Кожнаму па справах. Ланда Норыс выйграў Гран Пры Абу-Дабі, а каманда McLaren – Кубак канструктараў
Фота: formula1.com
Свае пачуцці ад цяпер ужо мінулага сезона Формулы 1 я магу апісаць адным словам – «надзея». А спадзяюся я, як і многія іншыя – і абгрунтавана! – на тое, што наступны сезон будзе яшчэ лепшым. І Гран Пры Абу-Дабі надзею гэтую толькі ўзмацніў.
Так, Макс Ферстапен узяў тытул, ужо чацвёрты, зноў датэрмінова. Так, і Норыс асабіста, і ўся каманда McLaren нарабілі сёлета багата памылак, якія не дазволілі Ланда патрымаць інтрыгу ў барацьбе за чэмпіёнства сярод пілотаў жывой таксама да фінальнага этапу. Але і цягам усяго сезону, і на гэтым самым фінальным Гран Пры Абу-Дабі яны прадэманстравалі свой чэмпіёнскі патэнцыял, і перамога ў камандным заліку дасталася брытанцам не выпадкова.
Аднак перад апошняй гонкай перамога гэтая не была ім гарантаваная – італьянцы з Ferrari на яе таксама прэтэндавалі. Хаця ім, каб звезці Кубак канструктараў у Маранэла, трэба было, каб у McLaren на трасе Яс Марына не атрымалася нічога і каб яе пілоты зарабілі мінімум ачкоў, а тое і не зарабілі наогул. Атрымалася ж наадварот – і Норыс, і Оскар Піастры былі хуткімі ўвесь ўік-энд і заваявалі першы шэраг на стартавай рашотцы (поўл дастаўся Ланда).
Праблемы ж здарыліся якраз у Скудэрыі – на балідзе Шарля Леклера замены запатрабавала батарэя сістэмы рэкуперацыі. Дазволеную на сезон колькасць гэтых элементаў сілавой устаноўкі манэгаск перабраў, за што атрымаў штраф у дзесяць пазіцый на старце гонкі (пазней яму яшчэ і выхлапную сістэму замянілі, але гэта было ўжо ў дазволеных межах).
Пры гэтым кваліфікацыя для Шарля прайшла шчыра дрэнна, ён не прайшоў далей другога сегменту, паказаўшы толькі чатырнаццаты вынік. Што значыла старт з апошняй пазіцыі, хаця ў выніку Леклер стартаваў дзевятнаццатым, бо камандзе Williams на машынах Алекса Албана і Франка Калапінта прыйшлося мяняць скрыні перадач. За гэта абодва атрымалі штрафы ў пяць пазіцый, і аргенцінец апынуўся на апошняй.
Не бліскуча правялі кваліфікацыю і пілоты Red Bull: Ферстапен паказаў пяты вынік, Серхіа Перэс – дзясяты. Дый гонка для абодвух пайшла зусім не па плане ад самага пачатку. Чатырохразовы чэмпіён паспрабаваў у першым павароце ўварвацца ў першую тройку, але на выхадзе дапусціў кантакт з Піастры, адправіўшы таго ў разварот. Развярнула і самога Макса, хаця ён у той момант свае страты мінімізаваў, усяго толькі адкаціўшыся на адзінаццатую пазіцыю, тады як Оскар апынуўся на апошняй.
Ферстапен за гэты інцыдэнт атрымаў штраф у дзесяць секунд, які потым адбыў на піт-стопе. Аналагічным чынам пазней пакаралі і… Піастры! Ён, спрабуючы адыграцца пасля ранняга піт-стопу з пераходам з шын Medium на камплект Hard, «накерніў» ззаду Калапінта, праз што той злавіў пракол. Для яго гонка скончылася датэрмінова, але не на гэтым эпізоде, а пазней, калі на яго машыне адмовіла сілавая ўстаноўка. Крыўдны вынік, асабліва з улікам таго, што хуткаму Франка месца ў чэмпіянаце свету ў наступным годзе не гарантаванае.
