Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перадрэвалюцыйная сітуацыя. Чаго чакаць ад новага сезона Формулы 1?

Перадрэвалюцыйная сітуацыя. Чаго чакаць ад новага сезона Формулы 1?

11 сакавіка, 18:45
Перадрэвалюцыйная сітуацыя. Чаго чакаць ад новага сезона Формулы 1?

Фота: formula1.com

Каралеўскія аўтагонкі стаяць на парогу кардынальных перамен, якія могуць адбыцца ў любы бок. Што спараджае нестабільнасць і непрадказальнасць у тым ліку і цяпер – усім нам на радасць.

Усе галоўныя чаканні прыхільнікаў Формулы 1 звязаныя найперш з 2026 годам, калі чэмпіянат свету перайдзе на новы тэхнічны рэгламент з зусім іншымі сілавымі ўстаноўкамі. Каманды ўжо напружана рыхтуюцца да рэвалюцыі, што непазбежна паўплывае і на сезон-2025. Няпростая задача стаіць перад кожнай, таму што кожнай трэба будзе і займацца развіццём машын гэтага года, і распрацоўваць новыя.

А гэта значыць, што на пэўным этапе калектывы, якія не дасягнуць мэтаў, што яны перад сабой ставяць, могуць проста кінуць дапрацоўку цяперашніх балідаў, засяродзіўшыся на новых. Тады як тыя, у каго справы будуць ісці лепей, атрымаюць магчымасць бліснуць напрыканцы дзеяння цяперашніх правіл. У выніку нашы ўражанні ад надыходзячага сезону могуць аказацца змазанымі.

Ці вялікая рызыка, што ў пастцы апынецца, напрыклад, Red Bull? Мы ж бачылі летась, што памыляцца могуць і ў Мілтан-Кінсе. Задача, якую там ставілі перад сабой на 2024 год, была выкананая толькі часткова – Макс Ферстапен, які фактычна адзін цягнуў на сябе каманду, чэмпіёнам стаў, аднак Кубак канструктараў дастаўся канкурэнтам – McLaren. І калі падначаленыя Крысціана Хорнэра наступяць на яшчэ адны граблі, то ў Уокінгу могуць перахапіць ініцыятыву і стаць дамінатарамі. А мы хочам бачыць зусім іншае.

Але, на маю думку, Red Bull (як, дарэчы, і McLaren) знаходзіцца ў адносна камфортным становішчы. Сілавыя ўстаноўкі ён па-ранейшаму будзе атрымліваць з боку – на гэты раз ад кампаніі Ford. Так што сваіх рэсурсаў аўстрыйскай камандзе павінна хапіць на ўсё. Як і брытанскай, якая застаецца кліентам Mercedes і якая ўжо дакладна ведае, што можа змагацца за перамогу ў чэмпіянаце, а таму эканоміць, напэўна, не будзе ні на чым.

Складаней у пэўным сэнсе будзе таму ж Мерсэдэсу, а таксама Ferrari – выробнікам сілавых установак. Рызыка промаху ёсць, прэцэдэнт мы бачылі якраз з Трохпрамянёвай Зоркай у 2022 годзе, а таксама з Alpine, якая сама вырабляла рухавікі (гэта ж частка агромністага канцэрну Renault, нагадваю), але праз поўнае фіаска стане праз год яшчэ адным кліентам Мерсэдэса.

Канечне, праблемы апошняга былі звязаныя не з маторамі, якія ў мінулым годзе давозілі да першых месцаў і Льюіса Хэмілтана з Джорджам Расэлам, і Ланда Норыса з Оскарам Піастры. Аднак памыляюцца раней ці пазней нават найлепшыя, што летась мы таксама бачылі. Зрэшты, зараз я спрабую заглянуць занадта далёка наперад (таму, дарэчы, не кранаюся пакуль тэмы прыходу ў чэмпіянат свету каманды Cadillac), а ў 2025 годзе галоўныя пытанні, якімі ўсе мы задаемся, звязаныя найперш не з тэхнічным фактарам, а з чалавечым.

Формула 1 – гэта, канечне, камандны спорт, але на трасах мы бачым канкрэтных людзей, асоб, абсалютна розных па характарах і досведзе. І вось у гэтым сэнсе надыходзячы сезон будзе ці не найцікавейшым за апошнія гады. Як сябе пакажа згаданы Хэмілтан у складзе Ferrari, побач з Шарлем Леклерам? Ці ўдала ў Mercedes паставілі на навічка Андрэа Кімі Антанэлі, а ў Red Bull – на амаль навічка Ліама Лоўсана? Наколькі перспектыўным, нарэшце, акажацца крок Карласа Сайнса, які цяпер выступае за Williams?

