Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Норма або выключэнне? Пра што нам гаворыць дубль McLaren на Гран Пры Кітая

Норма або выключэнне? Пра што нам гаворыць дубль McLaren на Гран Пры Кітая

23 сакавіка, 17:10
Норма або выключэнне? Пра што нам гаворыць дубль McLaren на Гран Пры Кітая

Фота: formula1.com

Другі этап Формулы 1 стаў і першым сёлета ў фармаце са спрынтам. Нядзельныя вынікі Гран Пры Кітая даволі значна адрозніваюцца ад такіх у суботу, і хоць у абодвух выпадках для каманды McLaren усё прайшло нядрэнна, ад шапказакідальніцтва ў ёй разумна ўстрымліваюцца.

Дубль калектыў з Уокінга мог заваяваць і тыднем раней у Мельбурне, але тады дождж спутаў карты і яму, пазбавіўшы шанцаў на хатні подыум Оскара Піастры. Які пасля заявіў, што тое, што ён са сваім напарнікам і пераможцам Гран Пры Аўстраліі Ланда Норысам, было выключэннем, а не нормай. Аднак ужо ў Кітаі ён сам узышоў на вяршыню подыуму.

Трэніроўка на этапах з суботнім спрынтам адзіная – ранішняя пятнічная. Таму, вядома, яе вынікі не павінны ўводзіць у зман, бо хутка падабраць правільныя рэгуліроўкі атрымліваецца не ва ўсіх. Прытым што на трасе ў Шанхаі сёлета яшчэ і свежы асфальт паклалі, які, так, па прызнанні многіх пілотаў, забяспечваў высокае счапленне, але цягам уік-энду ўсё ж такі прагрэсаваў у бок яшчэ мацнейшага «трымака».

Вось і Норыс, узначаліўшы пратакол свабоднай практыкі, затым зусім не бліснуў у кваліфікацыі да спрынту, паказаўшы толькі шосты вынік, тады як Піастры стаў трэцім. Прыемна здзівілі чатырохразовы і дзейны чэмпіён з Red Bull Макс Ферстапен і сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан. У брытанца былі пэўныя праблемы ў Аўстраліі, у сваёй першай гонцы за Ferrari ён заняў дзясятае месца. Цяпер жа Льюіс кваліфікаваўся першым, а яго даўні нідэрландскі супернік раздзяліў з ім першы шэраг на старце спрынту.

Практычна па-за канкурэнцыяй Хэмілтан быў і ў тым самым спрынце, захаваўшы на старце першую пазіцыю. Ён хутка адарваўся на бяспечную адлегласць ад Ферстапена, аднак прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі Макс да яго здолеў наблізіцца. Льюіс адным з першых сутыкнуўся з грануляваннем шын, што, зрэшты, не перашкодзіла яму затым ізноў адарвацца ад Ферстапена.

У дзейнага чэмпіёна таксама пачаліся праблемы з гумай, праз што да яго пачаў набліжацца Піастры, які абагнаў яго на пятнаццатым кругу. Хэмілтан быў ужо даволі далёка ад Оскара, ды яшчэ і ўзвінціў тэмп, калі гэта зрабіў аўстраліец, таму спрынт навабранец Скудэрыі выйграў упэўнена. Піастры фінішаваў другім, Ферстапен заняў трэцяе месца. А што ж Норыс?

Лідар чэмпіянату старт не тое, каб праваліў, але праз памылку перад шостым паваротам адкаціўся на дзявятую пазіцыю. Здавалася б, Лэнс Строл яму не канкурэнт, але брытанец надоўга захрас за спінай у канадца з Aston Martin. І толькі на васямнаццатым кругу Ланда здолеў апярэдзіць апанента і заняў восьмае месца, зарабіўшы ўсяго адно ачко. Па яго ўласным прызнанні, яму таксама перашкодзілі раннія праблемы з шынамі, да якіх яшчэ трэба было знайсці падыход.

Ён, на шчасце Норыса, быў знойдзены, і па выніках кваліфікацыі да галоўнай нядзельнай гонкі ён стаў ужо трэцім. Магчыма, выступіў бы і лепей, але вецер падчас фінальных спроб змяніў напрамак, пазбавіўшы Ланда, як і яго канкурэнтаў, аптымальнага балансу. Свае вынікі на апошніх хвілінах не палепшыў амаль ніхто, аднае Піастры заскочыў на першую пазіцыю да гэтага, заваяваўшы ў выніку першы ў кар’еры поўл, а заадно пабіўшы рэкорд трасы ў Шанхаі (у пятніцу гэта паспеў зрабіць і Хэмілтан), палепшыўшы яго да 1:30,641.

З Оскарам першы шэраг раздзяліў пілот Mercedes Джордж Расэл, а вось Ferrari былі ўжо не ва ўдары – Хэмілтан кваліфікаваўся пятым, Шарль Леклер размясціўся следам за ім. Ферстапен паказаў чацвёрты вынік, пры гэтым добра выступілі і яго калегі з малодшай каманды Racing Bulls. Юкі Цунода паказаў пяты вынік, Айзэк Хаджар стаў наогул сёмым. Пэўную надзею падарыў і Алекс Албан з Williams, які замкнуў першую дзясятку.

