Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пяць простых высноў пасля сезону Формулы 1 2024 года і некалькі пакуль што асцярожных прагнозаў

Пяць простых высноў пасля сезону Формулы 1 2024 года і некалькі пакуль што асцярожных прагнозаў

Пяць простых высноў пасля сезону Формулы 1 2024 года і некалькі пакуль што асцярожных прагнозаў

Фота: formula1.com

Толькі тое, што ў Беларусі прызначанае на 26 студзеня 2025 года, павінна было быць больш прадказальным, чым мінулы сезон чэмпіянату свету. Аднак у рэальнасці ўсё было зусім не так сумна, а часам нават натхняльна. І хоць на выхадзе мы і пабачылі чацвёрты тытул Макса Ферстапена, заваяваны ім, як і два папярэднія, датэрмінова, падставаў для натхнення ў нас зараз нават болей.

На вяршынях подыумаў Гран Пры мы сёлета бачылі амаль усіх прадстаўнікоў чатырох топ-каманд, за выключэннем толькі цяпер ужо былога напарніка Ферстапена Серхіа Перэса. У кола гэтых самых «топаў» паўнавартасна вярнуўся і McLaren, што натуральна не можа не радаваць прыхільнікаў Каралевы аўтаспорту наогул і самога калектыву з Уокінга ў прыватнасці.

Дый пілоты апошняга цалкам даказалі сваю канкурэнтаздольнасць, прычым Оскар Піастры, на маю думку, нават у большай ступені, чым Ланда Норыс. Хаця тут трэба зрабіць абмоўку, што аўсталіец, у адрозненні ад брытанца, па-сапраўднаму ў чэмпіёнскай гонцы гэтым разам не ўдзельнічаў, а таму быў у меней стрэсавай сітуацыі. Таму памылкі Ланда былі больш заўважнымі, хаця некаторых з іх ён мог бы пазбегнуць, дый рабіў іх часам на роўным месцы.

Узнікалі цягам сезону пытанні і да каманднага мосціка McLaren, але калектыў сваю задачу выканаў – яго пілоты, адзін з якіх змагаўся за тытул, упершыню з 1998 года прынеслі яму Кубак канструктараў. Што ў дадзеным выпадку нават больш важна, чым тытул у асабістым заліку, які ў Формуле 1 традыцыйна цэніцца вышэй. І гэта дае нам прычыну паразважаць аб выніках мінулага сезону і аб перспектывах на 2025 год.

Заглядаць далей пакуль што рана, бо ў 2026-м зноў зменіцца тэхнічны рэгламент, і хто стрэліць тады, пакуль што немаведама. Наўрад ці гэта будзе Audi, якая стварае свой калектыў на базе Sauber, або цалкам новая каманда Cadillac, якой прыйшлося пазбавіцца згадак пра сям’ю Андрэці ў сваёй назве. Аднак пачынаць усім прыйдзецца прыблізна з адной кропкі, і магчымым аказацца можа нават той сцэнарый, які зараз выглядае абсалютна немагчымым.

Прычым Cadillac, які першыя два гады сваёй прысутнасці ў Формуле 1 будзе выкарыстоўваць сілавыя ўстаноўкі Ferrari, у некаторым сэнсе знаходзіцца нават у больш выгадным становішчы. Цяперашнія ўдзельнікі чэмпіянату свету ў наступным годзе вымушаныя будуць займацца і распрацоўкай абсалютна новых машын, і дапрацоўкай тых, што ў іх будуць на той момант. Рэсурсы натуральным чынам будуць пераразмеркаваныя на карысць новых, што паставіць той жа Red Bull у няпростую сітуацыю. Аднак тут самы час перайсці якраз да канкрэтных высноў і прагнозаў.

Галоўных, на маю думку, атрымалася пяць, хаця наогул іх, канечне, нашмат больш. Да некаторых мы вернемся ў наступных публікацыях, бо актуальнымі яны застануцца і ў 2025 годзе. З надыходам якога я і віншую вас, а таксама нашых сяброў і партнёраў з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1, якія аператыўна паведамляюць нам пра самыя важныя навіны чэмпіянату свету. Працягвае працаваць і наш Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja, які хутка пачне сачыць за ралі «Дакар». Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

1. Red Bull пераможны

Як я неаднаразова адзначаў у артыкулах пра асобныя Гран Пры, нічога дзіўнага тут няма. Але толькі на першы погляд. Бліжэй да заканчэння дзеяння тэхнічнага рэгламенту сілы каманд-удзельніц выраўноўваюцца, што мы бачылі і раней. Аднак гэтым разам у, здавалася, непераможных Чырвоных Быкоў штосьці пайшло не так унутры.

