Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Суддзяў на мыла? Гран Пры Катара запомніўся не толькі перамогамі Норыса ў спрынце і Ферстапена ў галоўнай гонцы

Суддзяў на мыла? Гран Пры Катара запомніўся не толькі перамогамі Норыса ў спрынце і Ферстапена ў галоўнай гонцы

Суддзяў на мыла? Гран Пры Катара запомніўся не толькі перамогамі Норыса ў спрынце і Ферстапена ў галоўнай гонцы

Фота: formula1.com

Даўно мы не размаўлялі пра судзейства ў Формуле 1! Не тое, каб у нас даўно не было нагоды, але ў Катары мы іх атрымалі надзвычай шмат. Гоншчыкі, аднак, бліснулі таксама, асабліва цяпер ужо чатырохразовы чэмпіён Макс Ферстапен.

Гаворачы пра нідэрландца, нельга не адзначыць і працу ўсёй каманды Red Bull. Уік-энд на трасе Ласаіл пачынаўся для іх не надта натхняльна, і пасля адзінай пятнічнай свабоднай практыкі механікі не паспелі падабраць налады да пятнічнай жа кваліфікацыі да спрынта. У выніку Перэс нават не выйшаў з яе першага сегменту, а Ферстапен хоць і дайшоў да трэцяга, там быў толькі шостым, саступіўшы ўсім канкурэнтам з Ferrari і McLaren і аднаму з Mercedes (Джорджу Расэлу, непаразуменне з якім у Макса ўзнікла пазней).

Не бліскалі Чырвоныя Быкі і ў самім спрынце. Ферстапен на старце страціў тры пазіцыі, а Перэс, з якім каманда парушыла рэжым закрытага парку і які праз гэта пачынаў заезд з піт-лэйну, не адразу крануўся пасля таго, як на святлафоры на выездзе загарэўся зялёны сігнал. У выніку Чэка аб’ехаў Франка Калапінта з Williams, які таксама стартаваў у спрынце з боксаў. Аргенцінец пры гэтым фінішаваў васямнаццатым, а мексіканец – дваццатым.

У каго праблем не назіралася, дык гэта ў McLaren – Ланда Норыс захаваў на старце сваю першую пазіцыю, а Оскар Піастры падняўся на другую, абагнаўшы Расэла. Паміж аўстралійцам і брытанцам затым разгарнулася працяглая дуэль, але Оскар паспяхова адбіваў атакі Джорджа, у тым ліку з дапамогай напарніка, які некалькі разоў падпускаў яго ў зону DRS. І з дапамогай якога Піастры і выйграў спрынт – акурат перад фінішам Норыс прапусціў яго наперад, задаволіўшыся другой пазіцыяй. Трэцяе месца заняў Расэл.

Ферстапен скончыў спрынт толькі восьмым, і ад аптымізму, зразумела, не свяціўся. Макс быў незадаволены балансам свайго баліду і не чакаў, што каманда зможа выправіць сітуацыю. А яна ўзяла і выправіла, і ўжо з кваліфікацыі да галоўнай гонкі ў чатырохразовага чэмпіёна справы пайшлі так, як трэба. Верагодна, яму дапамагла і сама траса, стан якой за дзве папярэднія сесіі палепшыўся і счапленне з якой павысілася. Так ці інакш менавіта Ферстапен выйграў поўл у галоўнай гонцы, але…

Пазней Макс заявіць, што страціў усялякую павагу да Расэла, якому, па меркаванню суддзяў, перашкодзіў у фінале кваліфікацыі, за што быў пазбаўлены першай стартавай пазіцыі – яна дасталася якраз Джорджу. Многія назвалі гэтае судзейскае рашэнне спрэчным, але сам Ферстапен з камандай ніякіх апеляцый падаваць не сталі. Гонка доўгая, здарыцца там можа ўсялякае. І яно здарылася.

Найперш здарыўся стартавы абгон Ферстапенам Расэла – Макс сам адмяніў выпісанае яму пакаранне. Ну а следам на першым жа кругу ў першым павароце адбыўся міні-завал, калі пілот Alpine Эстэбан Акон сутыкнуўся з канкурэнтам з Haas Ніка Хюлькенбергам, а той ужо зачапіў Калапінта. З гэтых трох гонку працягнуў толькі немец, тады як француз з аргенцінцам сышлі з дыстанцыі. Прычым Акон, як стала вядома сёння, наогул скончыў сваё выступленне за Alpine датэрмінова – Джэк Дуэн заменіць яго ўжо ў Абу-Дабі.

Пасля гэтага інцыдэнту на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, рэстарт быў дадзены на пятым кругу. Ферстапен захаваў лідарства, пасля чаго яны з Норысам, які таксама яшчэ на старце абагнаў Расэла, адрываліся ад усіх астатніх. Гонка стабілізавалася, аднак бліжэй да сярэдзіны дыстанцыі сітуацыя нечакана развярнулася ці не на сто восемдзесят градусаў.

