Булега не дазволіў. Разгатліоглу не стаў двухразовым чэмпіёнам свету па Супербайку ўжо ў Эштарыле
Фота: worldsbk.com
Турэцкі гоншчык ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team і чэмпіён сусветнага Супербайка 2021 года Топрак Разгатліоглу меў магчымасць выйграць другі тытул на перадапошнім этапе бягучага сезону ў партугальскім Эштарыле ў мінулы ўік-энд. Аднак яго галоўны канкурэнт з Aruba.it Racing - Ducati Нікола Булега скарэктаваў гэтыя планы.
Гэты сезон WorldSBK запомніцца многа чым, і найперш формай, якую дэманструюць якраз Разгатліоглу і Булега. Абодва ўражваюць усіх сваёй хуткасцю, асабліва з улікам таго, што першы выступае ў новай камандзе, а другі – наогул дэбютант. І менавіта малады італьянец, а не яго напарнік, двойчы тытулаваны Альвара Баўціста, на фінішы сезону з’яўляецца адным з двух прэтэндэнтаў на перамогу ў чэмпіянаце.
І ў Эштарыле сваю хуткасць дэманстравалі абодва, але ў Эль Турка гэта атрымалася ўсё ж такі лепей. Ён спачатку выйграў поўл, а затым і суботнюю гонку, прычым даволі лёгка. Стартаваў лепей за ўсіх гоншчык Barni Spark Racing Team Даніла Петручы, які на рашотцы быў другім, а на другім кругу яго апярэдзіў прадстаўнік Pata Prometeon Yamaha Андрэа Лакатэлі, які прарваўся з чацвёртай пазіцыі. Аднак Разгатліоглу за пару наступных кругоў абагнаў іх абодвух, вярнуў сабе лідарства і пачаў адрывацца.
Булега пры гэтым у пачатку заезду дапусціў памылку ў адным з паваротаў і адкаціўся на восьмую пазіцыю. Таму спачатку выглядала, што на подыуме заводскую Ducati будзе прадстаўляць Баўціста, які стартаваў адзінаццатым, але хутка ўварваўся ў групу лідараў, а затым падняўся наогул на другую пазіцыю. Але дуэлі з Разгатліоглу не атрымалася, бо Топрак паскорыўся, а Бау ўпаў прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі ў дзявятым павароце. Іспанец вярнуўся быў у барацьбу, але пазней усё ж такі сышоў з дыстанцыі.
Таму адыгрывацца за каманду прыйшлося Булеге, што, варта адзначыць, у яго атрымлівалася добра – ён адыгрываў адну пазіцыю за адной. Часткова яму падыгрывалі і супернікі сваімі падзеннямі, як у выпадку з Петручы, напрыклад. А вось Лакатэлі скончыў заезд у гравіі за сем кругоў да фінішу ўжо пасля таго, як Булегас абагнаў яго ў спрэчцы за другую пазіцыю. На ёй іспанец і фінішаваў, а замкнуў першую тройку даволі сенсацыйна гоншчык заводскай каманды Honda Ікер Лекуона, які стартаваў чатырнаццатым.
Сапраўдным жа дыяментам этапу ў Эштарыле стаў нядзельны Суперпоўл-спрынт, фініш якога паказаны на загалоўным фота. Разгатліоглу ўтрымаў лідарства на старце, а яго галоўным пераследнікам на першым кругу стаў Лакатэлі. Але Булега праз пару кругоў адцясніў яго на трэцюю пазіцыю і пачаў набліжацца да лідара чэмпіянату і заезду. Напружанне расло цягам усіх наступных кругоў, а развязка наступіла не тое што на апошнім, а наогул на галоўнай прамой, на якой Нікола атакаваў Топрака і здолеў абагнаць, апярэдзіўшы яго на 0,003 секунды – самы шчыльны фініш у гісторыі сусветнага Супербайка!
Трэцім у Суперпоўл-спрынце фінішаваў Баўціста, які затым паўтарыў гэты вынік у другой гонцы. Стартаваў у ёй іспанец наогул лепей за ўсіх, захапіўшы лідарства, тады як Разгатліоглу адкаціўся быў на пятую пазіцыю. Аднак яму хапіла сямі кругоў, каб вярнуцца на першую і ад’ехаць на бяспечную адлегласць ад Баўцісты, які пасля двух трацін дыстанцыі прапусціў наперад і Булегу. Напарнікі па Aruba.it Racing - Ducati крыху павысвятлялі адносіны адзін з адным, але Нікола застаўся наперадзе і заняў другое месца.
Ну а Разгатліоглу атрымаў перамогу, і па выніках этапу ў Эштарыле замацаваў сваё лідарства перад фінальным этапам у іспанскім Херэсе. Зараз у турка 473 ачкі супраць 427-мі ў Булегі, які застаецца другім і пакуль што захоўвае шанцы стаць чэмпіёнам, хаця ўжо невысокія. Баўціста, які ў сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю, мае 356 балаў і ўжо не прэтэндуе на абарону тытулу. Сярод вытворцаў, аднак, з 587-мю ачкамі лідзіруе Ducati, BMW займае другую пазіцыю, маючы 552 пункты, замыкае першую тройку Kawasaki, у якой 308 балаў.
Напярэдадні этапу ў Эштарыле быў апублікаваны каляндар WorldSBK на 2025 год. На жаль, яго ізноў можна называць хутчэй чэмпіянатам Еўропы, бо этап за межамі Старога Свету толькі адзін – першы ў Аўстраліі ў лютым, як было і сёлета. Фінальныя ж гонкі сезону бягучага на трасе імя Анхеля Ніета пройдуць 18-20 кастрычніка, і нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова за імі прасочаць. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!