Адна справа, калі б McLaren проста да іх наблізіўся. І зусім іншая, калі на двух аднолькавых машынах удала выступае толькі адзін гоншчык, што мы бачылі сёлета ў Red Bull. Прычым той жа Серхіа Перэс сігналы трывогі падаваў і ў 2023 годзе, але тады ў Макса Ферстапена справы ішлі настолькі добра, што словам Чэка значэння ніхто не прыдаў.

А павінен быў прыдаць, таму што ў сезоне-2024 Фартуна раптоўна адвярнулася і ад Ферстапена. Выйграўшы сем з першых дзесяці Гран Пры, нідэрландзец затым страціў ініцыятыву. Пры гэтым свае вострыя зубы дэманствалі і Ferrari, і McLaren. Другія ў большай ступені, бо ім удалася пабудаваць больш універсальны балід, на якім хуткімі былі абодва пілоты. Тады як Red Bull RB20, як і на машынах некалькіх папярэдніх сезонаў, па-сапраўднаму бліскаў толькі Ферстапен.

Справа, канечне, не толькі ў балідзе, але і ў класе напарнікаў. Макс сапраўды ў параўнанні з Серхіа гуляе ў іншай лізе. Гуляў, бо пакуты Чэка, які ў 2024 годзе не заўсёды нават у другія сегменты кваліфікацый прабіваўся, скончыліся – мексіканец сышоў з Red Bull. Замяніў яго Ліам Лоўсан, які сёлета дэбютаваў у складзе Racing Bulls, там замяніўшы звольненага Даніэля Рыкарда. Паказаў сябе малады новазеландзец нядрэнна, зарабіўшы ў шасці апошніх гонках сезону чатыры ачкі супраць васьмі ў Юкі Цуноды, чыім напарнікам стаў віцэ-чэмпіён Формулы 2 Ісак Хаджар.

Але прынамсі ў наступным годзе можа атрымацца так, што Крысціан Хорнэр з Хельмутам Марка памянялі шыла на мыла. Лоўсан напэўна пакажа сябе лепей за Перэса, але наколькі і ці дастаткова, каб не згубіцца на фоне Ферстапена – вялікае пытанне. Паўтару тое, пра што я казаў вышэй: асноўныя сілы каманды будуць кінутыя на падрыхтоўку да 2026-га, таму калі ў Мілтан-Кінсе ў міжсезонні недастаткова эфектыўна правядуць працу над памылкамі, Ліаму будзе цяжка.

Такі сцэнарый неверагодным зусім не выглядае – мы ж бачылі, што перажываў з 2022 года Mercedes. Так, сёлета калектыў Тота Вольфа дабіўся пэўнага прагрэсу, і па дзве перамогі яму прынеслі і Джордж Расэл (ён ды нават тры, калі ўлічваць Гран Пры Бельгіі, на якім яго дыскваліфікавалі), і – на развітанне – сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан, які дачакаўся здзяйснення сваёй мары і перайшоў у Ferrari. Толькі гэта менавіта ў Red Bull цяпер мусяць вучыцца жыць і працаваць па-новаму – без Эдрыана Ньюі, які таксама прыняў новы выклік і пайшоў у Aston Martin.

Так што Red Bull сапраўды ўвайшоў у зону турбулентнасці, працягласць якой пакуль што цяжка прадказаць. Асабліва з улікам тэмпаў прагрэсу некаторых яго канкурэнтаў, найперш – McLaren.

2. Сапраўднае адраджэнне McLaren

Той 1998 год быў для славутага калектыву апошнім па-сапраўднаму чэмпіёнскім. Тады ён заваяваў і Кубак канструктараў, і – рукамі Мікі Хакінена – тытул у асабістым заліку. Годам пазней толькі фінскі гоншчык узяў свой другі і апошні тытул, а там ужо пачалася эра дамінавання Міхаэля Шумахера і Ferrari. McLaren жа доўгі час быў другім, а ў 2007-м паспрабаваў быў стаць першым, але перашкодзіў унутрыкамандны канфлікт паміж двума навабранцамі – двухразовым чэмпіёнам Фернанда Алонса і тады яшчэ дэбютантам Льюісам Хэмілтанам.