Паспрабуем спрагназаваць падзеі ў асобных размовах пра кожную з каманд. Тут адзначу толькі, што ў нас ёсць падставы чакаць вельмі цікавай барацьбы як мінімум у першай палове сезону. Сілы фаварытаў чэмпіянату свету пад канец дзеяння цяперашніх правіл выраўняліся, а фактар новай крыві амаль ва ўсіх топ-камандах можа згуляць самым нечаканым чынам. Таму не панікуем занадта рана і чакаем цікавых гонак. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

McLaren Formula 1 Team

Першае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (666 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Ланда Норыс (Вялікабрытанія, стартавы нумар 4), другое месца ў 2024 годзе (374 ачкі), Оскар Піастры (Аўстралія, стартавы нумар 28), чацвёртае месца ў 2024 годзе (292 ачкі). Рэзервовыя пілоты: Рыа Хіракава (Японія), Патрысіа О’Ворд (Мексіка).

Кіраўнік: Андрэа Стэла

Тэхнічныя дырэктары: Пітэр Прадрому (аэрадынаміка), Ніл Холдзі (распрацоўка)

Галоўны канструктар: Роб Маршал

Вось гэта сапраўды поспех – з чацвёртага месца сярод каманд пасля 2023 года на першае па выніках 2024-га! Мара кіраўніка гоначнага падраздзялення McLaren Зака Браўна здзейснілася, і летась яго калектыў змагаўся за тытул у чэмпіянаце свету.

Так, у выніку Ланда Норыс саступіў Максу Ферстапену, які ў асобных гонках выглядаў проста на галаву вышэй (як, зрэшты, і яго каманда адносна канкурэнтаў). Але, спадзяюся, брытанец зразумеў, дзе ён можа прыбавіць, каб дацягнуцца да ўзроўню цяпер ужо чатырохразовага чэмпіёна.

Ланда ў мінулым годзе не хапіла дзесці пераможнага досведу, дзесці псіхалагічнай устойлівасці. Адно тут непарыўна звязанае з адным, і цяпер Норыс мусіць разабрацца з гэтай хібай. Галоўнае, што каманда, відаць па ўсяму, ужо на старце сезону падасць яму балід, з якім ён хутка знойдзе паразуменне і раскрые і яго патэнцыял, і свой уласны.

Пра Оскара Піастры я, канечне, не забываюся, і аўстраліец таксама мае ўсе шанцы адразу ўключыцца ў барацьбу за самыя высокія месцы. Што ён гатовы да гэтага, мы добра бачылі не аднойчы цягам мінулага сезону, і да гэтага мусіць быць гатовая і каманда, каб пазбегнуць непрыемных эксцэсаў, падобных на той, што мы бачылі на Гран Пры Вугоршчыны летась, калі толькі розум Оскара і Ланда ўратаваў іх ад стратэгічна небяспечнай сваркі.

Думаю, зрэшты, што мінулы год шмат чаму навучыў і камандны мосцік McLaren. Калектыў цяпер выдатна разумее свае магчымасці і здольнасці кожнага са сваіх пілотаў. Склад якіх – не ўстрымаюся ад здагадкі! – на сёння ці не лепшы ў Формуле 1. Улічваем таксама тэхнічны ўздым брытанскага калектыву і… назаваем яго галоўным фаварытам у змаганні за тытул у гэтым годзе? Толькі і ў яго канкурэнтаў ёсць што яму супрацьпаставіць.

Scuderia Ferrari HP

Другое месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (652 ачкі) 

Склад: Шарль Леклер (Манака, стартавы нумар 16), трэцяе месца ў 2024 годзе (356 ачкоў), Льюіс Хэмілтан (Вялікабрытанія, стартавы нумар 44), сёмае месца ў 2024 годзе (223 ачкі)*. Рэзервовыя пілоты: Антоніа Джавінацы (Італія) і Гуаньюй Джоў (Кітай).

* У складзе Mercedes

Кіраўнік: Фрэдэрык Васёр

Тэхнічны дырэктар: Лойк Сэра

Галоўны матарыст: Энрыка Гуалцьеры

Яшчэ адно здзяйсненне мараў, прытым, падобнае на тое, узаемнае. У Маранэла даўно жадалі атрымаць Льюіса Хэмілтана, які і сам ніколі не хаваў, што хацеў бы аднойчы апрануцца ў чырвоны камбінезон. Ну а адкат Mercedes з чэмпіёнскіх пазіцый і занадта павольнае вяртанне каманды наверх відавочна падштурхнулі брытанца да рашучага кроку.

Пытанне цяпер толькі ў тым, ці пацягне за сабой гэтае здзяйсненне мараў і наступнае, і ці вернецца нарэшце чэмпіёнская адзінка на балід Ferrari. Гэтага чакаюць, здаецца, нават тыя, хто Скудэрыю ўвесь час ненавідзеў. Гэта было б карысна не толькі самой камандзе, але і ўсёй Формуле 1. Гэта, нарэшце, падарыла б нам прыгожую і напружаную барацьбу за тытул.

Але тут нельга не задацца і іншымі пытаннямі, галоўнае з якіх – а ці не прайшоў час Льюіса? Яму ўжо сорак гадоў, і такі ўзрост у чэмпіянаце свету выключэнне, а не правіла. Так, Фернанда Алонса нават старэйшы за Хэмілтана і пры пэўных умовах яшчэ таксама мае шанцы гучна пляснуць дзвярыма, але Формула 1 усё роўна што вайна – справа маладых.

