Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дамінатар і амаль дамінатар. Цім Гайсэр і Ліам Эвертс адсвяткавалі перамогу на мотакросавым Гран Пры Касцільі-ла-Манчы

Дамінатар і амаль дамінатар. Цім Гайсэр і Ліам Эвертс адсвяткавалі перамогу на мотакросавым Гран Пры Касцільі-ла-Манчы

20 сакавіка, 21:43
Дамінатар і амаль дамінатар. Цім Гайсэр і Ліам Эвертс адсвяткавалі перамогу на мотакросавым Гран Пры Касцільі-ла-Манчы

Фота: mxgp.com

Удзельнікам сусветнага мотакросавага чэмпіянату давялося ў іспанскім Косары ў мінулы ўік-энд памясіць гразь. Умовы даволі незвычайныя, дый склад пераможцаў гэтым разам таксама быў не самы прывычны.

Кай дэ Вольф выйграў летась чэмпіянат у малодшай катэгорыі MX2, знаецца, не надта напружваючыся. Але цяпер ёсць надзея на тое, што нідэрландцу, які выйграў і першы этап гэтага сезону ў Аргенціне двума тыднямі раней, прыйдзецца пазмагацца.

Суботнюю кваліфікацыйную гонку Гран Пры Касцільі-ла-Манчы гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing зусім не праваліў, фінішаваўшы ў ёй пятым. І, канечне, менавіта ён, а не француз Цібольт Беністан з Monster Energy Yamaha Factory MX2, быў у коле фаварытаў другога этапу. Аднак калі ў суботу ў Косары было цёпла і сонечна, то ў нядзелю дождж пераўтварыў грунт трасы ў гразь.

На ёй на старце першай гонкі бліснуў прадстаўнік заводскай Хонды Феручыа Занкі, які выйграў хол-шот і затым дамінаваў усю дыстанцыю, упершыню ў сваёй кар’еры фінішаваўшы першым. Бліжэйшым за ўсіх да яго быў толькі Ліам Эвертс – партнёр дэ Вольфа па камандзе, дый ён саступіў італьянцу больш за адзінаццаць секунд. Кай пры гэтым, упаўшы двойчы, замкнуў першую тройку больш чым у хвіліне ад Занкі.

Другая гонка склалася для Феручыа не так удала – ён замкнуў у ёй першую дзясятку. Аднак, забягаючы наперад, гэта не перашкодзіла яму ўпершыню ў кар’еры падняцца на подыум, хай і на ніжнюю яго ступень. Хол-шот жа гэтым разам выйграў Эвертс, які затым і ў гонцы перамог, і Гран Пры выйграў. І зноў дэ Вольф, які на гэты раз фінішаваў другім, адстаў ад напарніка боль чым на хвіліну, а дакладней, амаль на паўтары.

Трэцім у другой гонцы адмашку клецістым сцягам атрымаў чэмпіён 2023 года Андрэа Адама, але для яго другі этап быў сапсаваны падзеннем на старце першага заезду праз кантакт з яго партнёрам па Red Bull KTM Factory Racing Сашай Коэнэнам. Італьянец, зрэшты, выдатна адыграўся, фінішаваўшы дзявятым, тады як Коэнэн быў толькі адзінаццатым, але здабытых у нядзелю ачкоў Андрэа хапіла толькі для пятага месца.

Другое ў Іспаніі заняў дэ Вольф, якому ўдалася ўтрымаць чырвоную таблічку лідара чэмпіянату, у якім Кай мае 97 ачкоў. Аднак Эвертс, які падняўся на другую пазіцыю, саступае яму ўсяго шэсць пунктаў. Трэцім з 78-мю застаецца яшчэ адзін прадстаўнік заводскага калектыву KTM Сімон Лангенфельдэр. Немцу на мокрай трасе таксама было складана, хаця ён фінішаваў пятым у першай гонцы і чацвёртым у другой, заняўшы ў выніку чацвёртае месца. Дзякуючы ў тым ліку яму KTM у заліку вытворцаў займае другую пазіцыю і 102-ма ачкамі толькі шэсць саступае Хускварне. На трэцяй пазіцыі Honda, у якой 68 балаў.

