Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/З аптымізмам глядзім у будучыню пасля Гран Пры Аўстраліі. У Мельбурне пачаўся новы сезон Формулы 1

З аптымізмам глядзім у будучыню пасля Гран Пры Аўстраліі. У Мельбурне пачаўся новы сезон Формулы 1

16 сакавіка, 22:19
З аптымізмам глядзім у будучыню пасля Гран Пры Аўстраліі. У Мельбурне пачаўся новы сезон Формулы 1

Фота: formula1.com

Калі першае ўражанне самае слушнае, то на наступных дваццаці трох этапах чэмпіянату свету нас чакае шмат цікавага. Безадносна сённяшніх абставін на Альберт-Парку, у якіх перамог Ланда Норыс.

Траса ў Мельбурне заўсёды была такой рэччу ў сабе. Надта ўжо яна адрозніваецца ад усіх астатніх: і не цалкам стацыянарная, і не цалкам вулічная, і не звышхуткая – на ёй няма асабліва доўгіх прамых і амаль няма высокахуткасных паваротаў. Таму калі сезон стартуе на ёй, даволі цяжка зразумець сапраўдны расклад сіл. Аднак па выніках гэтага ўік-энду якія-ніякія высновы рабіць усё ж такі можна.

Я пакуль што не буду параўноўваць свае ўражанні з прагнозамі, якія рабіў у перадсезонным прэв’ю – для гэтага ўжо трэба набраць больш статыстыкі па выніках, так бы мовіць, звычайных гонак. Але ў цэлым тое, што мы пабачылі падчас сённяшняй незвычайнай у Аўстраліі, прыкладна адпавядае маім адчуванням перад стартам семдзесят пятага сезону чэмпіянату свету.

Па-першае, цалкам пацвердзілася форма каманды McLaren, пілоты якой выглядаюць абсалютнымі фаварытамі. І Ланда Норыс, і Оскар Піастры былі хуткімі цягам усіх сесій Гран Пры Аўстраліі, і па выніках кваліфікацыі яны занялі першы шэраг стартавай рашоткі. Следам за імі размясціўся цяпер ужо чатырохразовы і дзейны чэмпіён Макс Ферстапен, і тут ужо можна казаць пра па-другое – па-ранейшаму складаную сітуацыю ў Red Bull.

Так, замянілі Серхіа Перэса Ліамам Лоўсанам, але на амаль хатнім для яго Гран Пры Аўстраліі новазеландзец не бліснуў – кваліфікаваўся толькі васямнаццатым, а ў гонцы… Ну, у ёй Ліам хаця б стартаваў, у адрозненні ад Айзэка Хаджара – яго зменшчыка ў Racing Bulls. Француз дапусціў тыповую памылку дэбютанта, пераатакаваўшы на мокрай трасе яшчэ на прагрэўным кругу.

Менавіта надворныя ўмовы сталі гэтым разам вызначальнымі. Калі папярэднія сесіі праходзілі на сухой трасе, то ў нядзелю асфальт Альберт-Парка намачыла дажджом. Ды так, што арганізатарам Гран Пры Аўстраліі прыйшлося адмяняць гонку Формулы 2. Дождж перастаў да старту галоўнага заезду ўік-энду, але ўсе пілоты без выключэння ўсё роўна для першага адрэзку абралі прамежкавыя шыны.

Яны, зрэшты, не ўратавалі спачатку згаданага Хаджара, праз непрыемнасці якога старт быў адкладзены на пятнаццаць хвілін, а дыстанцыя гонкі была скарочаная на адзін круг. І першы ж баявы стаў апошнім для навабранца Alpine Джэка Дуэна, які разбіў свой балід на выхадзе з пятага павароту. Ну а ўжо фактычна ў рэжыме нейтралізацыі гонкі аўтамабілем бяспекі ў апошнім павароце, паслізнуўшыся, відаць, на разметцы, вымушана склаў зброю і навабранец Williams Карлас Сайнс.