Эксперымент, аднак, мы ўсё роўна назіраем цікавы. Таму што Льюіс на самай справе па-ранейшаму хуткі, і перамагаць не развучыўся. Выступае ён пры гэтым побач з Шарлем Леклерам, які таксама ведае смак пераможнага шампанскага. І калі балід SF-25 будзе канкурэнтаздольным у руках кожнага з іх, лёгкага жыцця не будзе ні ў McLaren, ні ў Red Bull.

Толькі канкрэтна Льюісу лепей бы паспрабаваць вярнуцца на вяршыню сёлета, бо пасля змены рэгламенту можа радыкальна змяніцца і ландшафт усяго чэмпіянату свету. У Леклера з яго вялікім запасам па часе ў гэтым сэнсе яўная перавага. А гэта значыць, што ўнутрыкаманднае супрацьстаянне ў Ferrari – асабліва калі SF-25 сапраўды акажацца хуткім – будзе ў гэтым годзе надзвычай вострым.

Сітуацыя 2007 года, калі Хэмілтан не падзяліў са згаданым Алонса McLaren, не паўторыцца – і ў самога Льюіса, і ў Шарля дастаткова розуму для гэтага. Аднак яны могуць пачаць адбіраць адзін у аднаго ачкі, і на фінішы сезону для заваявання тытулу камусьці з іх можа не хапіць літаральна некалькіх. У тым выпадку, канечне, калі яны насамрэч будуць змагацца за тытул.

А гэта, як мы ўсе разумеем, зусім не гарантавана, тым больш што брытанцу ўсё роўна трэба будзе адаптавацца на новым працоўным месцы. На яго карысць, безумоўна, грае тое, што разам з ім з Mercedes перайшлі і некаторыя ключавыя спецыялісты, але той жа гоначны інжынер у сяміразовага чэмпіёна новы – Рыкарда Адамі. І з ім Льюіс яшчэ мае дасягнуць той жа сінергіі, што ў яго была з Пітэрам Бонінгтанам у Браклі.

Іншымі словамі, сяміразовы чэмпіён свету ў Ferrari – гэта не абавязкова перавага. Паспяховасць супрацы брытанца і італьянскага калектыву будзе залежыць ад мноства фактараў, прытым што ў Леклера будзе сваё бачанне таго, хто менавіта павінен выйграць для Скудэрыі наступны тытул, і роллю другога нумару ён не задаволіцца. І калі каманда паспяхова здасць тэхнічны экзамен, яе будзе чакаць няпростае псіхалагічнае выпрабаванне.

Oracle Red Bull Racing

Трэцяе месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (589 ачкоў) 

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Макс Ферстапен (Нідэрланды, стартавы нумар 1), чэмпіён 2024 года (437 ачкоў), Ліам Лоўсан (Новая Зеландыя, стартавы нумар 30), дваццаць першае месца ў 2024 годзе (4 ачкі)*. Рэзервовы пілот Аюму Іваса (Японія).

* У складзе Racing Bulls

Кіраўнік: Крысціан Хорнэр

Тэхнічны дырэктар: П’ер Вашэ

Галоўны інжынер: Пол Монаган

Галоўны канструктар: Бэн Уотэрхаўс

А прыслухаліся б да Серхіа Перэса – не прыйшлося б з ім па сканчэнні мінулага сезону расставацца! Калі ж сур’ёзна, то Чэка, як высветлілася летась, яшчэ сезонам раней сігналізаваў пра наяўнасць сапраўдных праблем. Да пары – і пакуль канкурэнты не набралі моц – Ферстапен вывозіў калектыў на пару з мексіканцам, які ў 2023-м стаў віцэ-чэмпіёнам. Але затым Серхіа цалкам страціў разуменне з балідам, а патэнцыяла Макса хапіла толькі для заваявання ім чацвёртага тытулу, і тое дзякуючы перавазе, здабытай на першых этапах, і некалькім яскравым гонкам з апошніх у сезоне.

Інакш кажучы, ні пра якое дамінаванне, як у 2023 годзе, у 2024-м гаворкі не ішло. А з улікам прагрэсу не толькі McLaren, але і Ferrari можна смела прагназаваць надзвычай няпросты для Red Bull сезон-2025. Калектыў з Мілтан-Кінса пазбавіўся свайго слабага звяна ў асобе Перэса, але ці ёсць адэкватнай яму заменай Ліам Лоўсан, які будзе праводзіць свой першы поўны сезон?

У канцы мінулага года доктар Хельмут Марка замяніў новазеландцам у складзе Racing Bulls аўстралійца Даніэля Рыкарда, які, нягледзячы а ўвесь свой досвед, на фоне Юкі Цуноды не бліскаў. Лоўсан стартаваў толькі ў шасці апошніх Гран Пры сезону, у якіх набраў чатыры ачкі – таксама не тое, каб многа, але і не радыкальна меней за Цуноду, які за аналагічны перыяд зарабіў восем балаў.

