Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вяртанне Адама і новы трыумф Гайсэра на мотакросавым Гран Пры Еўропы

Вяртанне Адама і новы трыумф Гайсэра на мотакросавым Гран Пры Еўропы

Вяртанне Адама і новы трыумф Гайсэра на мотакросавым Гран Пры Еўропы

Фота: mxgp.com

У мінулы ўік-энд у французскім Сэн-Жан-д’Анжэлі прайшоў трэці этап чэмпіянату свету па мотакросе. Разыгрываўся там Вялікі Прыз не Францыі, а Еўропы, і дастаўся ён не толькі таму, каго мы ўжо прывыклі бачыць на вяршынях подыумаў.

Пасля трыумфальнага для яго 2023 года, калі Андрэа Адама стаў чэмпіёнам у малодшай катэгорыі MX2, італьянец правёў не надта выразны мінулы сезон. З прабуксоўкамі для яго стартаваў і гэты – гоншчык Red Bull KTM Factory Racing заняў дзясятае месца на першым этапе ў Аргенціне і пятае на сваім хатнім Гран Пры Касцільі-ла-Манчы. Затое ў Францыі Андрэа вярнуўся на пераможны курс.

Адама не быў лепшым у кваліфікацыйнай гонцы ў суботу, фінішаваўшы ў ёй толькі пятым. Выйграў яе Цібольт Беністан з Monster Energy Yamaha Factory MX2, чый партнёр па камандзе Карліс Рэйсуліс бліснуў хол-шотам на старце першага заезду хол-шотам. Лідарства латвіец захоўваў цягам першых трох кругоў, пакуль у яго за спінай разбіраліся паміж сабой пераможца іспанскага этапу з Nestaan Husqvarna Factory Racing Ліам Эвертс і партнёры па KTM – Саша Коэнэн, Сімон Лангенфельдэр і той жа Адама.

Італьянец з гэтай барацьбы ледзь не выбыў, здзейсніўшы візіт за межы трасы, хаця ў групе лідараў утрымаўся, тады як Рэйсуліс неўзабаве пачаў адкочвацца назад. Першым яго абагнаў Эвертс, а хутка – і Лангенфельдэр, сам Адама і Коэнэн. Найхутчэйшым з іх быў немец, які на дзявятым кругу апярэдзіў Эвертса, захапіўшы лідарства. Сімон і выйграў заезд, а Эвертс задаволіўся трэцяй пазіцыяй, бо на дванаццатым кругу прапусціў і Адама.

Ліам, зрэшты, хаця б фінішаваў у першай тройцы, тады як яго партнёр па камандзе – дзейны чэмпіён Кай дэ Вольф, які прыбыў у Сэн-Жан-д’Анжэлі лідарам турнірнай табліцы – скончыў першую гонку толькі шостым. Другая для нідэрландца склалася крыху лепей, у ёй Кай фінішаваў чацвёртым, але ўсё роўна не патрапіў на подыум, заняўшы выніковае пятае месца на Гран Пры.

Аўтарам хол-шоту ў другой гонцы стаў Саша Коэнэн, але радасць бельгійца была нядоўгай – ён вельмі непрыемна ўпаў на першай даўнхільнай секцыі трасы. Прычым гэта было ўжо другое яго падзенне за ўік-энд. Першае здарылася ў кваліфікацыі на стартавай секцыі. Катастрофай для Сашы гэта, на шчасце, не апынулася – ён працягнуў заезд і фінішаваў чатырнаццатым.

Барацьба за перамогу ж разгарнулася паміж Лангенфельдэрам, Эвертсам, Адама і Беністанам. Сімон спачатку ўзначальваў пелатон, але тэмп яго пераследнікаў быў вышэйшым. Спачатку яго апярэдзілі Ліам з Цібольтам, а потым і Адама. Пры гэтым пад канец гонкі немец патрапіў пад уціск з боку дэ Вольфа, але тут ён выстаяў і нават абагнаў Эвертса, які страціў імпэт і прапусціў яшчэ і таго ж дэ Вольфа.

