Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не чэмпіёны свету, але ўсё роўна найлепшыя. Зборная Аўстраліі выйграла Мотакрос Нацый 2024 года

Не чэмпіёны свету, але ўсё роўна найлепшыя. Зборная Аўстраліі выйграла Мотакрос Нацый 2024 года

Не чэмпіёны свету, але ўсё роўна найлепшыя. Зборная Аўстраліі выйграла Мотакрос Нацый 2024 года

Фота: mxgp.com

Сёлета ў чэмпіянаце свету па мотакросе не было Гран Пры Вялікабрытаніі, аднак гэтая краіна без свята не засталася. У мінулыя выхадныя траса Матэрлі-Бэйсін прыняла Мотакрос Нацый, на якім перамогу атрымала аўстралійская каманда.

Даўнія чытачы «Гоначнай псіхапатыі» ведаюць, што такое Мотакрос Нацый, аднак тыя, хто да нас далучыўся нядаўна, могуць пра гэта не ведаць. Гэтыя спаборніцтвы можна назваць такой мотакросавымі Алімпійскімі гульнямі, хіба што праводзяцца яны кожны год, а не раз на чатыры, дый праходзяць цягам аднаго ўік-энду.

Гоншчыкі тут прадстаўляюць не тыя каманды, за якія яны выступаюць у MXGP або ў той жа аўстралійскай або амерыканскіх першасцях, а свае нацыянальныя. Суайчыннікі, якія могуць быць канкурэнтамі ў рэгулярных спаборніцтвах, тут робяцца партнёрамі і працуюць на агульны вынік, таму важная не перамога кагосьці з іх, а іх стабільнасць і фініш на як мага вышэйшых пазіцыях кожнага з іх.

Фармат гонак Мотакросу Нацый год ад году застаецца адным і тым жа: у суботу праходзяць кваліфікацыйныя адборачныя заезды, а ў нядзелю – тры галоўных са змяшанымі катэгорыямі: MXGP з MX2, MX2 з Open і MXGP з Open. Ачкі налічваюцца ў адпаведнасці з пазіцыяй на фінішы, але, у адрозненні ад звычайных чэмпіянатаў, першая прыносіць адзін бал.

Адпаведна, перамагае тая каманда, у якой гэтых балаў набіраецца найменей, пры гэтым найгоршы вынік кожнай зборнай не ўлічваецца. Выгляд галоўных гонак прывычны – трыццаць хвілін плюс два поўныя кругі без уліку таго, на якім канчаецца час. У кожнай камандзе па тры гоншчыка, па аднаму ў кожнай катэгорыі, усе яны выступаюць на тых жа матацыклах, што і ў сваіх асноўных чэмпіянатах.

Зразумела, што наяўнасць адзінкавых зорак у каманд значнай ролі тут не адыгрывае – патрабуецца моцны склад наогул. І новы віцэ-чэмпіён свету Цім Гайсэр на Хондзе сваю каманду Славеніі адзін быў не ў стане выцягнуць, хоць і выйграў абедзве гонкі, у якіх браў удзел (з прадстаўнікамі катэгорыі MXGP, зразумела). Лідарства на старце першага заезду пры гэтым захапіў цяпер ужо двухразовы чэмпіён свету Хорхе Прада на GASGAS, з якім Цім неаднаразова скрыжоўваў шпагі цягам мінулага сезону сусветнай першасці, аднак гэтым разам ён ужо на першым кругу дагнаў іспанца і пакінуў яго ззаду.

Надворныя ўмовы ў Матэрлі-Байсіне, дарэчы, былі даволі складанымі, накрапваў дождж, што Прада звычайна не падабаецца. Таму затым ён пакрысе адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, прапусціўшы таксама амерыканца Ілая Тамака на Ямахе і француза Рамэна Фэвра на Kawasaki, які прадстаўляе каманду мінулагодніх пераможцаў Мотакросу Нацый. Апошняму мімаволі перашкодзіў нідэрландзец на KTM Джэфры Херлінгс, які ўпаў акурат перад ім. Джэфры, аднак, фінішаваў пятым, акурат перад сваім суайчыннікам і новым чэмпіёнам свету ў катэгорыі MX2 Каем дэ Вольфам на Хускварне, і яны разам вывелі сваю зборную на прамежкавую першую пазіцыю.