Калі б Марка з Крысціанам Хорнэрам не былі ўпэўненыя ў тым, што Ліам гатовы стаць напарнікам Ферстапена, ён бы не апынуўся ў Red Bull. Таму можна чакаць, што справы ў Лоўсана пайдуць лепей, чым у Перэса, і ачкі ён будзе здабываць больш рэгулярна. І пры гэтым наўрад ці будзе адбіраць іх у Макса, якому моцны канкурэнт у асобе напарніка па камандзе па-ранейшаму не патрэбны.

Разам з тым зусім адмовіцца ад уласных амбіцый Лоўсан не зможа, асабліва калі ў яго выявяцца талент і хуткасць. Ведаючы Ферстапена (а асабліва – яго бацьку), можна прадказаць, што цярпець ён тады будзе да пары. І, магчыма, і не працягне кантракт з Red Bull, калі надыйдзе час. Пры пэўных умовах можа ізноў вылезці вонкі і псіхалагічная няўстойлівасць нідэрландца, якая дадаткова ўскладніць яму жыццё.

Канечне, не абавязкова мы пабачым гэты сцэнарый менавіта ў такім выглядзе і ў гэтым годзе. Хутчэй, наадварот, Ферстапен застанецца форвардам каманды, а Лоўсан будзе гуляць у абароне – набірацца досведу і прыносіць камандзе дадатковыя ачкі. Большага ад яго на сёння ніхто не патрабуе, а перамагаць ёсць каму – Макс адпаведных навыкаў не страціў. І сёлета ён застанецца ў коле прэтэндэнтаў на тытул, хіба што гуляць у любімую гульню яму цяпер прыйдзецца на максімальным узроўні складанасці.

Mercedes-AMG PETRONAS Formula One Team

Чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (468 ачкоў) 

Склад: Джордж Расэл (Вялікабрытанія, стартавы нумар 63), шостае месца ў 2024 годзе (245 ачкоў), Андрэа Кімі Антанэлі (Італія, стартавы нумар 12), дэбютант. Рэзервовы пілот Валтары Ботас (Фінляндыя).

Кіраўнік: Тота Вольф

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Элісан

Галоўны гоначны інжынер: Эндру Шоўлін

Галоўны матарыст: Хайвэл Томас

Адзін з самых інтрыгоўных складаў гоншчыкаў у сезоне-2025! Мы ўжо выдатна ўсё ведаем пра Джорджа Расэла: ён хуткі, ён можа перамагаць, што рабіў ужо не аднойчы, ён абсалютна гатовы да ролі вядоўцы ў камандзе. А што яго новы напарнік? Ху із містэр Антанэлі? Дакладней, канечне, сіньёр, бо ён італьянец.

Андрэа Кімі некалькі папярэдніх сезонаў даволі ўдала выступаў у моладзевых серыях з адкрытымі коламі, але вось у Формуле 2 летась адзначыўся толькі шостым месцам. Тым не менш у Mercedes вырашылі, што ён гатовы да паўнавартаснага дэбюту ў чэмпіянаце свету і спаборніцтва з лепшымі гоншчыкамі планеты.

Зразумела, што і ад яго ніхто не будзе патрабаваць перамогі ў барацьбе за тытул адразу ж. Тут усё стандартна: набірацца досведу, спрабаваць набіраць ачкі, па магчымасці – не часта біць машыны. Будзе атрымлівацца заязджаць на подыумы – выдатна, ну а калі гонку зможа выйграць – дык наогул ідэал. Хаця ў камандзе ёсць каму атрымліваць перамогі на Гран Пры.

Расэл не губляўся і на фоне Хэмілтана, таму і цяжар першага нумару яму па сілах. Аднак у пэўным сэнсе брытанец усё роўна стаіць перад новым выклікам, тым больш што Тота Вольф, падазраю, паставіў сваім спецыялістам задачу асноўныя сілы кінуць на падрыхтоўку да 2026-га. Таму што ў 2024-м у параўнанні з папярэднім Срэбраныя Стрэлы здалі ну надта ўжо відавочна, апусціўшыся з другога месца ў Кубку канструктараў на чацвёртае.

Так, калі лічыць балы, дык Mercedes нават адыграўся, аднак канкурэнты – McLaren і Ferrari – прыбавілі яшчэ мацней. Хутчэй за ўсё, сярод топ-каманд расклад сіл будзе прыблізна такім жа і сёлета, і навошта тады спрабаваць скочыць вышэй за галаву? Да таго ж, з меншымі амбіцыямі ўсёй каманды і навічку будзе лягчэй да яе адаптавацца, каб у 2026-м, калі Джэймс Элісан з Хайвэлам Томасам належным чынам выканаюць сваю частку працы, вярнуцца да барацьбы за тытул.

Але гэта, канечне, маё дапушчэнне, тады як у Браклі могуць кіравацца і іншай логікай. Толькі я ўсё роўна не думаю, што той жа Расэл будзе ў надыходзячым сезоне частым госцем вяршынь подыумаў. На асобных этапах – так, безумоўна, ён стрэліць абавязкова, як было і ў мінулым годзе. Аднак сістэматычна нерваваць Ланда Норыса і Макса Ферстапена, а таксама Шарля Леклера з Льюісам Хэмілтанам у яго наўрад ці атрымаецца.

