Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Межы для таго, каб іх парушаць. На Гран Пры ЗША Ферстапен і Норыс ізноў не падзялілі трасу, а перамог Леклер

Межы для таго, каб іх парушаць. На Гран Пры ЗША Ферстапен і Норыс ізноў не падзялілі трасу, а перамог Леклер

Межы для таго, каб іх парушаць. На Гран Пры ЗША Ферстапен і Норыс ізноў не падзялілі трасу, а перамог Леклер

Фота: formula1.com

Рукі цягнуцца напісаць, што гэты этап Формулы 1 павінен быў скончыцца іншым чынам. Але ён нікому нічога вінен не быў, а скончыўся так, як скончыўся. Многім, дарэчы, спадабалася, апроч хіба Ланда Норыса.

Месяц мы жылі без каралеўскіх аўтагонак. Сачылі за іншымі, якіх было багата і якія былі цікавымі, але па Вялікіх Прызах усё адно сумавалі. Шмат навін за гэты час тычыўся і іх, і галоўнай, бадай, стала датэрміновая адстаўка з Racing Bulls Даніэля Рыкарда, якога замяніў Ліам Лоўсан. Што таксама выклікала ў многіх супярэчлівыя пачуцці, хаця выступ маладога новазеландца ў Осціне гэтых самых многіх задаволіў.

Хаця, канечне, галоўная ўвага была прыцягнутая да дзейнага чэмпіёна з Red Bull Макса Ферстапена і яго галоўнага канкурэнта сёлета, пілота McLaren Ланда Норыса. Этап у Штаце Адзінокай Зоркі праходзіў з суботнім спрынтам, што патэнцыйна дазваляла брытанцу адыграць больш ачкоў у нідэрландца. Або не. На самай справе, а чаму б і Максу нарэшце перамогу не атрымаць? Мы ж не думаем, што ён раптоўна развучыўся гэта рабіць.

Пра тое, што не развучыўся, ён сам заявіў у кваліфікацыі да спрынту, якую выйграў. Норыс пры гэтым паказаў толькі чацвёрты вынік, саступіўшы яшчэ і канкурэнтам з Mercedes і Ferrari – адпаведна, Джорджу Расэлу і Шарлю Леклеру, якія сталі другім і трэцім. Якіх, праўда, абагнаў на старце спрынту, хаця барацьбу Ферстапену так і не навязаў, а сам некалькі кругоў адбіваўся ад Расэла. Які, зрэшты, даволі хутка «забіў» свае шыны і на дзявятым кругу сам прапусціў наперад…

Не, не Леклера! Яму Джордж саступіў двума кругамі пазней, а спачатку яго абагнаў напарнік Шарля Карлас Сайнс, і дуэль манэгаска і іспанца па-сапраўднаму ўпрыгожыла спрынт. Будучы пілот Williams і замкнуў у ім першую тройку, Норыс фінішаваў другім, ну а Ферстапен перамог, намякнуўшы на свае планы на нядзельную гонку.

Аднак спачатку трэба было пераадолець кваліфікацыю да яе, і тут Фартуна ад Макса не тое, каб адвярнулася, але скасавурылася і на Норыса. Менавіта Ланда і выйграў поўл, хаця яго канкурэнт з Red Bull на рашотцы апынуўся па суседству з ім – на другой пазіцыі. Напэўна, многія пасля суботняй кваліфікацыі ўзяліся рыхтаваць новую порцыю мемаў пра стартавыя здольнасці брытанца, і збольшага недарэмна, хаця бліснуў на старце галоўнай нядзельнай гонкі не Норыс. І не Ферстапен.

З месца абодва крануліся, дарэчы, нядрэнна, толькі Макс у першы паварот уваходзіў па болей выгадным вонкавым радыусе, ды яшчэ і выпіхнуў Ланда за межы трасы, у выніку чаго той адкаціўся на чацвёртую пазіцыю. Толькі і сам Ферстапен не тое, каб выйграў, бо іх з Норысам барацьбой удала скарыстаўся Леклер, які кваліфікаваўся напярэдадні трэцім. Ён у тым першым павароце і захапіў лідарства ў гонцы.

Хутка адарвацца яму не даў сяміразовы чэмпіён з Mercedes Льюіс Хэмілтан. Каманда з Браклі, як і амаль усе астатнія, прывезла ў Осцін абнаўленні, але канкрэтна Льюіс пакутаваў ад праблем з балансам. Калі перад спрынтам ён яшчэ кваліфікаваўся сёмым, а фінішаваў у кароткім заездзе шостым, то ў галоўнай кваліфікацыі не прайшоў нават у другі сегмент, паказаўшы толькі дзевятнаццаты вынік. Стартаваў Хэмілтан дзякуючы штрафам супернікаў (у тым ліку Лоўсана) сямнаццатым, але на трэцім кругу гонка для яго скончылася ў гравіі.

