Ізноў Палоў! Дзейны чэмпіён IndyCar пачаў з перамогі ў Сэнт-Пітэрсбэргу новы сезон серыі
Фота: IndyCar
Першыя выхадныя вясны былі багатымі на гоначныя падзеі, і адной з важных быў старт новага сезону амерыканскай формульнай серыі IndyCar. Вынікі гонкі ў Сэнт-Пітэрсбэргу кагосьці, напэўна, здзівяць, але дакладна не ўсіх.
Злучаныя Штаты Амерыкі апошнім часам здзіўляюць увесь свет вельмі адмоўным чынам, і гэта нас усіх справядліва абурае. Мы ж верылі ў зусім іншую Амерыку, якая абараняе агульначалавечыя ідэалы па ідэйных, а не меркантыльных меркаваннях, але адзін стары чалавек з фарбаванымі валасамі цяпер перавярнуў свет з ног на галаву.
Хочацца верыць, зрэшты, што амерыканцы не дазволяць свайму прэзідэнту стаць дыктатарам, таму што людзьмі яны па-ранейшаму застаюцца файнымі. І гонкі праводзіць па-ранейшаму ўмеюць, што мы пабачылі ў мінулы ўік-энд у Сэнт-Пітэрсбэргу, дзе прайшоў першы этап новага сезону IndyCar.
Вулічная траса ў Фларыдзе выдатна ўсім вядомая, за выключэннем толькі навічкоў серыі. Ветэраны ж адчуваюць сябе на ёй як рыбы ў вадзе, і кожны з іх цягам уік-энду паспеў прадэманстраваць. Першым гэта зрабіў пілот Team Penske Скот МакЛафлін, які заваяваў поўл і разлічваў развіць поспех у гонцы. Толькі па яе выніках новазеландзец быў расчараваны.
Серыя IndyCar, канечне, канкурэнтная, аднак тут, як і ў Формуле 1, многае вырашае стратэгія. Яна і гэтым разам была галоўным фактарам поспеху або правалу. Дзейны чэмпіён з Chip Ganassi Racing Алекс Палоў на стартавай рашотцы быў на восьмай пазіцыі, і на старце не было падобнае на тое, што ён хаця б праб’ецца ў групу лідараў. Тым не менш іспанец паступова да яе набліжаўся дзякуючы якраз тактыцы.
Кожны ўдзельнік гонкі ў Сэнт-Пітэрбэргу мусіў як мінімум два кругі са ста пераадолець на альтэрнатыўных мяккіх шынах. Тыя, хто стартаваў на іх, атрымалі магчымасць пазбавіцца іх ужо ў самым пачатку дзякуючы перыяду нейтралізацыі пасля аварыі на першым кругу партнёра МакЛафліна па камандзе Уіла Паўэра, прадстаўніка Arrow McLaren Нолана Сігеля і дэбютанта з Rahal Letterman Lanigan Racing Луіса Фостэра.
У ліку тых, каму праз гэты інцыдэнт пашчасціла з пераходам на цвёрды кампаўнд, быў якраз Палоў, а таксама яго партнёр па камандзе Скот Дзіксан і яшчэ адзін прадстаўнік Penske Джозэф Ньюгардэн. Гэта не адразу прынесла ім дывідэнды, але той жа Алекс у выніку ў лідарскую групу ўсё ж такі прабіўся. А калі на семдзесят пятым кругу на свой фінальны піт-стоп накіраваўся пілот Andretti Кайл Кірквуд, які на той момант лідзіраваў, першая пазіцыя перайшла да дзейнага чэмпіёна.
У яго выпадку спрацавала падрэзка адносна Дзіксана – на трасу іспанец вярнуўся перад ім. Аналагічным чынам новазеландца абышоў Ньюгардэн, прычым ён з боксам выехаў акурат перад Скотам. Тым часам Палоў крыху запаволілі кругавыя, дзякуючы чаму амерыканец наблізіўся да яго і пачаў прэсінгаваць, спадзеючыся атрымаць перамогу.
Алекс, аднак, адбіўся і здолеў на пару секунд ад’ехаць ад Джозэфа, які збіраўся ўжо задаволіцца другім месцам. Але на апошнім кругу ён стаў ахвярай Дзіксана – эксперта па эканоміі паліва, якое Ньюгардэну ўжо прыходзілася эканоміць самому. Таму ён у першай гонцы сезону замкнуў першую тройку.
МакЛафлін фінішаваў чацвёртым, але ў чэмпіянаце апынуўся на трэцім радку, акурат перад Ньюгардэнам пры роўнай колькасці балаў з ім – па 36. Дзіксан займае другую пазіцыю з 41-м ачком, што на дзесяць меней, чым у Палоў, які цяпер лідзіруе ўжо са старту сезону.
У мінулым годзе гонка на трасе The Thermal Club у Каліфорніі была пазазаліковай, гоншчыкі не набіралі на ёй ачкоў. Дый фармат этапу і заезд былі настолькі дзіўнымі, што я пакінуў іх без увагі. Цяпер не пакіну, бо 23 сакавіка там пройдзе на гэты раз паўнавартасны другі этап серыі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!