Галоўныя ж надзеі ў нядзелю круціліся ў галаве Норыса, якому трэба было адыгрывацца пасля невыбітнага спрынту. І галоўную задачу ён выканаў адразу пасля старту, абагнаўшы Расэла ў першай звязцы паваротаў. Джордж у сваю чаргу на старце атакаваў Піастры, але той даволі жорстка адбіўся, чым збольшага дапамог напарніку.

Дыспазіцыя ў першай тройцы захоўвалася да першай хвалі піт-стопаў, якая пачалася даволі рана, дый пасля яе не змянілася. Перастаноўкі адбываліся ззаду. Напрыклад, Леклер і Хэмілтан ішлі чацвёртым і пятым адпаведна. Льюіс яшчэ на старце абагнаў Ферстапена, прычым амаль у той жа момант сваё пярэдняе антыкрыло аб яго пашкодзіў Шарль. Аднак у тэмпе манэгаск не страціў, і пазней пасля просьбы з каманднага мосціку брытанец прапусціў яго наперад.

Згаданая першая хваля піт-стопаў для значнай часткі пелатону была адзінай – пілоты, якія пайшлі на такую стратэгію, фінішавалі на камплектах «харду», якія атрымалі на прыпынках. Хэмілтан жа яўна разлічваў на іншае, бо на трыццаць восьмым кругу накіраваўся ў боксы за новымі цвёрдымі шынамі. І быў потым на іх даволі хуткім, але ніхто з супернікаў наперадзе яго крок не паўтарыў, таму фінішаваў Льюіс толькі шостым. Хаця не гэта стала для яго галоўным расчараваннем.

Як і для Леклера, якога на пяцьдзясят трэцім кругу ў спрэчцы за чацвёртае месца апярэдзіў Ферстапен. Шарль і Льюіс праз пару гадзін пасля фінішу гонкі былі дыскваліфікаваныя, прычым па розных прычынах. Балід манэгаска важыў на кілаграм меней за дазволены ліміт, як і балід пілота Alpine П’ера Гаслі, які фінішаваў адзінаццатым і таксама атрымаў дыскваліфікацыю. На машыне ж брытанца была занадта моцна сцёртая кантрольная планка на днішчы. Ferrari і Alpine, такім чынам, засталіся без ачкоў, прычым французская каманда ўжо другі этап запар.

Што ж да Піастры, то ён дасяжным быў хіба што для Норыса, які бліжэй да фінішу быў нават крыху хутчэйшым за напарніка і скарачаў адставанне ад яго. Каманда, канечне, папярэдзіла Ланда, што фінішаваць важна фінішаваць абедзвюма машынамі на першых дзвюх пазіцыях, але брытанца запаволілі іншыя абставіны, якія даюць пэўную надзею канкурэнтам McLaren.

На сонцы бываюць плямы, а на машыне лідара чэмпіянату на апошніх кругах узніклі праблемы з тармазамі. Тэмп Норыса рэзка ўпаў, і ад больш чым сямі секунд яго перавагі над Расэлам ззаду на фінішы засталося меней за паўтары. Так, пакуль што можна канстатаваць, што хуткасць McLaren – гэта ўсё ж такі норма. Але нават лідары не застрахаваныя ад непрыемных сюрпрызаў, таму расслабляцца ім дакладна нельга.

Так ці інакш Норыс усё ж такі прынёс камандзе дубль, фінішаваўшы другім. Расэл заняў трэцяе месца, Ферстапен фінішаваў следам, а на месцах з пятага па дзясятае пасля дыскваліфікацыі Хэмілтана, Леклера і Гаслі размясціліся, адпаведна, пілот Haas Эстэбан Акон, напарнік Расэла Андрэа Кімі Антанэлі, Албан, напарнік Акона Олівер Бэрман, Строл і напарнік Албана Карлас Сайнс. Дарэчы, форма Haas вартая ўвагі асабліва, улічваючы правал амерыканскай каманды ў Аўстраліі. Пры гэтым Бэрман, які фізічна заняў дзясятае месца, прарваўся на яго з сямнаццатай пазіцыі на старце.

Піастры дзякуючы сваёй перамозе ў Кітаі ў чэмпіянаце разам узняўся на чацвёртую пазіцыю. Прычым Расэлу, які замыкае першую тройку з 35-цю ачкамі, Оскар саступае ўсяго адно. Ферстапен у сваю чаргу на адзін бал апярэджвае Расэла і застаецца другім, ну а Норыс, у якога 44 пункты, захоўвае лідарства. У Кубку канструктараў McLaren са сваімі 78-мю баламі ўжо пасля другога этапу даволі значна адрываецца ад канкурэнтаў. Mercedes, які застаецца другім, мае 57 балаў, Red Bull з 36-цю на трэцяй пазіцыі.

Кітай геаграфічна суседнічае з Японіяй, а канкрэтна Сузука, якая будзе прымаць Гран Пры Краіны, дзе ўзыходзіць Сонца, знаходзіцца адносна блізка ад Шанхая. Але паміж другім і трэцім этапамі будзе ўжо двухтыднёвы інтэрвал. Чакаем наступнай гонкі з цікавасцю, таму што японская траса ў параўнанні з кітайскай сапраўды олдскульная, і падзеі на ёй могуць разгортвацца па самых нечаканых сцэнарыях. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!