Старое і новае на мотакросавым Гран Пры Аргенціны
Фота: mxgp.com
У першыя вясновыя выхадныя свой новы сезон пачаў чэмпіянат свету па мотакросе. Зрабіў ён гэта на новым месцы і са старымі дзейнымі асобамі, што, аднак, наўрад ці будзе нечым адмоўным.
У Аргенціне сусветны мотакрос гасцяваў і раней, але сёлета Вялікі Прыз гэтай краіны разыгрываўся на абсалютна новай трасе ў Кордабе. Што, безумоўна, можна лічыць плюсам, бо ўсе ўдзельнікі, незалежна ад досведу, апынуліся ў роўным становішчы.
Хаця досвед, канечне, сваю ролю адыгрывае, і ў кваліфікацыйных гонках у суботу бліскалі тыя, ад каго мы гэтага заўсёды чакалі найперш. У малодшай катэгорыі MX2, напрыклад, гэты заезд выйграў чэмпіён 2023 года з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, але развіць свой поспех у нядзелю ў яго атрымалася вельмі часткова.
Італьянцу не пашанцавала ў першай гонцы, у якой матор яго рухавіка заглух на адным з пад’ёмаў. Дый стартаваў Андрэа не лепшым чынам, у адрозненні ад дзейнага чэмпіёна з Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа, які напярэдадні кваліфікаваўся трэцім, а цяпер выйграў хол-шот, ужо са старту ўзначаліўшы заезд.
Першая гонка была ўскладненая для ўсіх надвор’ем – трасу раніцай намачыў дождж. І ў такіх умовах паспрабаваў бліснуць дэбютант з каманды Venrooy KTM Кас Фалк, які на першых кругах прарваўся быў на другую пазіцыю, але пасля ўпаў. Хаця падняўся малады нідэрдандзец даволі хутка, і аператыўна апярэдзіў канкурэнта з JM Honda Racing Давіда Брасэраса ў спрэчцы за чацвёртае месца.
Ну а калі ўпаў яшчэ адзін навічок – прадстаўнік Kawasaki Racing Team Маціс Валін, Фалк апынуўся на трэцяй пазіцыі, на якой і фінішаваў. Другім гонку скончыў Сімон Лангенфельдэр, які з гэтага сезону выступае ў складзе заводскай каманды KTM, ну а дэ Вольф пачаў новы сезон перамогай.
Гаворка пра першы заезд, канечне, бо для перамогі на Гран Пры Каю яшчэ трэба было належным чынам выступіць у другой гонцы. А вось тут, нягледзячы ўжо на сухую трасу, у дзейнага чэмпіёна ўзніклі праблемы. Пры гэтым партнёр Адама па камандзе Саша Коэнэн, які кваліфікаваўся напярэдадні другім, на першым кругу першай гонкі ўпаў і фінішаваў у ёй дзявятым, затое другую выйграў, захапіўшы лідарства ўжо на старце.
Што да дэ Вольфа, то ён у пачатку заезду апынуўся ў другой палове першай дзясяткі, і ў такіх умовах на перамогу на этапе наўрад ці разлічваў. Яму мімаволі дапамаглі некаторыя супернікі, як гоншчык BTS Racing Team Арыоль Олівер, які прарваўся быў на другую пазіцыю, каб затым упасці і адкаціцца далёка назад. Пасля гэтага другім некаторы час ішоў прадстаўнік Honda HRC Валерыа Лата, але яго на шостым кругу апярэдзілі Лангенфельдэр, Адама і дэ Вольф. Аднак апошні сам упаў на дзявятым кругу!
Пры такім раскладзе перамога на Гран Пры адыходзіла да Лангенфельдэра, які мог спакойна фінішаваць другім. Але і ён упаў, прычым двойчы – на двух апошніх кругах. І калі пасля першага падзення немец прапусціў толькі Адама, то пасля другога адкаціўся на шостую пазіцыю. Фінішаваў Сімон на ёй жа – акурат за дэ Вольфам. Які, нягледзячы на свой вынік у гонцы, усё ж такі забраў перамогу на першым этапе!
Кампанію Сашы Коэнэну ў першай тройцы на фінішы заезду склалі Адама і Ліам Эвертс, які з гэтага года пасля пераходу Лукаса Коэнэна ў катэгорыю MXGP з’яўляецца партнёрам дэ Вольфа па Хускварне. Па выніках Гран Пры Аргенціны ён заняў чацвёртае месца, трэцяе дасталася Лангенфельдэру, а другім стаў Коэнэн. Адама замкнуў першую дзясятку.