Хаця калі гэтага канфлікту і не было, McLaren застаўся б без Кубку канструктараў, з якога быў выключаны пасля шпіёнскага скандалу паміж ім і той жа Ferrari. У 2008-м задача была выкананая толькі часткова – Хэмілтан стаў чэмпіёнам, а калектыў з Уокінга ізноў саступіў Скудэрыі, заняўшы другое месца ў камандным заліку.

Перыяд з 2009-га па 2012-ты быў для McLaren адносна нядрэнным, камандна пастаянна ўваходзіла ў першую тройку па выніках сезонаў. Але затым настаў заняпад, калі яна ў Кубку канструктараў апускалася то на пятае-шостае месцы, то двойчы (у 2015-м і 2017-м) займала перадапошнія дзявятыя. У асноўным непрыемнасці прышліся на часы супрацоўніцтва з Хондай, якая пазней добра папрацавала якраз для Red Bull, хаця і з Renault і Mercedes брытанскія баліды былі недастаткова хуткімі, і сезон-2023, напрыклад, McLaren скончыла на чацвёртым месцы.

Аднак летась у Уокінгу ўжо пачала працаваць новая аэрадынамічная труба, якая разам з паступовымі намаганнямі главы ўсяго гоначнага падраздзялення McLaren Зака Браўна дала нарэшце жаданы вынік. Канструктарскі штаб начале з галоўным спецыялістам па аэрадынаміцы Пітэрам Прадрому і тэхнічным дырэктарам Нілам Холдзі даў Ланда Норысу з Оскарам Піастры машыну, на якой аказалася магчымым перамагаць. Прычым магчымым для абодвух гоншчыкаў, якія яшчэ і па ўзроўні блізкія адзін да аднаго.

Варта таксама ўлічваць, што ў McLaren не камандуюць сваім пілотам «На першы-другі разлічыся!». Так, сёлета Піастры стаў другім нумарам, а толькі калі стала зразумела, што з кола рэальных прэтэндэнтаў на тытул ён выбыў. Тады як у тым жа Red Bull увесь час спрабуюць і рыбку з’есці, і Максу Ферстапену такога напарніка падабраць, каб ён і не быў хутчэйшым за нідэрландца, чаму спрыяе і бацька апошняга, і каб лёс Перэса не паўтарыў. І гэта, дарэчы, яшчэ адна патэнцыйная праблема Ліама Лоўсана, якому могуць проста не дазволіць ярка бліснуць побач з Максам, калі толькі ён сам не пакіне каманду.

Вядома, і МакЛарэну ў наступным годзе прыйдзецца ваяваць на два франты – распрацоўваць новую машыну і дапрацоўваць тую, што будзе. Аднак база ў падначаленых Андрэа Стэлы будзе ўжо заўважна лепшай, што можа абумовіць і вялікі поспех – заваяванне і тытулу сярод пілотаў, прычым не абавязкова Норысам.

Ці не ёсць гэта пагрозай паўтарэння сітуацыі 2007 года? Наўрад ці. Паміж Ланда і Оскарам усталяваліся калі не сяброўскія, то нармальныя працоўныя адносіны, якія не сапсавала нават непрыгожая гісторыя на Гран Пры Вугоршчыны сёлета. Піастры пасля гэтага дапамагаў Норысу (як у Сан-Паўлу), а той вяртаў пазыкі (як у Осціне). Таму чакаем ад McLaren развіцця поспеху.

3. Прагрэс Ferrari

Скудэрыя адыгралася адносна папярэдняга сезону і практычна да канца мінулага змагалася з McLaren за Кубак канструктараў. Нават Red Bull апынуўся ззаду! Ізноў жа, у адрозненні ад аўстрыйскага калектыву італьянскаму па дзве перамогі прынеслі і Шарль Леклер, і Карлас Сайнс. А часам, калі ўсё ішло не па плане ў McLaren, манэгаск з іспанцам адбіралі ачкі і ў канкурэнтаў адтуль.

