Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Трыумф Адама на хатнім і Гайсэра на амаль хатнім мотакросавым Гран Пры Трэнціна

Трыумф Адама на хатнім і Гайсэра на амаль хатнім мотакросавым Гран Пры Трэнціна

Трыумф Адама на хатнім і Гайсэра на амаль хатнім мотакросавым Гран Пры Трэнціна

Фота: mxgp.com

У мінулыя выхадныя мотакросавая траса ў П’етрамураце прыняла Гран Пры Трэнціна – пяты этап чэмпіянату свету. Які стаў святам для многіх гледачоў на трыбунах дзякуючы перамогам іх любімцаў.

Італьянцаў сусветным чэмпіянаце па мотакросе хапае, таму іх суайчыннікам было за каго заўзець, а ў Італіі гэта ўмеюць. І не мае значэння, у якой з катэгорый якой бы там ні было серыі выступае гоншчык з Апенінскай паўвыспы – дома яму заўсёды гарантаваны найцяплейшы прыём.

Вось і чэмпіён свету 2023 года ў малодшай катэгорыі MX2 Андрэа Адама, карыстаецца вялікай папулярнасцю, дзякуючы ў тым ліку даволі ўдаламу выступленню сёлета. На яго рахунку перад Гран Пры Трэнціна ўжо была перамога на Гран Пры Еўропы і подыум на папярэднім і таксама хатнім для яго Гран Пры Сардыніі, таму і ў П’етрамураце ад яго справядліва чакалі многага.

Але пачаўся для яго пяты этап так сабе – падзеннем у кваліфікацыйнай гонцы ў суботу і фінішам у ёй на чатырнаццатай пазіцыі. Што, канечне, не было катастрофай, але неабходнасць прарыву ў нядзелю існавала, і тут ужо гоншчык Red Bull KTM Factory Racing не падвёў. Выйграць першую гонку ў Андрэа не атрымалася, хаця ў групу лідараў ён патрапіў адразу і трымаўся ў ёй увесь час.

Хол-шот, дарэчы, упершыню ў сваёй кар’еры і ў гісторыі сваёй каманды Monster Energy Triumph Racing выйграў Камдэн МакЛелан. Другую пазіцыю адразу пасля старту заняў яшчэ адзін італьянец – Валерыа Лата з Honda HRC. І за МакЛеланам ён трымаўся ажно да дзявятага круга, на якім нарэшце прапусціў наперад якраз Адама.

А следам Лата абышлі таксама напарнікі па Nestaan Husqvarna Factory Racing – пераможца кваліфікацыйнай гонкі Ліам Эвертс і дзейны ўладальнік тытулу і чырвонай таблічкі лідара чэмпіянату Кай дэ Вольф. Нідэрландзец пры гэтым імкнуўся адыграць як мага болей, бо ў пачатку заезду ён апынуўся быў па-за межамі Топ-10, таму на дасягнутым ён не спыніўся, і на дванаццатым кругу абагнаў Эвертса, а пазней падлавіў на памылцы Адама, падняўшыся на другую пазіцыю.

Другім дэ Вольф гонку і скончыў, Адама задаволіўся трэцяй пазіцыяй. Ну а МакЛелан выйграў і першую гонку ў яго кар’еры і, ізноў жа, у гісторыі яго каманды перамогу ў гонцы. На жаль, развіць поспех у другім заездзе ў паўднёваафрыканца не атрымалася. Стартаваў-та ён добра, адразу прабіўшыся на пятую пазіцыю, але пазней барацьба з гоншчыкам каманды Venrooy Racing KTM Касам Фалкам скончылася для яго падзеннем. Якое хоць і не скончылася сходам з дыстанцыі, але шанцаў атрымаць выніковую перамогу на Гран Пры Камдэна пазбавіла – фінішаваў ён толькі шаснаццатым.

Падаў, дарэчы, не толькі МакЛелан, але і лідар гонкі, якім ад пачатку з’яўляўся партнёр Адама па камандзе Саша Коэнэн. Гэта каштавала бельгійцу шасці пазіцый, але ён хаця б фінішаваў на сёмай, тады як яго суайчыннік Эвертс наогул сышоў з дыстанцыі ў самым пачатку гонкі праз наступствы падзення пасля кантакту з дэ Вольфам.

Непрыемнасць Сашы дазволіла адыграць па пазіцыі яго партнёрам па камандзе Сімону Лангенфельдэру і таму ж Адама, якія са старту трымаліся следам. Але самым хуткім бліжэй да фінішу другога заезду быў прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MX2 Цібольт Беністан.