Затое славутаму японскаму брэнду было чаму парадавацца ў старэйшай катэгорыі MXGP, дзе роўных сабе ў мінулы ўік-энд не ведаў шматразовы чэмпіён Цім Гайсэр. Славенец выйграў і кваліфікацыйную гонку ў суботу, і абедзве нядзельныя, прычым з вялікай перавагай над супернікамі. Хіба што без хол-шотаў Цім абышоўся.

У першым заездзе гэты гонар дастаўся прадстаўніку Team Honda Motoblouz SR Motul Кэвіну Хоргма, якога, праўда, усяго праз два павароты апярэдзіў напарнік Гайсэра Рубэн Фернандэс, для якога гэты этап быў хатнім. Хоргма неўзабаве прапусціў наперад таксама канкурэнта з Fantic Factory Racing Глэна Колдэнхофа, а потым і Гайсэра.

Хутка пасля гэтага Цім апярэдзіў і Колдэнхофа, а затым скарыстаўся памылкай Фернандэса і наогул узначаліў гонку. Рубэн, аднак, здолеў утрымаць да фінішу другую пазіцыю, а трэцім заезд скончыў Кальвін Вландэрэн з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team.

У другой гонцы слава хол-шоту дасталася гоншчыку Kawasaki Racing Team MXGP Паўльсу Ёнасу, але ўжо ў трэцім павароце яго абагнаў завадчанін KTM Лукас Коэнэн. Праўда, там ужо прарываўся наперад Гайсэр, які адабраў у бельгійца лідарства яшчэ да канца першага круга. Ёнас затым паступова адкаціўся на шостую пазіцыю, а Коэнэн фінішаваў наогул восьмым праз падзенне.

У выніку галоўнымі пераследнікамі Гайсэра – ужо на значным аддаленні ад яго – аказаліся згаданы вышэй Колдэнхоф і яго партнёр па камандзе Андрэа Банакорсі. Нідэрландзец спачатку знаходзіўся перад італьянцам, але пад канец гонкі прапусціў яго наперад, памыліўшыся ў першым павароце. Аднак Глэн усё роўна заняў другое месца па выніках Гран Пры Касцільі-ла-Манчы, а Банакорсі, нягледзячы на восьмую пазіцыю ў першай гонцы, замкнуў першую тройку.

Іспанскія гонкі выдаліся складанымі для трыумфатара аргенцінскага этапу Максіма Рэно. На старце першай француз з заводскай Ямахі не пазбег падзення і фінішаваў толькі дзясятым, у другой ён атрымаў адмашку клецістым сцягам наогул адзінаццатым. Таму ў чэмпіянаце Максім разам адкаціўся на трэцюю пазіцыю, прапусціўшы наперад і Гайсэра, які цяпер лідзіруе са 108-мю ачкамі, і свайго суайчынніка з Kawasaki Рамэна Фэвра, які ў Косары таксама не быў лепшай версіяй сябе, фінішаваўшы сёмым у першай гонцы і пятым у другой. У чэмпіянаце ў яго 88 балаў, што, зрэшты, усяго на адзін болей, чым у Рэно. Honda мае 108 ачкоў і ўзначальвае залік вытворцаў, на восем балаў апярэджваючы Ямаху, якая займае другую пазіцыю. Kawasaki    на трэцяй пазіцыі з 94-ма пунктамі.

Каляндар чэмпіянату свету па мотакросе традыцыйна насычаны, і трэці этап пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя. Ім стане Гран Пры Еўропы, які прыме французскі Сэн-Жан-д’Анжэлі. Надворныя ўмовы на ім, напэўна, будуць ужо іншыя, таму і на вяршынях подыумаў мы можам пабачыць нават новыя твары. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!