Хаця і праблем цягам сезону хапала, і стрэліць атрымлівалася толькі на асобных Гран Пры – Ferrari SF-24 атрымалася не такой універсальнай, як McLaren MCL38. А калі б хаця б настолькі ж універсальнай, як сама SF-24, быў балід Red Bull RB20, і Перэс больш рэгулярна прыносіў бы балы сваёй камандзе, быў бы калектыў з Маранэла ізноў трэцім.

І тут узнікае адразу некалькі пытанняў, звязаных з навабранцамі абедзвюх каманд. Першае – пра патэнцыял Ліама Лоўсана на патэнцыйна праблемнай новай машыне – мы агучылі вышэй. Аднак не будзе проста і Льюісу Хэмілтану, якому таксама трэба будзе хутка асвоіцца на новым працоўным месцы. Прычым вынікі патрэбныя ўжо, бо большая частка кар’еры сяміразовага чэмпіёну прайшла. А што там будзе ў 2026-м, зараз ніхто не прадкажа.

Таму ад кіраўніцтва Ferrari, найперш тэхнічнага, зараз залежыць шмат. Мінулы сезон паказаў, што на італьянскіх балідах можна перамагаць і што Хэмілтан можа перамагаць і на яўна не найлепшых на сёння нямецкіх. Матывацыі брытанцу напэўна хапае, аднак дакладна не меней яе і ў Шарля Леклера, і тут патэнцыйна можа знайсціся кропка напружанасці. Надзея толькі на сталасць абодвух гоншчыкаў, якую, аднак, не ва ўсіх атрымліваецца супрацьпаставіць уласным амбіцыям.

Хаця на сёння сітуацыя ў цэлым для Скудэрыі выглядае нядрэннай. Галоўнае – утрымаць планку хаця б на цяперашнім узроўні, што дазволіць навязаць барацьбу McLaren і Red Bull. З першымі будзе складаней, але ўсё той жа мінулы сезон прадэманстраваў, што і тут няма нічога немагчымага. Што ж да Mercedes…

4. Mercedes: таптанне на месцы

Ну добра, не настолькі ўсё дрэнна было ў Срэбраных Стрэл сёлета. Але і прагрэсам апусканне з другога месца ў Кубку канструктараў на чацвёртае называць язык не павернецца. Чатыры выйграныя Вялікія Прызы, што роўна на чатыры болей, чым годам раней, а вынік на паліцы горшы (прытым што ачкоў гэтым разам набрана нават больш). Як так атрымалася?

Прычына найперш у тым, што канкурэнты прагрэсавалі хутчэй, тады як у Браклі пару сезонаў разграбалі наступствы сваёй канцэптуальнай памылкі, якую дапусцілі ў 2022 годзе. Таму і атрымалася, што Mercedes быццам бы і прасунуўся наперад, але пры гэтым нават здаў пазіцыі. Хаця па выніках сезону-2024 падставы для аптымізму ўсё ж такі з’явіліся, бліжэй да фіналу каманда відавочна прыбавіла.

Канкурэнты, канечне, усё роўна прыбавілі болей, але, верагодна, так атрымалася гэтым разам, а ў наступным годзе машына можа адразу атрымацца добра і ў Mercedes. Вось толькі ацаніць гэта паўнавартасна можа і не атрымацца, бо чакаць, што 18-гадовы Андрэа Кімі Антанэлі адразу паедзе на адным узроўні з Джорджам Расэлам… Ну, па-першае, можа і паедзе, асабліва калі ў Браклі нарэшце пабудуюць канкурэнтаздольны балід. Па-другое, Тота Вольф напэўна разумеў, што робіць, калі падпісваў з інтальянцам кантракт.

Тым не менш у Mercedes ёсць шанцы пачаць наступны сезон з высокай ноты. Прынамсі, з больш высокай, чым у 2024-м. Калі толькі кіраўніцтва калектыву не вырашыць кінуць усе сілы на 2026-ты. У такім выпадку ў 2025-м мы адчуем дэжавю.

5. Сяраднякі і аўстайдары: не ўсё так адназначна

Бадай, самая складаная частка для аналізу, бо заслугоўвае яна не проста некалькі абзацаў, а адмысловага артыкулу. Узяць той жа Aston Martin: чацвёртае месца ў Кубку канструктараў, што лепей, чым у 2023 годзе, толькі ачкоў тады было набрана ажно 280, а зараз – толькі 94. Каманду відавочна цягне толькі Фернанда Алонса, і справа тут яўна не ў машыне. Лэнс Строл проста недастаткова хуткі, і ў камандзе ён пастолькі, паколькі ёй валодае яго бацька.