Адама на пару з ім раней паспеў абагнаць Лангенфельдэра, а пад канец гонкі сам саступіў французу першую пазіцыю, сам задаволіўшыся другой. Лангенфельдэр фінішаваў трэцім, выстаяўшы пад уціскам з боку дэ Вольфа. Адама, зрэшты, і такіх вынікаў хапіла для атрымання жаданай перамогі на Гран Пры Трэнціна. Другое месца заняў дэ Вольф, Беністан, які ў першай гонцы фінішаваў толькі дванаццатым, падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

У чэмпіянаце дзякуючы свайму поспеху ў П’етрамураце Адама падняўся на трэцюю пазіцыю, у яго 213 ачкоў, што ўсяго на шэсць меней чым у Лангенфельдэра, які гэтым разам заняў чацвёртае месца. Лідзіруе ж па-ранейшаму дэ Вольф, у якога 231 бал. Залік вытворцаў узначальвае Husqvarna, але з KTM, які займае другую пазіцыю, у іх ачкоў пароўну – па 263. Так што Yamaha з яе 196-цю баламі другая па факце, а трэцім ідзе Triumph, які мае 169 пунктаў.

Правінцыя Трэнціна знаходзіцца на поўначы Італіі, і ад яе зусім блізка да Славеніі – радзімы лідара чэмпіянату ў старэйшай катэгорыі MXGP Ціма Гайсэра. Гэтым яго суайчыннікі актыўна карыстаюцца, у вялікай колькасці прыязджаючы ў П’етрамурату каб пазаўзець за свайго любімца. Таму для Ціма Гран Пры Трэнціна таксама з’яўляецца ў нейкім сэнсе хатнім, і перамагаць на ім яму асабліва прыемна.

Так ён гэтым разам і зрабіў, хаця яму і прыйшлося прыкласці некаторыя намаганні. Першую з нядзельных гонак хол-шотам пачаў пераможца суботняй кваліфікацыйнай Рамэн Фэвр з Kawasaki Racing Team MXGP. Другую пазіцыю адразу заняў яго суайчыннік з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Максім Рэно, але ён дапусціў памылку, прапусціўшы наперад якраз Гайсэра, а таксама прадстаўніка Fantic Factory Racing MXGP Глэна Колдэнхофа.

Пасля гэтага Гайсэр цягам трынаццаці кругоў спрабаваў вывесці з раўнавагі Фэвра, і той пад канец гонкі сапраўды пачаў памыляцца, пару разоў ледзь пазбег падзення, але ў выніку ўсё ж такі не пазбег яго, страціўшы кантроль над пярэднім колам свайго байка на мяккім грунце.

Гэта каштавала Рамэну толькі адной пазіцыі, другую дзякуючы значнаму адрыву ад астатніх канкурэнтаў ён утрымаў. Следам за Фэврам гоншчык KTM Лукас Коэнэн, ну а Гайсэр выйграў заезд.

Хол-шот у другой гонцы дастаўся напарніку Ціма Рубэну Фернандэсу, але славенец адразу прыстроіўся следам за ім і абагнаў яго да канца першага круга. Фэвру ж прыходзілася прабівацца з другой паловы першай дзясяткі, а канкурэнты наперадзе былі моцныя.

Таму, у прыватнасці, з Коэнэнам і Колдэнхофам, а таксама Фернандэсам Рамэн пабадаўся, за што быў узнагароджаны яшчэ адной другой пазіцыяй. Трэцюю ў фінальнай гонцы этапу заняў Колдэнхоф, а Гайсэру дасталася чарговая перамога.

Склад подыуму і парадак гоншчыкаў на іх быў роўна такім жа, што і ў другой гонцы. Такі ж ён і ў чэмпіянаце, у якім Гайсэр мае 274 ачкі, Фэвр – 235, а ў Колдэнхофа 196 балаў. Honda з 274-ма пунктамі лідзіруе сярод вытворцаў, Kawasaki, маючы 241 бал, знаходзіцца на другой пазіцыі, Yamaha, у якой 209 ачкоў, замыкае першую тройку.

Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя, гэта будзе Гран Пры Швейцарыі, які будзе прымаць Фраўэнфельд. Хіба што гонкі адбудуцца ў панядзелак па прычыне, відаць па ўсяму, Вялікадня, які будзе святкаваць увесь хрысціянскі свет. У «Гоначнай псіхапатыі» ж святы амаль кожныя выхадныя – гэта гонкі, за якімі мы прыцягваем сачыць. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!