Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І гэта ён таксама заслужыў. Ферстапен у Лас-Вэгасе стаў чатырохразовым чэмпіёнам Формулы 1, хаця гонку выйграў Расэл

І гэта ён таксама заслужыў. Ферстапен у Лас-Вэгасе стаў чатырохразовым чэмпіёнам Формулы 1, хаця гонку выйграў Расэл

І гэта ён таксама заслужыў. Ферстапен у Лас-Вэгасе стаў чатырохразовым чэмпіёнам Формулы 1, хаця гонку выйграў Расэл

Фота: formula1.com

Гэты сезон чэмпіянату свету стаў для Макса, напэўна, самым складаным пасля сезону-2021, калі ён выйграў свой першы тытул. Аднак гэтым разам ён выйграў ужо чацвёрты датэрмінова – за два этапы да канца. Праўда, на Гран Пры Лас-Вэгаса нідэрландзец быў крыху ў цені сваіх супернікаў.

Цяжкі гэты сезон і для Red Bull наогул, і справа не толькі ў тым, што канкурэнты падцягнуліся. Памыляецца і канструктарскі штаб калектыву з Мілтан-Кінса, што было заўважна і ў мінулы ўік-энд. Спачатку па падаку пачалі распаўзацца плёткі, нібы аўстрыйцы прывезлі ў Лас-Вэгас не тое задняе антыкрыло, праз што Макс Ферстапен і Серхіа Перэс мучыліся ад дэфіцыту хуткасці, але праўдзівымі тыя плёткі аказаліся толькі напалову.

Антыкрыло было менавіта тое, якое каманда прывезці і збіралася, проста яно не пасавала гарадской трасе з доўгімі прамымі. Праблему вырашалі ўжо на месцы – аэрадынамічны элемент падрэзалі ўручную, што, відаць, крыху дапамагло пілотам. Але менавіта што крыху, бо калі Ферстапен быў па выніках кваліфікацыі пятым, то Перэс ізноў не выйшаў з першага сегменту, даўшы скептыкам нагоду ізноў паразважаць пра яго будучыню ў Red Bull, дзе зараз уважліва сочаць за тым жа пілотам Williams Франка Калапінта. Якому, дзеля справядлівасці, у кваліфікацыі Гран Пры Лас-Вэгаса таксама не тое, каб пашанцавала – чатырнаццаты вынік, ды яшчэ і аварыя ў канцы другога сегменту, праз што стартаваў аргенцінец з піт-лэйну.

Хто ў мінулыя выхадныя здзівіў у добрым сэнсе, дык гэта каманда Mercedes. І сяміразовы чэмпіён свету Льюіс Хэмілтан, і Джордж Расэл былі хуткімі цягам усяго ўік-энду, хаця кваліфікацыя і для іх склалася па рознаму. Тытулаваны брытанец у фінале запароў вырашальную спробу і замкнуў першую дзясятку, тады як малады выйграў поўл. Ён не мае вырашальнага значэння ў Лас-Вэгасе – гэта ўсё ж такі не Манака, хоць казіно там, напэўна, і паболей. Аднак калі пілот, у якога ёсць перавага ў тэмпе, усё роўна будзе непераможным.

Калі, канечне, здолее знайсці падыход да шын, бо нават самыя мяккія кампаўнды, якія ў Pirelli абралі для Гран Пры Лас-Вэгаса, не забяспечвалі належнага счаплення з трасай падчас начных сесій, асабліва ў пачатку ўік-энду, калі на асфальце ляжаў яшчэ і слой пылу. Ну а ў гонцы яшчэ і за зносам трэба было сачыць, і тут атрымалася не ва ўсіх усё добра. Напрыклад, у таго ж пілота Ferrari Шарля Леклера, які на старце апярэдзіў пілота Alpine П’ера Гаслі, які пачынаў гонку трэцім (яшчэ адна сенсацыя са знакам плюс), а таксама свайго напарніка Карласа Сайнса. Пасля гэтага манэгаск насядаў на Расэла цягам некалькіх кругоў, але ў выніку адстаў ад яго, а на восьмым кругу прапусціў наперад спачатку Сайнса, а хутка пасля гэтага і Ферстапена.