Праз гэта на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, што патэнцыйна давала шанцы таму ж Норысу. Але Ланда на рэстарце на шостым кругу не бліснуў, аказаўшыся не ў стане нават Сайнса атакаваць, у якога пры гэтым пачаліся праблемы – рухавік на яго балідзе не выдаваў усю магутнасць на выхадах з паваротаў, а ў какпіце запахла бензінам. Але хутка праблема іспанца вырашылася сама сабой, і ён змог засяродзіцца калі не на атаках на пазіцыі Ферстапена, то хаця б на тое, каб не адпусціць яго далёка.

І гэтая тактыка спрацавала! Аптымальнай стратэгіяй на гонку ў Осціне перад стартам лічыліса два піт-стопу, але Сайнс, як і пераважная большасць астатніх пілотаў, абмежаваўся адным. Пры гэтым Карлас першым з групы лідараў – на дваццаць другім кругу – перайшоў з шын Medium на Hard, «падрэзаўшы» пры гэтым Ферстапена, які ўжо расстаўся з надзеяй падабрацца на адлегласць атакі да Леклера. А пасля ўласнага піт-стопу на дваццаць шостым кругу Макс апынуўся і за спінай Сайнса.

Леклер боксы наведаў на наступным кругу, часова прапусціўшы наперад Норыса і яго напарніка па камандзе Оскара Піастры. Тыя затрымаліся на трасе да трыццаць першага – трыццаць другога кругоў, але хуткасці, дастатковай для змагання за лідарства, у іх як не было на «медыуме», так і на цвёрдых шынах не з’явілася. Гаворка тут ідзе найперш пра Ланда, вядома, але вось яму пазней такі выпаў шанец хоць штосьці адыграць у Ферстапена і патрапіць на подыум.

Леклер з Сайнсам кругоў за адзінаццаць да фінішу былі для Норыса ўжо недасяжнымі і рыхтаваліся прынесці Скудэрыі першы за доўгі час дубль. А вось Ферстапен саступаў у тэмпе брытанцу, шыны якога былі свяжэйшыя, што і дазволіла яму даволі хутка ўвайсці ў зону DRS. Прайсці Макса, зрэшты, было не так проста – абараняўся ён пісьменна. Але на пяцьдзясят другім кругу і ён, і Ланда ўсё ж такі зайшлі за мяжу – у прамым сэнсе, выехаўшы за межы трасы. Там Норыс і завяршыў свой манеўр атакі, апынуўшыся перад Максам. Вяртаць яму пазіцыю брытанец не стаў, за што атрымаў штраф у пяць секунд, таму на ніжнюю ступень подыуму ўзышоў усё роўна дзейны чэмпіён.

Вялікае свята пасля фінішу было ўсё ж такі ў Ferrari – Леклер перамог, а Сайнс фінішаваў другім. Але было што адсвяткаваць і ў іншых калектывах, у тым жа Racing Bulls, напрыклад. Таму што Лоўсан, стартаваўшы дзевятнаццатым, фінішаваў дзявятым, здабыўшы першыя ачкі ў дэбютнай гонцы, прычым пад канец сезону. Нават Франка Калапінта з Williams, які замкнуў першую дзясятку, пераплюнуў. Доктар Хельмут Марка напэўна задаволены, таму што ў чарговы раз даказаў, што яго жорсткасць часта бывае эфектыўнай. Напарніку Ферстапена Серхіа Перэсу, які гэтым разам заняў сёмае месца, па-ранейшаму ёсць над чым паразважаць.

Самому ж Максу разважаць ні над чым не трэба, ён усё гэтак жа ўпэўнена лідзіруе ў асабістым заліку чэмпіянату, маючы 354 ачкі. У Норыса, які застаецца другім, 297 балаў, пры гэтым Леклер, які ў сваю чаргу захоўвае трэцюю пазіцыю, ад Ланда не так і далёка – у яго 275 пунктаў. У Кубку канструктараў McLaren не губляе ініцыятыву, лідзіруючы з 544-ма ачкамі. Red Bull, займаючы другую пазіцыю, адстае на сорак балаў і адначасова ўсяго на восем апярэджвае Ferrari, якая пакуль што замыкае першую тройку.

Пасля месячнай восеньскай паўзы Формула 1 выйшла на фінішную прамую ўзвінціла тэмп. Наступны этап – Гран Пры Мехіка – пройдзе на Аўтадроме імя братоў Радрыгес у сталіцы Мексікі ўжо ў бліжэйшыя выхадныя. Так што багата працы будзе і ў нашых з сяброў і партнёраў з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1, і ў нашых блога і Тэлеграм-канала Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!