Неабсалютныя тайландскія флэшбэкі на Гран Пры Аргенціны. Чэмпіянат MotoGP пераўтвараецца ў чэмпіянат Маркесаў
Фота: motogp.com
Два разы, як мы ўсе ведаем, яшчэ можа быць супадзеннем, а тут у нас, атрымліваецца, пакуль што паўтары разы? Гэта я так спрабую вас заблытаць там, дзе заблытацца цяжка. Надта ўжо яўную перавагу другі раз запар маюць Марк і Алекс Маркесы, адзін з якіх у мінулыя выхадныя перамог і на трасе Тэрмас дэ Рыа Онда.
Можна толькі гадаць, наколькі больш напружанай была б барацьба за перамогу на Гран Пры Аргенціны, як і на папярэднім Гран Пры Тайланда, калі б у ёй удзельнічаў дзейны чэмпіён MotoGP Хорхе Марцін, які ў гэтым годзе выступае за Aprilia Racing. Ну, як выступае… Ужо вядома, што праз атрыманую на тэстах траўму іспанец прапусціць і наступны Гран Пры Амерык, таму аддзімацца прыходзіцца двум яго суайчыннікам.
Дый яшчэ віламі па вадзе напісана, ці здолеў бы Марцінатар цягацца з шасціразовым чэмпіёнам прэм’ер-катэгорыі Маркам Маркесам. Які, нагадаю, сёлета перасеў ужо на заводскі Ducati Desmosedici, і на ім пакуль што выступае так, як некалі на заводскім жа Honda RC213V. З якім нават яму стала цяжка пасля той злапомнай аварыі на Гран Пры Іспаніі 2020 года, якая надоўга вывела яго з ладу.
Затое летась Марк побач са сваім братам Алексам патрэніраваўся на Ducati 2023 года ў складзе Gresini Racing, каб цяпер даказаць усім, хто паспяшаўся яго спісаць, што яны рацыі не маюць зусім. Сапраўдную канкурэнцыю яму толькі Алекс пакуль што і можа скласці, што ёсць Алексу сапраўдным кампліментам. Шанцы на перамогу ў мінулыя выхадныя былі і ў яго, і назваць яго бледным ценем брата ні ў каго язык не павернецца.
Браты былі блізкія і ў кваліфікацыі, заняўшы першы стартавы шэраг. Марк ізноў заваяваў поўл, Алекс размясціўся следам, а трэцім стаў… не, не двухразовы чэмпіён і цяперашні напарнік Марка па Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяя, а Жоан Зарко, які выступае цяпер за Honda LCR. Праўда, Пэка ўдалася апярэдзіць француза ўжо на старце суботняга спрынту, у якім ён фінішаваў трэцім.
Наперадзе ж разгарнулася барацьба паміж Маркесамі. Марк захаваў лідарства на старце, але Алекс доўга не адпускаў яго далей чым на пару дзясятых секунды. І толькі на апошніх кругах, калі ў малодшага з братоў пачаліся пэўныя праблемы са стабільнасцю, разрыў паміж ім і старэйшым узрос амаль да секунды.
Аднак і пры гэтым у Баньяі не атрымалася нават наблізіцца да Алекса – італьянец адстаў ад іспанца амаль на дзве секунды. Адпаведна, Марку, які атрымаў перамогу, Пэка прайграў без малога тры секунды. Хаця ўвагу на сябе звяртала першая тройка наогул – не толькі яе склад супадаў за складам такой на першым этапе ў Тайландзе, але і парадак, у якім гоншчыкі атрымалі адмашкі клецістым сцягам. Што, напэўна, многіх навяло на невясёлыя думкі пра тое, што Формула 1 цяпер стане цікавейшай за MotoGP.
Зрэшты, у нядзельнай гонцы поўнага паўтору такога выніку не атрымалася. Дый пераможца мог бы быць хоць і з прозвішчам Маркес, але не з імем Марк. Старт, праўда, прайшоў амаль аналагічным чынам – лідар чэмпіянату рэалізаваў перавагу поўлу, яго галоўны канкурэнт і брат увязаўся следам за ім, а Баньяя зарубіўся з Зарко, ізноў прарваўшыся на трэцюю пазіцыю.
І ўжо на чацвёртым кругу ў пелатоне адбылася пара важных перастановак, галоўнай з якіх стала змена лідара. Алекс падлавіў Марка на памылцы ў першым павароце і выйшаў наперад, а крыху пазней, у трэцім павароце, на трэцюю пазіцыю, абагнаўшы Зарко і Баньяю, вырваўся Франка Марбідэлі, які прадстаўляе Pertamina Enduro VR46 Racing Team.
Маркесы працягвалі адрывацца ад усіх і спрачацца паміж сабой. Марк у сваю чаргу далёка не адпускаў Алекса, і за дзесяць кругоў да фінішу ледзь не страціў фатальна кантроль над сваім GP25. Ужо пасля фінішу ён прызнаўся, што ў яго былі пэўныя праблемы з задняй шынай, але яны не перашкодзілі шасціразоваму чэмпіёну ўтрымацца ад брата на дыстанцыі атакі.
Першую спробу гэтай атакі Марк зрабіў на васямнаццатым кругу ў пятым павароце, але паспяховай яна не была – гоншчык Ducati прайшоў віраж па занадта шырокай траекторыі. Затое паўторная атака ў тым жа месцы кругам пазней стала выніковай, і Марк вярнуў сабе лідарства. І адразу пачаў адрывацца ад Алекса, давёўшы сваю перавагу над братам за рэшту дыстанцыі амаль да палутара секунд.
Адначасова тэмп узвінціў Баньяя, які пачаў набліжацца да Марбідэлі. Але выйсці на дыстанцыю атакі на суайчынніка Франчэска не паспеў, задаволіўшыся чацвёртым месцам. Франка заняў трэцяе, ну а Маркесы святкавалі другі (а калі ўлічваць і спрынты – то і чацвёрты) запар сямейны дубль. Марк зноў стаў пераможцам, а Алекс фінішаваў другім.
І гэта ўжо ўсё ж такі тэндэнцыя, калі мець на ўвазе, што трасы ў Тайландзе і Аргенціне зусім розныя. Марк і Алекс Маркесы і там, і там выступалі нібы ў сваім асобным класе, і чэмпіянат свету рызыкуе цяпер стаць іх асабістым чэмпіянатам і пачаць прайграваць Формуле 1 па непрадказальнасці. Зрэшты, давайце спачатку пабачым, што там будзе ў Кітаі ў бліжэйшы ўік-энд.
У MotoGP ж, што лагічна, пасля двух этапаў упэўнена, маючы 74 ачкі, лідзіруе Марк Маркес. Алекс з 58-мю пунктамі замацоўваецца на другой пазіцыі, Баньяя, у якога 43 балы, пакуль што замыкае першую тройку. Ducati Lenovo Team гэтак жа пераканаўча – са 117-цю ачкамі – узначальвае камандны залік. Gresini Racing займае другі радок, маючы 61 бал і на два апярэджвае калектыў Pertamina Enduro VR46 Racing Team які замыкае першую тройку.
Паглядзім і на тое, што будзе ў тэхаскім Осціне, дзе 28-31 сакавіка пройдзе трэці этап чэмпіянату – згаданы Гран Пры Амерык. У папярэднія гады на Трасе Амерык бліскалі гоншчыкі не толькі на Ducati, таму не будзем губляць аптымізму і ў выпадку з MotoGP. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!