Карацей, у Mercedes на сёння якраз прэдрэвалюцыяная сітуацыя і склалася. Іншая справа, што не кожная рэвалюцыя сканчаецца перамогай рэвалюцыянераў (беларусы, не ўпадаць у адчай), таму падрыхтоўка да яе стане ключом да поспеху.

Aston Martin Aramco Formula One Team

Пятае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (94 ачкі) 

Матор: Mercedes

Склад: Фернанда Алонса (Іспанія, стартавы нумар 14), дзявятае месца ў 2024 годзе (70 ачкоў), Лэнс Строл (Канада, стартавы нумар 18), трынаццатае месца ў 2024 годзе (24 ачкі). Рэзервовы пілот: Феліпэ Другавіч (Бразілія).

Кіраўнік: Эндзі Каўэл

Тэхнічны дырэктар: Энрыка Кардыле

Так, пятае месца ў 2024 годзе, такое ж, як і ў 2025. Але па ачках каманда з Сільверстоўна шчыра прадула. І тут ужо не атрымаецца пакпіць з Лэнса Строла, маўляў, тата купіў яму дарагую цацку, якую, калі што, можна і зламаць. Балаў сёлета ў параўнанні з папярэднім сезонам моцна не дабраў не толькі канадзец, але і яго напарнік – двухразовы чэмпіён Фернанда Алонса. Таму па выніках сезону-2024 былі зробленыя арганізацыйныя высновы.

Па-першае, Майк Крак саступіў пасаду кіраўніка Aston Martin Эндзі Каўэлу, які ў сваю чаргу адправіў у адстаўку Дэна Фэлоўза, які быў тэхнічным дырэктарам каманды. Яго замяніў Энрыка Кардыле, які дагэтуль займаў аналагічную пасаду ў Ferrari, але… Скудэрыю такі хуткі пераход яе былога спецыяліста не задаволіў, і яна звярнулася ў суд, які заняў яе бок. У выніку заступіць на працу ў Aston Martin Кардыле зможа не раней за 18 ліпеня гэтага года. Аднак больш за ўсё брытанскі калектыў узмацніў не ён.

Мае брытанскія калегі нядаўна звярнулі ўвагу на тое, што пілоты, якія станавіліся чэмпіёнамі на машынах, сканструяваных Эдрыанам Ньюі, потым без яго тытулаў ужо не выйгравалі. Не ведаю, ці непакоіць такая статыстыка Макса Ферстапена, дый Лоўрэнс Строл наўрад ці шмат разважаў над гэтым фактам. А пра той, што Ньюі – адзін з лепшых спецыялістаў па аэрадынаміцы гоначных машын за ўсю гісторыю, канадзец дакладна думаў увесь час.

І вось цяпер Эдрыан сустракае новы выклік і будзе спрабаваць зляпіць цукерку з… Не, ну, канечне, не настолькі ўсё катастрафічна ў Aston Martin. Няпроста – так, але выправіць сітуацыю пры належным кіраванні рэсурсамі (а яны ў каманды вялікія) цалкам магчыма. Толькі наўрад ці цёмна-зялёныя баліды паедуць заўважна хутчэй ужо сёлета. Над версіяй гэтага года працаваў яшчэ Сайман Філіпс, а Ньюі прыступіў да працы толькі ў пачатку сакавіка. Так што плён яго дзейнасці будзе бачны таксама ўжо ў 2026-м.

Гэты ж год, па маім меркаванні, будзе для брытанскай каманды вельмі няпростым. Alpine, канечне, пакуль што працягне карыстацца сілавымі ўстаноўкамі ўласнага выбару, але ў канцы мінулага сезону французы відавочна прыбавілі адносна пачатку. І калі б не зусім бляклая іх форма цягам большасці Гран Пры, быць бы ім наперадзе брытанцаў. Сёлета ж яны нядрэнна выглядалі ўжо на перадсезонных тэстах, пры ўсёй адноснасці іх вынікаў. Пры гэтым адыграцца напэўна паспрабуюць і ў Racing Bulls, і ў Haas, і ў Sauber, і ў Williams.

Іншымі словамі, я не здзіўлюся, калі па выніках гэтага сезону Астаны ў Кубку канструктараў апусцяцца нават ніжэй за папярэдні. Аднак цяпер ёсць падставы меркаваць, што для таго, каб высока скочыць праз год.

BWT Alpine Formula One Team

Шостае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (65 ачкоў) 

Склад: П’ер Гаслі (Францыя, стартавы нумар 10), дзясятае месца ў 2024 годзе (42 ачкі), Джэк Дуэн (Аўстралія, стартавы нумар 7), дваццаць чацвёртае месца ў 2023 годзе (0 ачкоў). Рэзервовыя пілоты: Франка Калапінта (Аргенціна), Рыа Хіракава (Японія)

Кіраўнік: Олівер Оўкс

Тэхнічны дырэктар: Дэвід Санчас

Канечне, не Эстэбан Акон, з якім каманда з Энстоўна развіталася ў канцы мінулага сезону, замяніўшы яго якраз Джэкам Дуэнам, быў каранём усіх праблем. Шмат пралікаў дапусціў тэхнічны штаб, дый свае матарысты ізноў не дапрацавалі. Хаця яшчэ ў 2022 годзе тагачасны выканаўчы тэхнічны дырэктар Alpine заявіў, што калектыў ахвяраваў надзейнасцю сілавой устаноўкі дзеля яе прадукцыйнасці.

