Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/…але тут вярнуўся Разгатліоглу. Пасля этапу сусветнага Супербайка ў Альканісе турак стаў яшчэ бліжэй да другога тытулу

…але тут вярнуўся Разгатліоглу. Пасля этапу сусветнага Супербайка ў Альканісе турак стаў яшчэ бліжэй да другога тытулу

4 кастрычніка 2024, 20:00
…але тут вярнуўся Разгатліоглу. Пасля этапу сусветнага Супербайка ў Альканісе турак стаў яшчэ бліжэй да другога тытулу

Фота: worldsbk.com

У мінулыя выхадныя чэмпіён свету па Супербайку 2021 года з каманды ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team не выйграў аніводнага заезду, што не перашкодзіла яму адыграцца пасля вяртання ў лад. Ці можа баварская каманда астуджваць шампанскае, нарыхтаванае да фіналу сезону?

Траўма Разгатліоглу на трэніроўках у Маньі-Куры не дазволіла яму стартаваць ні там, ні на наступным этапе ў італьянскай Крэмоне. Канкурэнты з Aruba.it Racing – Ducati Нікола Булега і Альвара Баўціста за гэты час паспелі адыграцца і ў іспанскім Альканісе збіраліся перайграць Топрака ўжо і ў вочнай барацьбе, але атрымалася гэта ў выніку толькі ў двухразовага і дзейнага чэмпіёна. Дэбютанту ж сусветнага Супербайка на трасе Мотарлэнд Арагон крыху не хапіла і хуткасці, і шанцавання.

Кваліфікацыю, аднак, Булега выйграў, але першая гонка ў суботу скончылася для яго, толкам і не пачаўшыся. Ён выйграў яе старт, але на першым жа кругу разам з усімі астатнімі вымушаны быў запаволіцца, пабачыўшы чырвоныя сцягі. Гонка была спыненая праз аліву, што вылілася з рухавіка Ducati Panigale V4R гоншчыка ELF Marc VDS Racing Team Сэма Лоўса, які сам у выніку ўпаў, на шчасце, без наступстваў для сябе.

Ну а рухавік такога ж матацыкла Булегі загадаў доўга жыць ужо на прагрэўным кругу перад паўторным стартам. Але перамог у скарочаным на адзін круг заездзе ўсё роўна гоншчык на Panigale V4R – прадстаўнік Team GoEleven Андрэа Іанонэ. Ён лідзіраваў з рэстарту, але барацьбу яму ўвесь час спрабаваў навязаць герой Крэмоны з каманды Barni Spark Racing Team Даніла Петручы, які таксама выступае на Ducati. І за дзевяць кругоў да фінішу Петрукс такі выйшаў на перад, прычым Разгатліоглу таксама абагнаў Іанонэ.

Аднак утрымацца на першай пазіцыі да фінішу ў Даніла не атрымалася – ён страціў некалькі пазіцый і фінішаваў на пятай. А Іанонэ за паўтары кругі да канца гонкі здолеў сабрацца і абагнаць Разгатліоглу, які задаволіўся другім месцам. Трэцяе ж пасля працяглай барацьбы з Баўцістай заняў прадстаўнік Bonovo Action BMW Гарэт Герлаф.

У нядзелю заводскі Panigale V4R пад Булегай ужо не ламаўся, аднак італьянец, які не па джэнтльмэнскай дамоўленасці, а па факце з’яўляецца першым нумарам каманды, бо ў чэмпіянаце ён да Разгатліоглу бліжэй за ўсіх, усё роўна не навязаў Топраку барацьбу.

Нікола, у адрозненні ад Эль Турка, за здароўе пачаў ранішні Суперпоўл-спрынт. Але, раскаціўшыся, лідар чэмпіянату абагнаў некалькіх канкурэнтаў, у тым ліку Баўцісту, а прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі – і італьянца. Які неўзабаве саступіў пазіцыю напарніку, якому і прыйшлося ізноў абараняць гонар каманды. І на апошнім кругу ў пятнаццатым павароце Баўціста вырваў перамогу ў Разгатліоглу, які задаволіўся другім месцам. Булега ж замкнуў першую тройку.

Другая ж гонка для дэбютанта чэмпіянату свету пачалася наогул ці не з катастрофы. На старце Булега адкаціўся на дзявятую пазіцыю, і затым мусіў быў прарывацца наверх, ну але хаця б з гэтай задачай Нікола справіўся, фінішаваўшы зноў трэцім. Наперадзе Разгатліоглу спрабаваў на першых кругах навязаць барацьбу Баўцісце, аднак за Альвара гэтым разам было не ўгнацца – ён атрымаў сотую перамогу ў сваёй кар’еры ў сусветным Супербайке, а Топрак ізноў заняў другое месца.

І хіба што толькі іспанец і адыграўся ў чэмпіянаце адносна Разгатліоглу, але, ідучы з 333-цю ачкамі трэцім, ён не ўяўляе асаблівай пагрозы турку, які лідзіруе, маючы 414 балаў. Булега ж, які займае другую пазіцыю, крыху адстаў – у яго цяпер 375 пунктаў. Толькі Ducati лідзіруе і пакрысе адрываецца ў заліку вытворцаў, маючы 535 ачкоў супраць 493-х у BMW, якая знаходзіцца на другім радку. Kawasaki, у якой 285 балаў, замыкае першую тройку.

Фініш сезону WorldSBK ужо блізка, засталося толькі два этапы. Наступны пройдзе 11-13 кастрычніка ў партугальскім Эштарыле. За яго падзеямі абавязкова будуць сачыць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!