Як не гарантаванае яно і Перэсу, а той зброю склаў наогул на другім кругу. Было гэта наступствам кантакту на першым кругу з машынай пілота Sauber Валтары Ботаса ці не, мы, верагодна, потым даведаемся, але Чэка проста не змог крануцца з месца пасля развароту. Яго меркавана апошняя гонка (прынамсі, у складзе Red Bull) скончылася, ледзь пачаўшыся.
Што ж да Норыса, то ён, стартаваўшы выдатна, потым упэўнена кантраляваў адрыў ад Карласа Сайнса, які праводзіў апошнюю перад пераходам у Williams гонку за Ferrari. Іспанец стартаваў трэцім і падняўся на адну пазіцыю вышэй пасля таго, як Ферстапен прыбраў з яго шляху Піастры. Так ён другім і фінішаваў, хаця калі Леклер, або сяміразовы чэмпіён свету Льюіс Хэмілтан стартавалі з пазіцый павышэй, магчыма, пахвалявацца прыйшлося б і яму, і Норысу, які атрымаў перамогу.
Той жа Шарль толькі за першы круг прабіўся на восьмую (!) пазіцыю. Дый яго будучы напарнік статыстам у гонцы не быў, абганяў супернікаў і фінішаваў чацвёртым – на адну пазіцыю ніжэй за Леклера. Шарль, аднак, цалкам заслужана атрымаў ад гледачоў званне Гоншчыка дня, затое Льюіс пачуў шмат кранальных слоў ад прадстаўнікоў каманды Mercedes, разам з якой ён за дванаццаць гадоў прайшоў і праз трыумфы, і праз падзенні.
Не так дрэнна з улікам усіх абставінаў – на шостай пазіцыі – у апошняй гонцы сезону фінішаваў Ферстапен, які скончыў сезон з 437-мю ачкамі. Норыс, зарабіўшы 374 балы, стаў віцэ-чэмпіёнам, а Леклер, у якога 356 ачкоў, заняў трэцяе месца. Праўда, у яго з Сайнсам не атрымалася прынесці Кубак канструктараў Скудэрыі – яна з 652-ма пунктамі засталася другой. Хаця McLaren, які гэты самы кубак заваяваў упершыню з 1998 года, яна саступіла не так і многа – пілоты калектыву з Уокінга на пару набралі д’ябальскія 666 балаў. Ну а Red Bull замкнуў першую тройку, зарабіўшы 589 ачкоў.
Такі адкат каманды, за якую выступае дзейны чэмпіён, амаль гарантуе, што ў 2025 годзе на трасах будзе спякотна. Трэба таксама мець на ўвазе, што ўсе асноўныя рэсурсы калектывы кінуць на падрыхтоўку да 2026-га з яго новым рэгламентам, і фактар добрай стартавай базы будзе граць ці не вырашальную ролю, і ў McLaren база гэтая напэўна будзе добрай, а ў Ferrari не нашмат горшай. Аднак пра гэта мы асобна паразважаем у падвядзенні вынікаў цяпер ужо мінулага сезону і ў прэв’ю перад наступным.
Зараз жа я проста хачу падзякаваць сваім чытачам, асабліва тым, хто падтрымліваў мяне сёлета фінансава, што было крытычна важна. Дзякуй і тым, хто падпісваўся на Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja і абмярковаў падзеі гонак у ім, а таксама дапамагаў мне ўдасканальваць маю працу. Асобна дзякую за падтрымку і супрацу і маім сябрам і партнёрам з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1, якія будуць сачыць за навінамі чэмпіянату свету і ў міжсезонні.
Для мяне ж гэтае міжсезонне доўгім не будзе. Пасля паўзы, якую я вазьму для асэнсавання таго, што мы назіралі ў Формуле 1 з пачатку сакавіка да сённяшняга дня, я паспрабую прааналізаваць падзеі і зрабіць з іх нейкія высновы. Ну а хутка пасля навагодніх свят стартуе ралі «Дакар», таму вечары дзён яго этапаў я буду заняты разборам яго падзей і падрыхтоўкі для вас артыкулаў пра іх. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!