У тым сезоне калектыў заняў чацвёртае месца ў Кубку канструктараў, аднак затым адкаціўся на шостае, на якім знаходзіцца і па сёння, з’яўляючыся самым слабым з заводскіх. Замена Отмара Сафнаўэра Бруна Фамэнам, а затым Фамэна Оліверам Оўксам патрабаванага плёну не дала. Рухавік, па словах Оўкса, застаецца галоўным слабым месцам Alpine, але тут хоць Mercedes на дапамогу прыйдзе. А вось з усім астатнім кіраўніцтву каманды прыйдзецца разбірацца самастойна.

Спадчына яе новаму кіраўніку засталася і не ад прадзедаў, і не спакон вякоў, і дакладна яна яму не ласкай матчынай. Оўкс мае знайсці галоўную прычыну такога пройгрышу вельмі моцнай, насамрэч, каманды. На гэты сезон Олівер ставіць рэалістычныя задачы і пра барацьбу з лідарамі не марыць. Верагодна, для яго ў першую чаргу мае сэнс засяродзіцца на падрыхтоўцы да 2026 года, тым больш што выдаткаў на сілавую ўстаноўку больш не будзе.

Так што гоншчыкам трэба проста ператрываць і паспрабаваць не страціць матывацыю. Тычыцца гэта найперш П’ера Гаслі, які застаецца дастаткова хуткім і здольным на поспех, які пры пэўных умовах можа выражацца і выйгранымі гонкамі. Яму псіхалагічна будзе цяжэй, бо ён будзе больш патрабаваць сам ад сябе, тады як Джэк Дуэн разумее, што ў свой першы поўны сезон яму проста трэба вучыцца і не спрабаваць угнацца за фаварытамі. Пры гэтым назіраць за яго выступленнямі і параўноўваць яго форму з іншымі навічкамі будзе цікава.

Думаю, аднак, што як мінімум утрымаць цяперашнія пазіцыі ў Alpine сёлета ёсць. Тыя ж тэсты ў Бахрэйне каманда правяла без асаблівых праблем (як, зрэшты, і ўсе наогул) і нават быццам бы прыбавіла ў тэмпе адносна 2024 года. Але, канечне, яе сапраўдны стан будзе зразумелы толькі пасля першых гонак. Надзея на лепшае, прынамсі, ёсць, і не беспадстаўная. Хіба што і тут уздыхнуць з палёгкай не дадуць непасрэдныя канкурэнты.

MoneyGram Haas F1 Team

Сёмае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (58 ачкоў) 

Матор: Ferrari

Склад: Эстэбан Акон (Францыя, стартавы нумар 31), чатырнаццатае месца ў 2024 годзе (23 ачі), Олівер Бэрман (Вялікабрытанія, стартавы нумар 87), васямнаццатае месца ў 2024 годзе (7 ачкоў)*. Рэзервовы пілот: П’етра Фіціпальдзі (ЗША)

* У складзе Ferrari і Haas

Кіраўнік: Аяо Камацу

Тэхнічны дырэктар: Андрэа дэ Зорда

Прагрэс у параўнанні з 2023 годам відавочны – Haas больш не аўтсайдэр. Амерыканскі калектыў ізноў серадняк, але канкурэнцыя ў ніжняй палове Кубку канструктараў даволі напружаная, сведчаннем чаму Alpine наперадзе, прытым што абыйсці французаў шанцы былі.

Асноўным дастаўнікам ачкоў цягам сезону быў Ніка Хюлькенберг, які зарабіў сорак адно, але пайшоў у Sauber (чытай – у будучую Audi). Кэвін Магнусэн з шаснаццацю заняў патнаццатае месца і наогул пакінуў Формулу 1 і знайшоў прытулак у чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць у камандзе BMW. Таму новы сезон каманда з Канапаліса пачынае з поўнасцю новым складам.

Дакладней, амаль з новым, бо Олівера Бэрмана тут усе добра ведаюць – брытанец раней быў рэзервовым пілотам Haas. І нават замяніў на Гран Пры Азербайджана згаданага Магнусэна, які стаў першым гоншчыкам, які набраў дванаццаць штрафных балаў, за што вымушаны быў прапусціць адзін этап. А раней, на Гран Пры Саудаўскай Аравіі ў пачатку сезона, Олівер выдатна замяніў у складзе Ferrari Карласа Сайнса, якому спатрэбілася тэрміновая аперацыя па выдаленні апендыксу.

Важна пры гэтым, што ачкі Бэрман зарабіў у абедзвюх гонках, у якіх стартаваў. Таму і чаканні ад яго будуць павышаныя, і лепей бы надта дасведчанаму Эстэбану Акону, які прыйшоў з Alpine, не саступаць. Думаю, і сам Олівер будзе дастаткова матываваным, прытым што ў камандзе цвяроза ацэньваюць свае сілы і не будуць патрабаваць ад маладога пілота немагчымага.

