкоў яму хапіла для таго, каб у дваццаты дзень свайго нараджэння стаць чэмпіёнам свету ў MX2.
Гран Пры ж Касціліі-ла-Манчы выйграў Лукас Коэнэн, які з 939-цю баламі стаў віцэ-чэмпіёнам. Адама, які другую гонку скончыў чацвёртым, заняў другое месца, Беністан замкнуў першую тройку і ў другім заездзе, і на этапе. У чэмпіянаце італьянец і француз размясціліся на шостай і адзінаццатай пазіцыях адпаведна. Трэцім, набраўшы за сезон 852 ачкі, стаў Лангенфельдэр, які ў другой гонцы фінішаваў дзявятым. Сярод вытворцаў лепшай у MX2 стала Husqvarna, гоншчыкі якой разам зарабілі 1 105 пунктаў. KTM з 942-ма ачкамі заняў другое месца, на трэцім радку размясціўся GASGAS, у якога 864 балы.
Затое іспанска-аўстрыйскі брэнд адсвяткаваў трыумф (праўда, толькі ў асабістым заліку) у старэйшай катэгорыі MXGP. Яго гоншчык Хорхе Прада, які з’яўляўся на той момант дзейным чэмпіёнам, прыехаў на фінальны хатні этап і лідарам чэмпіянату, таму справам гонару для яго было абараніць тытул. Іспанец пачаў свой шлях да поспеху, выйграўшы ў суботу кваліфікацыйную гонку, а ў нядзелю ён развіў поспех, хоць і ў яго атрымалася не ўсё.
Хаця першы з галоўных заездаў Прада пачаў хол-шотам, хаця яго на той момант ужо адзіны пераследнік у турнірнай табліцы з заводскай Хонды Цім Гайсэр амаль адразу прыладзіўся ззаду. Але супрацьстаянне са славенцам атрымалася ў асноўным псіхалагічным, і Хорхе выйшаў у ім і ў першай гонцы пераможцам.
Гайсэр фінішаваў другім, трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў завадчанін KTM Джэфры Херлінгс, але нідэрландзец затым быў пакараны стратай трох пазіцый за абгон за межамі трасы. Таму замкнуў першую тройку ў выніку швейцарац Джэрэмі Сівер, які развітваўся з Kawasaki Racing Team.
Хол-шотам Прада адзначыўся і ў апошняй гонцы сезону, тады як Гайсэру на старце крыху не пашанцавала – ён таксама зрабіў візіт за межы трасы. Але шмат пазіцый не страціў, замацаваўшыся на чацвёртай, і патэнцыйныя непрыемнасці ў Прада яшчэ маглі прынесці яму пяты тытул у прэм’ер-катэгорыі. І з Прада непрыемнасць такі здарылася!
На сёмым кругу Хорхе дапусціў на адным з трамплінаў невялікую памылку, праз якую таксама выехаў за межы трасы. Упасці не ўпаў, але на чацвёртую пазіцыю адкаціўся, апынуўшыся за спінай у Гайсэра. Зрэшты, і такое становішча яго цалкам задавальняла, таму яму заставалася толькі не нарабіць новых памылак. Без іх абыйшлося, і чацвёртым Прада і фінішаваў.
Выйграў жа заезд Херлінгс, які амаль ад самага старту апанаваў другую пазіцыю, абагнаўшы яшчэ аднаго прадстаўніка Kawasaki Рамэна Фэвра. Француз быў не ў стане ўгнацца за Куляй, а пазней яшчэ і памыліўся, упаўшы ў адной са шілек. Другую пазіцыю, зрэшты, Рамэн захаваў, на ёй жа і фінішаваўшы, трэцім гонку скончыў Гайсэр.
Прада ж чацвёртай пазіцыі хапіла і для заваявання другога тытулу, і для перамогі на хатнім Гран Пры. Яго першая тройка ў выніку супала з першай тройкай чэмпіянату – Гайсэр і Херлінгс занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Джэфры скончыў сезон з 944-ма баламі, Цім – з 986-цю, а Хорхе зарабіў роўна на дзесяць болей. Затое Honda перамагла ў заліку вытворцаў, набраўшы там 1 017 ачкоў. GASGAS з 996-цю пунктамі заняў другое месца, трэцяе дасталася KTM, у якога 956 ачкоў.
Канчатковая версія календара чэмпіянату свету па мотакросе на 2025 год пакуль што не апублікаваная, меркавана, ён пачнецца ў сакавіку. Але і ў гэтым годзе мы пакуль што не канчаткова развітваемся з MXGP, таму што ў бліжэйшы ўік-энд у брытанскім Матэрлі-Бэйсіне пройдзе Мотакрос Нацый, за якім нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja таксама будуць сачыць. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!