Адпаведна, чырвоная таблічка лідара на старце сезону дасталася дэ Вольфу, у якога 49 ачкоў. Коэнэн саступае яму тры і займае другую пазіцыю, адначасова на два пункты апярэджваючы Лангенфельдэра, які размясціўся на трэцім радку. Сярод вытворцаў лідзіруе KTM, у якога 57 ачкоў, на чатыры больш, чым у Хускварны, якая ідзе другой. Yamaha з 30-цю баламі замыкае першую тройку.
Згаданая старэйшая катэгорыя MXGP сёлета засталася без двухразовага і дзейнага чэмпіёна. Хорхе Прада сышоў у амерыканскую серыю AMA Supercross, праўда, выбыў там з ладу на трэцім этапе, моцна пашкодзіўшы плячо. Яшчэ адзін чэмпіён – Джэфры Херлінгс – пачне сезон з затрымкай, бо аднаўляецца пасля аперацыі на разарваным правым перадпакоі крыжаватай вязкі. Траўмаваўся нідэрландзец мінулай восенню, але наступствы гэта мела доўгатэрміновыя.
Хаця хуткіх і таленавітых гоншчыкаў у пелатоне ўсё роўна хапае, і на Гран Пры Аргенціны асабліва яскрава выступіў Максім Рэно, які таксама праз траўму адсутнічаў значную частку мінулага сезону. Цяпер жа француз з Monster Energy Yamaha Factory MXGP адразу ўзяў быка за рогі, пачаўшы ўік-энд з перамогі ў кваліфікацыйнай гонцы.
Што сусветны мотакрос сёлета прыдбаў, дык гэта каманду Aruba.it Ducati Factory MX Team. Італьянцы, абраўшы сабе тых жа партнёраў, з якімі працуюць і ў сусветным Супербайке, адразу зайшлі з казыраў і дэбютавалі ў старэйшай катэгорыі. Прычым дэбютавалі вельмі някепска, што, зрэшты, было збольшага чакана, бо нават легендарны Антоніа Кайролі, якога запрасілі тэст-райдэрам, адзначаў летась, што нават прататып матацыкла аказаўся вельмі хуткім.
Канечне, калектыву яшчэ ёсць над чым працаваць, але ў Аргенціне статыстамі не былі ні Джэрэмі Сівер, ні Маціа Гуаданьіні, якія сталі прызавымі гоншчыкамі. Яны не правалілі кваліфікацыйны заезд, дый у кожным з нядзельных зарабілі шмат ачкоў. Швейцарац дык наогул пачаў хол-шотам першы, хаця затым паступова адкаціўся на шостую пазіцыю. Першым яго абышоў Рамэн Фэвр, які працягвае выступаць за Kawasaki Racing Team і якому не было роўных у гонцы – француз пераканаўча яе выйграў.
Рэно ўвесь час трымаўся за ім і ў выніку фінішаваў другім, а трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў Цім Гайсэр, які ў сваю чаргу застаецца ў заводскай Хондзе. Следам за ім першы заезд скончыў Гуаданьіні, які затым бліснуў на старце другога. Менавіта італьянец выйграў хол-шот, хаця затым хутка прапусціў наперад Рэно, да якога перайшла чарга не ведаць сабе роўных. Маціа ж неўзабаве прапусціў наперад таксама Фэвра з Гайсэрам, ізноў задаволіўшыся чацвёртай пазіцыяй.
Рэно фінішаваў першым, выйграўшы таксама і Гран Пры. Фэвр і Гайсэр занялі на подыуме тыя ж месцы, што і ў другой гонцы – другую і трэцюю адпаведна. Максім, як вы ўжо зразумелі, лідзіруе ў чэмпіянаце, маючы 57 ачкоў і на адно апярэджваючы Фэвра. Гайсэр, у якога 48 балаў, трэці. Такую ж колькасць балаў маюць вытворцы, што ўваходзяць у першую тройку свайго заліку – адпаведна, Yamaha, Kawasaki і Honda.
Чэмпіянат свету па мотакросе працягнецца праз два тыдні ў іспанскім Косары, дзе пройдзе Гран Пры Касцільі-ла-Манчы. Гоначны сезон 2025 года хутка набірае абароты! Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!