Аўстралійцам у першым заездзе пры гэтым адносна не пашанцавала. Хантэр Лоўрэнс на Хондзе стартаваў не лепшым чынам і да фінішу дабраўся толькі восьмым, а яго суайчыннік Кайл Уэбстэр адмашку клецістым сцягам атрымаў адзінаццатым. Хаця становішча ў генеральнай класіфікацыі ў прадстаўнікоў краіны-кантыненту пры гэтым было нядрэнным – яны зарабілі роўную з амерыканцамі колькасць балаў (дзевятнаццаць) і размясціліся на трэцяй пазіцыі.

Другая гонка для іх каманды прайшла намнога лепей – яе выйграў брат Хантэра Джэт, які выступаў у класе Open. Хол-шот на старце забраў суайчыннік Прада на Хондзе Рубэн Фернандэс, якому на хвост адразу сеў немец Сімон Лангенфельдэр на ГасГас. Аднак спачатку латвійца Карліса Рэйсуліса на Ямахе, а потым і яго на першым жа кругу абагнаў Лоўрэнс, а на другім аўстраліец абышоў і Фернандэса, які фінішаваў другім.

Рубэн і Сімон фінішавалі другім і трэцім адпаведна, а вось Кайл Уэбстэр, які таксама ўдзельнічаў у заездзе, атрымаў адмашку клецістым сцягам толькі дзевятнаццатым. Хаця і тыя ж нідэрландцы выступілі не выбітна, і калі дэ Вольф скончыў гонку пятым, то Глэн Колдэнхоф на Фанціке праз падзенне – толькі васямнаццатым. Зборная Нідэрландаў з 34-ма баламі ўсё роўна засталася лідарам агульнага заліку, але і амерыканцы, і аўстралійцы наблізіліся да яе і мелі 35 і 39 ачкоў адпаведна.

Таму вырашальнай стала апошняя гонка, якая запомнілася барацьбой Гайсэра і Джэта Лоўрэнса. Хол-шот, аднак, узяў Тамак, чый фініш на першай пазіцыі прынёс бы зборнай ЗША перамогу. Але набор пераследнікаў Элая атрымаўся занадта высокаканкурэнтным, і трэці круг лідарам пачаў быў ужо Прада. Праўда, амерыканец аператыўна контратакаваў і вярнуў сабе першую пазіцыю, а іспанца неўзабаве абагнаў Гайсэр, які перад гэтым справіўся з Хантэрам Лоўрэнсам, які ў сваю чаргу пазней на пару з братам таксама апярэдзіў Хорхе.

Гайсэр даволі доўга насядаў на Тамака і абагнаў яго толькі на дзявятым кругу, а ўжо яму спакою не даў не амерыканец, а Джэт Лоўрэнс, які неўзабаве таксама прайшоў Элая. У пэўны момант аўстраліец амаль апярэдзіў і Ціма, але той таксама здолеў контратакаваць і ўтрымаць першую пазіцыю да фінішу. Джэт фінішаваў другім у палове секунды за славенцам, аднак чацвёртая пазіцыя яго брата Лоўрэнса забяспечыла выніковую перамогу іх камандзе, якая набрала 26 ачкоў. Гэты поспех Аўстраліі на Мотакросе Нацый стаў першым для яе.

Яшчэ адзін амерыканец Аарон Плэсінджэр, які фінішаваў сёмым у другой гонцы, фінальную скончыў на восьмай пазіцыі, таму зборная ЗША з трэцяй пазіцыяй Тамака ў апошнім заездзе і з 29-цю баламі заняла другое месца. На ніжнюю ж ступень подыуму ўзышлі прадстаўнікі зборнай Нідэрландаў, якія зарабілі 36 пунктаў. Фінальную гонку з іх добра правёў толькі Херлінгс, які фінішаваў пятым, а вось Колдэнхоф у ёй стаў толькі пятнаццатым.

Мотакрос Нацый завяршыў і сусветны мотакросавы сезон 2024 года наогул. У 2025 годзе ён пройдзе ўжо ў ЗША, у Кроўфардсвілі, штат Індыяна. Учора, дарэчы, была апублікаваная і папярэдняя версія календара чэмпіянату свету на 2025 год. Пачнецца ён, як і сёлета, у Аргенціне, у першыя вясеннія выхадныя, а скончыцца ў Аўстраіі ў канцы верасня. Як і цягам гэтага года, нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja будуць сачыць за MXGP і цягам 2025-га. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!