Матываваным напэўна будзе і Акон, для якога справай гонару будзе пакідаць на трасах ззаду баліды Alpine. Патэнцыял для гэтага ў Haas ёсць дакладна, і пятае месца ў Кубку канструктараў па выніках сезону выглядае дасяжным. Фінансавых сродкаў у каманды таксама хапае – усе, напэўна, заўважылі, што на тэстах у Бахрэйне насупраць яе боксаў на піт-воле стаяла ўжо вялікая альтанка для інжынераў і кіраўнікоў. Іх пісьменная праца ў спалучэнні з таксама пісьменнай працай гоншчыкаў на трасе дапамогуць далейшаму прагрэсу.

Visa Cash App Racing Bulls Formula One Team

Восьмае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (46 ачкоў) 

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Юкі Цунода (Японія, стартавы нумар 22), дванаццатае месца ў 2024 годзе (30 ачкоў), Айзэк Хаджар (Францыя, стартавы нумар 6), дэбютант. Рэзервовы пілот: Аюму Іваса (Японія)

Кіраўнікі: Ларан Мекіс, Петэр Баер

Тэхнічны дырэктар: Цім Гос

Малодшаму калектыву Чырвоных Быкоў і так апошнімі сезонамі складана, а тут яшчэ за пару дзён да пачатку сезону яе пакінуў тэхнічны дырэктар Джодзі Эгінтан, які цяпер узначаліць інжынерны дэпартамент у падраздзяленні Red Bull Advanced Technologies. Яго замяніў Цім Гос, якому будуць дапамагаць Гіём Катэлані і Андрэа Ландзі, але ці пяройдзе колькасць кіраўнікоў у якасць кіравання?

У Racing Bulls імкнуцца да як мага большай аўтаноміі ад Red Bull, што само па сабе слушна. Па-першае, трэба напрацоўваць свае тэхнічныя кампетэнцыі, а па-другое, просты капіпаст канструкцыйных элементаў у Формуле 1 усё роўна не працуе. Ад калектыву з Фаэнцы ніхто ў прынцыпе і не патрабуе біцца за перамогі, але сярод сераднякоў яму лепей бы быць лепшым.

Магчымасць стаць такім летась была, але Юкі Цунода па розных прычынах не дабіраў балаў, а ў Даніэля Рыкарда ўсё наогул ішло цераз пень-калоду, за што каманда адмовілася ад яго паслуг пасля Гран Пры Сінгапура. У Ліама Лоўсана, які яго замяніў, удзельная колькасць здабытых балаў на праведзеныя гонкі аказалася вышэйшай, дзякуючы чаму ён стаў напарнікам Макса Ферстапена ў Red Bull.

Цунода ж застаўся ў Racing Bulls, а яго новым напарнікам стаў дэбютант чэмпіянату свету года Айзэк Хаджар. Француз у 2024 годзе стаў віцэ-чэмпіёнам Формулы 2, таму да Формулы 1 ён гатовы. Каманда для дэбюту ў яго ці не ідэальная, і калі ён здолее добра зарэкамендаваць сябе ў ёй, то, напэўна, здзейсніць і сваю мару аб паўтарэнні шляху Ферстапена.

Калі я маю рацыю, і ў Alpine на самай справе зрабілі стаўку на 2026 год, то навязаць барацьбу французам або нават апярэдзіць іх у Кубку канструктараў у Гоначных Быкоў сёлета атрымаецца. З Haas будзе складаней, але і амерыканцы ў зоне дасяжнасці, таму барацьба ў ніжняй частцы першай дзясяткі будзе напружанай на кожным Гран Пры.

Williams Racing

Дзявятае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (17 ачкоў) 

Матор: Mercedes

Склад: Алекс Албан (Тайланд, стартавы нумар 23), шаснаццатае месца ў 2024 годзе (12 ачкоў), Карлас Сайнс (Іспанія, стартавы нумар 55), пятае месца ў 2024 годзе (290 ачкоў)*.

* У складзе Ferrari

Кіраўнік: Джэймс Ваўлз

Тэхнічны дырэктар: Пэт Фрай

Галоўны гоначны інжынер: Дэйв Робсан

Галоўны канструктар: Мэт Харман

Галоўны інжынер Фабрыс Манкад

Усё ж такі не перастаю задавацца пытаннем, ці слушна зрабіў Карлас Сайнс, падпісаўшы кантракт менавіта з Williams. Калі па выніках 2023 года калектыў з Гроўва выглядаў яшчэ больш ці менш нядрэнна і знаходзіўся на сёмым месцы ў Кубку канструктараў, то ў 2024-м ён адкаціўся на дзявятае.

Логан Сарджэнт у асноўным не ачкі зарабляў, а біў машыны, што сітуацыю Willims, мякка кажучы, не паляпшала. Алекс Албан аддуваўся за двух, але паказаць усю хуткасць, на якую ён быў здольны, ён не мог па прычыне занадта павольнага развіцця баліду.