Неўзабаве размен пазіцыямі адбыўся і паміж Карласам і Максам, акурат перад піт-стопам першага з іх, у выніку чаго без пяці хвілін чатырохразовы чэмпіён падняўся на другую пазіцыю. Хаця было зразумела, што за подыум ён наўрад ці пазмагаецца – нават гоначны тэмп Red Bull гэтага не дазваляў. А вось тэмп Mercedes дазваляў, што было бачна на прыкладзе не толькі Расэла, але і Хэмілтана. Льюіс толькі за першыя дзесяць кругоў адыграў чатыры пазіцыі, а яшчэ адну яму мімаволі падарыў Гаслі, на чыім балідзе хутка здрадніцкі выйшаў з ладу матор.

Як і пераважная большасць астатніх удзельнікаў гонкі, Хэмілтан быў на стратэгіі двух піт-стопаў са стартавым адрэзкам на Medium і двума на Hard. Хіба што ён з Норысам выкарыстаў ужываную цвёрдую гуму, тады як многім канкурэнтам брытанцаў ставілі свежыя шыны. Але гэта не перашкодзіла Льюісу пасля другога піт-стопу ўварвацца ў першую тройку – на трыццаць другім кругу ён апярэдзіў Ферстапена. А калі чарговая хваля піт-стопаў мінула, Хэмілтан апынуўся ўжо другім, і паступова набліжаўся да Расэла наперадзе.

Да барацьбы двух брытанцаў, праўда, не дайшло, Хэмілтан так і фінішаваў другім у 7,3 секунды ад Джорджа, што ўсё роўна стала выдатным вынікам, і ў Mercedes заслужана святкавалі дубль. За трэцюю пазіцыю спаборніцтва ішло больш напружанае і з большай колькасцю ўдзельнікаў. У другой палове гонкі на яе яшчэ прэтэндаваў Ферстапен, але за яго спінай былі абодва канкурэнты з Ferrari, якія і паміж сабой высвятлялі адносіны. Прычым высвятлялі ў жорсткай манеры, і Леклер зусім не быў задаволены абгонным манеўрам з боку Сайнса.

Хаця з Ферстапенам потым справіліся абодва, Карлас замкнуў першую тройку, Шарль фінішаваў чацвёртым. Макс заняў пятае месца, але і яго яму хапіла, каб стаць чатырохразовым чэмпіёнам Формулы 1. У Лас-Вэгасе нідэрландцу для гэтага было дастаткова не больш за два ачкі саступіць свайму галоўнаму канкурэнту з McLaren Ланда Норысу, а яго Макс наогул апярэдзіў – брытанец, чыя машына таксама ў мінулы ўік-энд хуткасцю не бліскала, стартаваў і фінішаваў шостым.

Цяпер у Ферстапена ў чэмпіянаце 403 ачкі, у Норыса – 340. Прычым Ланда ў зоне дасягальнасці для Леклера, які з 319-цю баламі займае трэцюю пазіцыю. А Ferrari яшчэ можа атрымаць перамогу ў Кубку канструктараў, дзе яна мае 584 ачкі супраць 608-мі ў McLaren, якая пакуль што лідзіруе. Red Bull з гэтай барацьбы выбыў, хаця са сваімі 555-цю баламі ён яшчэ можа адваяваць у Скудэрыі другое месца.

Зрабіць гэта магчыма, бо хоць да фінішу сезону і засталося два этапы, адзін з іх – наступны Гран Пры Катара – пройдзе ў фармаце з суботнім спрынтам. Пройдзе ўжо ў наступныя выхадныя, таму доўга сумаваць нам не прыйдзецца. Нашы сябры і партнёры з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1, за наступныя пяць дзён дакладна знойдуць цікавыя навіны, а нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja распавядуць яшчэ і пра Ралі Японія – фінальны этап чэмпіянату свету. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!