Дарэчы, іспанец у кваліфікацыі здзівіў усіх прыемна, прычым разам з Алексам Албанам, які паказаў ажно шосты вынік. Карлас замкнуў першую дзясятку, аднак чаканні ад яго ў нядзелю былі высокімі ва ўсіх. Сёння яны, на жаль, не спраўдзіліся, але прычыны для аптымізму адносна брытанскай каманды ў нас усё роўна засталіся, таму што Албан, забягаючы наперад, фінішаваў на выдатным пятым месцы.

Да ўсіх гэтых падзей Ферстапен паспеў прарвацца на другую пазіцыю. Нядрэнна стартавала ўся першая тройка, але Макс быў у больш выгадным становішчы адносна Піастры – ён знаходзіўся на пракатанай траекторыі і меў лепшы зачэп. У выніку нідэрландзец атакаваў аўстралійца на галоўнай прамой, прычым амаль дастаў і Норыса. Ну а на выхадзе са звязцы першага і другога паваротаў, скарыстаўшыся невялікай памаркай Оскара, пакінуў яго ззаду.

Гонка рэстартавала на восьмым кругу, на шаснаццатым ізноў пачаўся дождж, і ўжо на наступным чарга выкарыстоўваць памылку апанента перайшла да Піастры. Ферстапен дапусціў блакіроўку на тармажэнні перад адзінаццатым паваротам, увайшоўшы ў яго зашырока, у выніку чаго аўстраліец апынуўся наперадзе, пачаўшы наганяць і напарніка наперадзе, наблізіўшыся да яго да трыццатага круга.

Каманда, праўда, папрасіла яго не распачынаць барацьбу, каб не рызыкаваць дублем, ды да барацьбы той і не дайшло, бо неўзабаве Піастры адпусціў Норыса, памыліўшыся. На жаль для яго, не ў апошні раз цягам гонкі. Толькі спачатку памыліўся двухразовы чэмпіён свету з Aston Martin Фернанда Алонса, які разбіў машыну на трыццаць другім кругу, пасля чаго на трасе ізноў з’явіўся пэйс-кар. Пад ім многія пераабуліся ў слікі, прычым калі пілоты McLaren перайшлі на Hard, то Ферстапену яго механікі паставілі Medium.

Такі крок быў бы максімальна слушным у сухое надвор’е, але тут набліжаўся новы зарад дажджу. Ён дайшоў да трасы ўжо пасля рэстарту, які адбыўся на сорак другім кругу і на якім Норыс ізноў захаваў лідарства. Але потым для яго з Піастры адначасова празвінеў трывожны званочак, калі яны абодва апынуліся па-за трасай у перадапошнім павароце. Ланда паспяхова выруліў на гоначнае палатно і адразу накіраваўся ў боксы за прамежкавымі шынамі, а вось Оскар, апынуўшыся на асфальце, вылецеў на траву з супрацьлеглага боку трасы.

Вось там аўстраліец і захрас, і затым толькі нейкім цудам на задняй перадачы вярнуўся зноў на асфальт, каб таксама накіравацца ў боксы. У гонку Піастры вярнуўся ці не апошнім, аднак вось яшчэ адно сведчанне ўзроўню яго і McLaren наогул: за кругі, што засталіся, ён здолеў прарвацца на дзявятую пазіцыю і фінішаваць на ёй. Таму чэмпіёнскі патэнцыял на сёння мае не толькі яго напарнік.

Той, дарэчы, у чарговы раз сустрэў аўтамабіль бяспекі лідарам. Нейтралізацыя спатрэбілася пасля таго, як у аварыю патрапіў нарэшце і Ліам Лоўсан, а таксама яшчэ адзін навічок – Габрыэль Барталета з Sauber. Ферстапен, як абодва пілоты Ferrari, прадстаўнік Alpine П’ер Гаслі і Юкі Цунода з Racing Bulls, які стартаваў з высокай пятай пазіцыі, не адразу паехаў пераабувацца, але пад пэйс-карам быў усё ж такі ізноў на прамежкавых шынах і, што галоўнае, на другой пазіцыі.