У выніку пасля Гран Пры Нідэрландаў і чарговай відовішчнай аварыі каманда развіталася з амерыканцам і замяніла яго Франка Калапінта, у якога неяк амаль адразу ўсё пачало нядрэнна атрымлівацца. За дзевяць этапаў аргенцінец зарабіў пяць ачкоў, што роўна на пяць болей за тыя, што Сарджэнт набраў за папярэднія пятнаццаць Гран Пры.

Відавочна, Калапінта здолеў бы раскрыцца ў надыходзячым сезоне, але ў Williams месца яму не знайшлося, збольшага праз Сайнса. Зразумела, чаму ў іспанцы была зацікаўленая каманда, але пра што думаў сам Карлас? Ён ведае штосьці такое, чаго не ведаем мы? Што ў 2026-м калектыў здолее выйграць яго ўласнымі высілкамі дзясяты Кубак канструктараў? Або Сайнс вырашыў проста перачакаць і пайсці потым… куды? Ды ў той жа Cadillac!

Гэта пакуль што адзінае тлумачэнне кроку Карласа, у якога быў, здавалася, неабмежаваны выбар каманд для пераходу. Натуральна, не ва ўсіх чакалі менавіта яго, але, па яго ўласнаму прызнанню, добрыя варыянты, у тым ліку падпісанне кантракту з Audi, у яго былі. Але нюх прывёў яго ў Williams, што для нас, зрэшты, будзе інтрыгоўна.

Каманда Джэймса Ваўлза па-ранейшаму перажывае няпростыя часы, але вострая фаза крызісу, здаецца, усё ж такі пераадоленая. І склад пілотаў у яе на сёння дастаткова моцны – узровень таго ж Албана, насамрэч, адпавядае і топ-камандам (у адной з якіх Алекс, калі памятаеце, выступаў). Так што калі развіццю шасі FW47 сёлета нішто не будзе перашкаджаць, шанцы адыграцца ў Williams будуць. Ну а 2026 год усё роўна змяшае абсалютна ўсе карты, і тады, магчыма, Сайнс і сам нікуды не захоча пераходзіць.

Stake F1 Team Kick Sauber

Дзясятае месца ў Кубку канструктараў у 2024 годзе (4 ачкі) 

Матор: Ferrari

Склад: Ніка Хюлькенберг (Германія, стартавы нумар 27), адзінаццатае месца ў 2024 годзе (41 ачко)*, Габрыэль Барталета (Бразілія, стартавы нумар 5), даэбютант.

* У складзе Haas

Кіраўнік: Маціа Бінота

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Кі

Галоўны інжынер: Бэнджамін Кох

Кажам «стабільнасць», маем на ўвазе не Беларусь, а Sauber. У швейцараскага калектыву ўсё стабільна фігова, і бясконцыя замены кіраўнікоў не дапамагаюць. Хоць, зразумела, ў Хінвіле ўжо проста жывуць 2026 годам, калі яны пераўтворацца з Sauber у Audi. І крок Ніка Хюлькенберга, які загадзя прыйшоў сюды з Haas, у гэтым сэнсе абсалютна зразумелы і лагічны.

Напэўна, і перспектыўны, з улікам таго, што ў Інгальштадзе не шкадуюць сродкаў на свой праект у Формуле 1. Усе астатнія звёрнутыя, таму, у прыватнасці, мы так і не дачакаліся вяртання Audi ў WEC і Ле Ман. А значыць, у выйгрышнай пазіцыі знаходзіцца і дэбютант чэмпіянату свету Габрыэль Барталета.

Канечне, сёлета мінулагодні чэмпіён Формулы 2 гарантавана будзе змагацца хіба за апошнія пазіцыі, аднак досведу ён набярэцца вельмі неабходнага. У падобнай сітуацыі ў Williams некалі быў Расэл, які, прывыкшы да, прама скажам, не найхутчэйшай машыны, потым перасеў на Mercedes. Так, таксама ўжо не найхутчэйшы на той момант, але нават з яго брытанец пачаў выціскаць тое, што не атрымлівалася нават у сяміразовага чэмпіёна Льюіса Хэмілтана.

Таму так, у надыходзячым сезоне Sauber застанецца прыкладна там жа, дзе ён быў і летась. Тым не менш назіраць за ім, а дакладней, за яго пілотамі, трэба будзе пільна. На што на хуткай тэхніцы здольны Ніка, мы ўсе ведаем, Габрыэль яшчэ мае сябе паказаць, але ён можа нас прыемна здзівіць, асабліва калі каманда вырашыла не эканоміць на балідзе гэтага года дзеля машыны наступнага пакалення.

Ізноў жа ўспамінаем перадсезонныя тэсты, якія так, далі нам толькі самае агульнае ўяўленне раскладу сіл. Аднак нават па іх выніках можна зрабіць выснову, што не стаць апошнім і па выніках 2025 года ў Sauber шанцы не нулявыя. Ну а ў 2026-м пачнецца зусім іншая гісторыя, і ўжо Audi, пры ўсёй магчымасці паўтарэння гісторыі Таёты, у любым выпадку апынецца на зусім іншым узроўні.