Пачалося ўсё з таго, што ў канцы галоўнай прамой ад машыны пілота Williams Алекса Албана адвалілася дэталь, хутчэй за ўсё, люстэрка. Дырэкцыя гонкі пачала вагацца – у небяспечным месцы жоўтыя сцягі з’яўляліся і адразу ж знікалі некалькі разоў. Праз пару кругоў па дэталі праехаўся гоншчык Kick Sauber Валтары Ботас, і замест яе з’явілася шмат адломкаў, якія і сталі неўзабаве прычынай праколаў у пілота Ferrari Карласа Сайнса і яго хуткага зменшчыка з Mercedes Льюіса Хэмілтана.

У многіх напэўна напрошвалася думка пра чырвоныя сцягі, якія дапамаглі б бяспечна расчысціць гоначнае палатно. Ну, калі ўжо суддзям бракавала рашучасці належным чынам адрэагаваць на сітуацыю раней (як заходнія партнёры Украіны, далібог). Але яны абмежаваліся рэжымам аўтамабілю бяспекі, рэстарт пасля якога абвясцілі на саракавым кругу, і тут Норысу ўдалася дастаткова наблізіцца да Ферстапена, каб пачаць яго атакаваць. Але Ланда крыху пазней не запаволіўся ў зоне жоўтых сцягоў – на тармажэнні перад першым паваротам, у гравійнай пастцы якога захрас балід Хюлькенберга.

Суддзі былі бязлітаснымі і тут, прызначыўшы брытанцу 10-секундны Stop&Go. Які нельга адбыць на піт-стопе – для яго трэба наведваць сваё месца каля боксаў адмыслова. Што Норыс і зрабіў праз на сорак трэцім кругу, пасля яшчэ аднаго кароткага рэжыму аўтамабіля бяспекі, вярнуўшыся на трасу апошнім. На яго шчасце, пелатон да таго моманту ўжо моцна парадзеў (акрамя Калапінта, Акона і Хюлькенберга праз тэхнічныя праблемы сышлі Лэнс Строл і Серхіа Перэс), таму Ланда да фінішу паспеў прарвацца на дзясятую пазіцыю, ды яшчэ і лепшы круг паказаў.

Дзеля справядлівасці, суддзі яму мімаволі дапамаглі, таксама 10-секундны Stop&Go прызначыўшы яшчэ і Албану – за тое, што ў барацьбе з напарнікам Хюлькенберга па Haas Кэвінам Магнусэнам выціснуў таго за межы трасы. Было гэта ўжо пасля рэстарту, калі адказ на галоўнае пытанне ўік-энду быў практычна атрыманы, бо Ферстапен апынуўся ў бяспецы і давёў справу да шэсцьдзесят трэцяй у кар’еры і дзявятай у сезоне перамогі. Другім адмашку клецістым сцягам атрымаў Шарль Леклер, які ў пачатку гонкі саступіў быў пазіцыю Піастры, але адыграў яе падчас піт-стопа пад пэйс-карам. Оскар жа і замкнуў першую тройку, Расэл пазбавіўся магчымасці зрабіць гэта яшчэ на першым піт-стопе, калі ў механікаў узнікла замінка з заднім правым колам.

Джордж фінішаваў пятым, прычым са штрафам у пяць секунд – ён на адным з рэстартаў адпусціў машыну бяспекі больш чым на дзесяць карпусоў. Суддзі напэўна дзейнічалі па прынцыпе «гуляць дык гуляць», хаця брытанцу яны сітуацыю не ўскладнілі. А вось Норысу – ускладнілі. З 349-цю ачкамі ён цяпер толькі на восем апярэджвае Леклера, якому яшчэ можа саступіць званне віцэ-чэмпіёна па выніках сезону-2024. Ферстапен са сваімі 429-цю баламі назірае за іх дуэллю з чэмпіёнскім спакоем.

У Кубку канструктараў гэтак сама вырашана не ўсё. McLaren лідзіруе, маючы 640 пунктаў, аднак у Ferrari, якая займае другую пазіцыю, 619 балаў, і яна таксама прэтэндуе на перамогу. Вось у Red Bull ужо, напэўна, супакоіліся і ўціхамірыліся з трэцім месцам – пра першае з 581-м ачком думаць ужо дакладна позна.

Наперадзе ж застаецца толькі Гран Пры Абу-Дабі, і ён адбудзецца на гэтым жа тыдні. Навіна пра звальненне Акона напэўна не будзе адзінай, і нашы сябры і партнёры з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1 дапамогуць нам пра іх даведацца, як дапамаглі даведацца на мінулым тыдні пра прыход у чэмпіянат свету ў 2026 годзе каманды Cadillac. Ну а нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja распавядуць таксама пра фінальны этап серыі GT World Challenge Europe у Саудаўскай Аравіі. Суддзяў жа гэтым разам прапаную прабачыць. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!