На астатніх кругах Макс набліжаўся да Ланда і да перадапошняга дагнаў яго. Атака, праўда, не прайшла – не так проста з гэтым на Альберт-Парку, ды яшчэ і калі перад табой дзейны віцэ-чэмпіён. Так што віцэ-чэмпіён гэты і фінішаваў першым, а чэмпіён задаволіўся другім месцам. Аднак гонка ў Мельбурне прадэманстравала, што нават калі ў Red Bull не паедзе належным чынам Лоўсан, то Ферстапен будзе ехаць гэтак жа, як і раней.

Хто яшчэ заслужыў увагі на Гран Пры Аўстраліі? Ды той жа Джордж Расэл, які стартаваў чацвёртым, а фінішаваў трэцім. Хаця найбольш уразіў, канечне, яго новы напарнік па Mercedes Андрэа Кімі Антанэлі. Праваліўшы кваліфікацыю і стартаваўшы шаснаццатым, падчас гонкі італьянец, які падчас барацьбы з Ніка Хюлькенбергам не пазбег развароту, затым усё зрабіў правільна і атрымаў адмашку клецістым сцягам чацвёртым.

Пры гэтым спачатку Антанэлі аштрафавалі пяццю секундамі за небяспечны выезд з піт-лэйна, прапусціўшы ў пратаколе наперад Албана, але каманда абскардзіла судзейскае рашэнне, і гоншчыку вярнулі яго чацвёртае месца. Не памыліліся таксама той жа Албан, напарнік Алонса Лэнс Строл і згаданы Хюлькенберг, якія фінішавалі следам за Андрэа Кімі і прынеслі ачкі Williams, Aston Martin і Sauber.

А вось у Ferrari не проста не адыграліся адносна старту, а нават прайгралі – якраз праз рызыку, калі Шарль Леклер з яго новым напарнікам Льюісам Хэмілтанам засталіся на ўжо мокрай трасе на сліках. Таму, пачаўшы гонку сёмым і восьмым адпаведна, да фінішу манэгаск дабраўся восьмым, а брытанец – наогул дзясятым. Гаслі з Цунодай адкаціліся на адзінаццатае і дванаццатае месцы адпаведна, горш выступілі толькі пілоты Haas: Эстэбан Акон фінішаваў трынаццатым, а Олівер Бэрман, у якога аўстралійскі Гран Пры не задаўся з самага пачатку, замкнуў пратакол на апошнім чатырнаццатым месцы.

Паўтаруся, зрэшты, што этап у Мельбурне не ёсць паказальным, па прычыне і канфігурацыі трасы, і надвор’я падчас гонкі. Тым не менш сапраўдных фаварытаў мы пабачылі ўжо сёння, і яны займаюць верхнія радкі чэмпіянату. Сярод пілотаў становішча ў ім адпавядае вынікам першай гонкі: Норыс лідзіруе з 25-цю ачкамі, Ферстапен з 18-цю другі, Расэл, у якога 15 пунктаў, замыкае першую тройку. У Кубку канструктараў лідзіруе McLaren, але балаў у яго роўная колькасць з Mercedes – па 27. Red Bull на трэцяй пазіцыі, у яго 18 ачкоў.

Траса ў Шанхаі, на якой пройдзе наступны этап, Гран Пры Кітая, ужо бліжэйшая да паняцця «тыповая», таму на ёй мы пабачым больш расклад сіл ужо больш дакладна, асабліва калі надвор’е будзе стабільным. Што прыемна, гэта будзе этап з суботнім спрынтам, таму барацьбы дакладна будзе болей. Ёсць падставы думаць, што напружанай, як ёсць падставы і спадзявацца на цікавы сезон наогул. Глядзім у будучыню з аптымізмам! Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!