Таму тут мне толькі застаецца папрасіць прабачэння за стары брыдотны жарт пра тое, што калі ў публічным доме дрэнна ідуць справы, там трэба мяняць дзевак. У Aston Martin жа запрасілі на пасаду галоўнага канструктара Эдрыана Ньюі, але пры ўсім яго інжынерным геніі не прымусіць быць хуткім пілота, які хуткім быць не здольны. Прыкладам таму Red Bull, дзе Перэс быў слабым звяном, прытым што ён не быў такім ужо павольным, і яму ў пэўнай ступені проста не пашанцавала.

У выніку адыграліся ў Aston Martin толькі па прычыне таго, што іх непасродныя канкурэнты выступілі яшчэ горш. У Alpine нешта пачало атрымлівацца толькі ў апошніх гонках, тады як у пераважнай большасці папярэдніх ні П’ер Гаслі, ні Эстэбан Акон ачкоў не зараблялі наогул, або зараблялі па аднаму-двум. З Аконам калектыў з Энстоўна ў выніку развітаўся, як, дарэчы, і з сілавымі ўстаноўкамі уласнага вырабу. Цяпер Alpine (чытай – Renault) будзе карыстацца прадукцыяй Mercedes. Магчыма, гэта дапаможа французам, аднак маторы могуць аказацца не адзіным іх слабым месцам.

Вось Haas у мінулым сезоне ў параўнанні з папярэднім прыбавілі, скочыўшы з дзясятага месца ў Кубку канструктараў на сёмае. Але ізноў жа, тут варта гаварыць пра правал непасродных канкурэнтаў, дый апярэдзіць Alpine патэнцыял ў амерыканскай каманды быў. Пра што сведчыла дзясятае месца Олівера Бермана ў Баку, калі ён замяняў Кэвіна Магнусэна, які стаў першым у гісторыі пілотам Формулы 1, хто набраў дванаццаць штрафных балаў і прапускаў праз гэта этап.

Навічкі сёлета, дарэчы, наогул прыемна здзіўлялі. Пра адносны поспех Лоўсана ў Racing Bull я ўжо казаў, а той жа Бэрман у Саудаўскай Аравіі замяняў у складзе Ferrari Карласа Сайнса, які патрапіў у бальніцу з апендыцытам, і заняў сёмае месца. А ўявіце сабе, наколькі вышэй у турнірнай табліцы па выніках сезону была б каманда Williams, калі б Франка Калапінта выступаў у ёй з самага Бахрэйна, а не далучыўся б толькі ў Італіі, замяніўшы звольненага Логана Сарджэнта.

Нават шкада, што ў наступным годзе яўна здольны аргенцінец застаўся без месцаў Вялікіх Прызах. Хаця ў тым жа Williams дакладна не памыліліся, зрабіўшы стаўку на Сайнса, толькі тут каманда яўна гуляе ў доўгую, не разлічваючы на прарыў адразу. Падобным чынам, толькі ўжо пра сябе асабіста, напэўна думаў і Ніка Хюлькенберг, які перайшоў з Haas у Sauber – будучую Audi, дзе ён будзе выступаць разам з яшчэ адным навічком Габрыэлем Барталета (Haas будуць прадстаўляць Акон і Бэрман).

У 2024 жа годзе Sauber сваімі вынікамі не натхніў, што было даволі чакана, зрэшты. Хаця ачкоў магло б быць і паболей, чым чатыры, якія ў Катары зарабіў Гуаньюй Джоў, што яго ўсё роўна не ўратавала. Валтары Ботас так з «абаранкам» і застаўся, вярнуўшыся ў выніку не куды-небудзь, а ў Mercedes, праўда, у якасці толькі рэзервовага пілота.

Не здалі, а па ачках нават прыбавілі ў параўнанні з 2023-м толькі Racing Bulls, хаця тут сітуацыя была з папраўкай на маштаб падобнай на тую, што і ў Red Bull. Што, відаць, ў той ці іншай ступені паўтарыцца і ў наступным годзе, але гэтаму будзе прысвечана асобная размова перад пачаткам новага сезону.