Наперадзе ж за перамогу ў гонцы – і, патэнцыяльна, на Гран Пры – бароліся Беністан з Адама. Андрэа ўдалася знайсці дзірку ў абароне Цібольта і фінішаваць у палове секунды перад ім. Француз атрымаў адмашку клецістым сцягам другім, Лангенфельдэр – трэцім. На подыум яны ўзыходзілі ў крыху іншым парадку: італьянец падняўся на вяршыню, а француз – на ніжнюю ступень. Другую заняў немец.

Галоўнае ж, што па выніках Гран Пры Еўропы адбыліся значныя змены ў чэмпіянаце. Былы лідар дэ Вольф цяпер са 130-цю ачкамі замыкае першую тройку. Хаця ад Эвертса, які ў Францыі заняў чацвёртае месца і якому цяпер належыць чырвоная таблічка, ён саступае ўсяго пяць балаў. Лангенфельдэр падняўся на другі радок і адстае ад бельгійца ўсяго на тры ачкі. Сярод вытворцаў лідзіруе KTM, у якога 161 бал, Husqvarna са 154-ма другая, Yamaha на трэцяй пазіцыі, у яе 115 ачкоў.

У старэйшай катэгорыі MXGP у Сэн-Жан-д’Анжэлі ўсё выглядала не тое, каб меней натхняльна, але вынікі дзвюх гонак маглі б адрознівацца сваімі першымі тройкамі. Хол-шот у першай выйграў прадстаўнік KTM Sarholz Racing Team Ной Лудвіг, якога вельмі хутка апярэдзіў лідар чэмпіянату з Honda HRC Цім Гайсэр.

Надвор’е цягам заезду мянялася, і калі сонца схавалася за хмарамі, неяк лепей паехаў гоншчык Kawasaki Racing Team MXGP Рамэн Фэвр, які на шостым кругу ў спрэчцы за другую пазіцыю абагнаў пераможца кваліфікацыі – завадчаніна KTM Лукаса Коэнэна. На радасць трыбунам, француз фінішаваў перад бельгійцам, той атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім.

Гайсэр першую гонку выйграў, як потым і другую, хаця ў ёй яму прыйшлося абганяць больш супернікаў. Хол-шот выйграў прадстаўнік Fantic Factory Racing Глэн Колдэнхоф, другую пазіцыю адразу пасля старту заняў Коэнэн. Але перш чым пакінуць ззаду яго, Гайсэру прыйшлося спачатку абагнаць Ісака Гіфцінга з JK Racing Yamaha.

Славенец зрабіў гэта на другім кругу, а на чацвёртым прайшоў нарэшце і Коэнэна. На Лукаса хутка пачаў насядаць і Фэвр, неўзабаве француз ізноў апынуўся перад бельгійцам, а Гайсэр наперадзе быў заняты Колдэнхофам. На сёмым кругу Цім апярэдзіў Глэна, а за некалькі наступных нідэрландзец прапусціў і Фэвра з Коэнэнам, фінішаўвашы чацвёртым.

Першая тройка па выніках Гран Пры Еўропы выглядала гэтак жа, як і першыя тройкі абедзвюх гонак: Гайсэр перамог, Фэвр заняў другое месца, Коэнэн – трэцяе. Цім першы і ў чэмпіянаце, у якім ён мае 167 ачкоў. Фэвр са 138-мю баламі другі, замыкае першую тройку пакуль што заводскі гоншчык Ямахі Максім Рэно, у якога 121 бал. На хатнім этапе ён заняў сёмае месца, фінішаваўшы дзясятым у першай гонцы і пятым у другой. Honda са 167-мю пунктамі першая сярод вытворцаў, Kawasaki на другой пазіцыі, у яе 144 ачкі, у Ямахі 137, яна трэцяя.

Чэмпіянат свету па мотакросе працягнецца ў наступны ўік-энд, 5-6 красавіка. Этап пройдзе ў Італіі, у Рыола-Сарда, але гэта будзе Гран Пры Сардыніі. Умовы будуць ізноў іншыя, таму, спадзяемся, іншыя будуць і вынікі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!