Перамога Піастры і нявымушаныя памылкі Норыса (і не толькі яго) на Гран Пры Бахрэйна
Фота: formula1.com
Крытыкаваць з канапы лёгка, таму я Ланда Норыса крытыкаваць не буду. Хаця прыходзіцца канстатаваць, што ў яго напарніка па McLaren Оскара Піастры справы пакуль што ідуць лепей, сведчаннем чаму яго перамога ў Бахрэйне – ужо другая ў гэтым сезоне. Што ж на трасе Сахір перашкодзіла брытанцу?
Норыс і сам прызнае, што нешта ў яго ідзе не так. На Гран Пры Бахрэйна, напрыклад, пасля моцных вынікаў у свабодных заездах Ланда паказаў толькі шосты ў кваліфікацыі, саступіўшы не толькі абодвум пілотам Mercedes і гоншчыку Ferrari Шарлю Леклеру, але нават П’еру Гаслі з Alpine. Горш усё было толькі ў чатырохразовага і дзейнага чэмпіёна з Red Bull Макса Ферстапена, які кваліфікаваўся сёмым.
Дзеля справядлівасці, памыляліся і канкурэнты Норыса – у прыватнасці, згаданыя пілоты Mercedes. Кваліфікацыя перарывалася чырвонымі сцягамі праз аварыю прадстаўніка Haas Эстэбана Акона, а Джордж Расэл, які раздзяліў першы стартавы шэраг з уладальнікам поўлу Піастры, і Андрэа Кімі Антанэлі пакінулі боксы раней, чым дазволіла гоначная дырэкцыя.
У выніку абодва страцілі па адной стартавай пазіцыі, і побач з Піастры апынуўся Леклер. Манэгаск пры гэтым стартаваў на шынах Medium, тады як значная частка пелатону на першы адрэзак абулася ў Soft, таму замест таго, каб атакаваць Оскара, ён сам прапусціў наперад Расэла, а таксама Норыса, які разам здолеў адыграць тры пазіцыі.
Здолець-та ён здолеў, толькі на стартавай пазіцыі размясціў сваю машыну неналежным чынам, пасунуўшыся занадта наперад, за што пазней атрымаў штраф у пяць секунд. Нявымушаная памылка, пазбегнуць якой дакладна можна было. Ну але ж мы дамовіліся не крытыкаваць з канапы.
Хаця ізноў жа нельга не адзначыць спакойныя і прафесійныя дзеянні Піастры, які не даў Расэлу з наскоку сябе абагнаць, а потым ад’ехаў ад яго болей чым на секунду, пазбавіўшы брытанца магчымасці карыстацца DRS. Норыс, дарэчы, спачатку спрабаваў угнацца за суайчыннікам, але ў зрэджаным паветры ззаду яму не хапала счаплення шын.
А на дваццаць пятым кругу Ланда страціў і трэцюю пазіцыю, аддаўшы яе Леклеру. Гэта адбылося ўжо пасля яго піт-стопу, які ён правёў яшчэ чатырнаццаццю кругамі раней, перайшоўшы на Medium. Шарль жа меў магчымасць сваё наведванне боксаў адцягнуць да васямнаццатага круга, і хоць і атрымаў пры гэтым камплект шын таксама сярэдняй жорсткасці, яны ў яго ўсё роўна былі свяжэйшыя.
Свой шанец лідар чэмпіянату, аднак, атрымаў дзякуючы аўтамабілю бяспекі, які выехаў на трасу праз адломкі балідаў новага напарніка Ферстапена Юкі Цуноды і Карласа Сайнса, які цяпер выступае за Williams. Шанец, праўда, атрымалі і ўсе астатнія ўдзельнікі гонкі, правёўшы дадатковыя піт-стопы, дый Норыс свой выкарыстаў не на сто адсоткаў паспяхова – на рэстарце на трыццаць шостым кругу прапусціў новага напарніка ўжо Леклера Льюіса Хэмілтана, а контратакаваў яго хоць і паспяхова, але выехаўшы за межы трасы, таму вымушаны быў аддаць пазіцыю сяміразоваму чэмпіёну.
За Льюісам Ланда, зрэшты, прасядзеў усяго пару кругоў, а вось Леклер супраціўляўся значна даўжэй і больш жорстка, дый да яго яшчэ трэба было даехаць. Абарону Шарля Норыс праціснуў толькі на пяцьдзясят другім кругу, прычым на той момант ён ужо меў папярэджанне за неаднаразовыя парушэнні меж трасы.
Так што атакаваць Расэла, у якога ўзніклі праблемы з DRS (Джорджу прыходзілася актываваць яе ўручную), Ланда трэба было асцярожна. Вядома, і сам Расэл так лёгка саступаць і не думаў, адбіўшы атакі Норыса і захаваўшы другую пазіцыю. Захаваў ён яе і пасля размовы з суддзямі ўжо пасля гонкі. Пытанні да яго ўзніклі якраз па прычыне праблем з DRS, якую пілот Mercedes выпадкова актываваў па-за адмысловай зонай, паміж дзясятым і адзінаццатым паваротамі.
Суддзі прынялі тлумачэнні Джорджа і каманды і не сталі накладаць на яго 5-секундны штраф, праз які ў пратаколе ён апусціўся б на чацвёртае месца. Некаторыя прадстаўнікі прэсы, аднак, паспяшаліся абвясціць пра такі штраф як пра накладзены, ну а я следам за імі паўтарыў гэты промах у Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Нявымушаная памылка. І на старуху бывае праруха, а мая галава ўжо пакрысе сівее. Ну і мы ж дамовіліся не крытыкаваць з канапы!
Але мая памылка хоць і крыўдная, але ніяк мне не пагражае, тады як памылкі Норыса, які пры магчымасці фінішаваць у Бахрэйне другім задаволіўся трэцім месцам, могуць каштаваць яму тытулу. І зноў нельга не адзначыць Піастры, які кожны раз робіць усё правільна. Значна памыліўся Оскар хіба што на сваім хатнім Гран Пры Аўстраліі, але тады памыліўся і Норыс, Піастры проста пашанцавала меней.
На ўсіх жа наступных этапах менавіта аўстраліец выступаў лепей, і вось ужо ён выбраўся на другую пазіцыю ў чэмпіянаце, адцясніўшы на трэцюю Ферстапена, які мае 69 ачкоў і які ў Бахрэйне праз разнастайныя праблемы (у тым ліку на піт-стопах, калі некарэктна працаваў святлафор над галавой пілота) фінішаваў шостым. І са сваімі 74-ма баламі Оскар цяпер усяго тры саступае Норысу!
За Кубак канструктараў у McLaren, праўда, пакуль што могуць быць спакойныя: 151 бал – гэта моцна болей за 93, што мае Mercedes, які займае другую пазіцыю. Трэцім застаецца Red Bull, у якога 71 пункт і які нарэшце набраў ачкі двума аўтамабілямі – Цунода фінішаваў учора дзявятым.
Што ж да Норыса, то панікаваць яму і нельга, і рана. Ланда вельмі разумны гоншчык, які ўмее працаваць над сваімі памылкамі. І ўжо на гэтым тыдні на наступным Гран Пры Саудаўскай Аравіі мы можам пабачыць і яго другую ў сезоне перамогу. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!