Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзе справядлівасць (і Норыс)? Піастры выйграў Гран Пры Саудаўскай Аравіі, які прайграў Ферстапен

Дзе справядлівасць (і Норыс)? Піастры выйграў Гран Пры Саудаўскай Аравіі, які прайграў Ферстапен

Дзе справядлівасць (і Норыс)? Піастры выйграў Гран Пры Саудаўскай Аравіі, які прайграў Ферстапен

Фота: formula1.com

Тэма судзейства ў Формуле 1 актуалізуецца рэгулярна. Вось і ўчарашняя гонка ў Джыдзе магла б скончыцца не так, як яна скончылася, аднак рашэнне сцюардаў пазбавіла Макса Ферстапена магчымасці хаця б пабароцца за перамогу. Затое ў McLaren ізноў замацавалі сваё лідарства, хоць і не настолькі, наколькі маглі б.

Разбіраючы падзеі папярэдняга этапу ў Бахрэйне, мы дамовіліся не крытыкаваць з канапы Ланда Норыса. Але мы не дамаўляліся не заўважаць яго відавочныя памылкі, якія ўскладняюць яго і без гэтага няпростае становішча. Быццам бы і машына McLaren бліскае сваёй універсальнасцю і адноснай лёгкасцю ў кіраванні, але брытанец, у адрозненні ад свайго напарніка Оскара Піастры, пакуль што не можа знайсці з ёй поўнага паразумення.

Што, напэўна, разам з адчуваннем уціску з боку канкурэнтаў і правакуе памылкі. На Гран Пры Саудаўскай Аравіі асабліва крыўдную Норыс дапусціў у фінале кваліфікацыі. Усе сесіі свабодных заездаў Ланда красаваўся наверсе пратаколаў, а тут раптам разбіў свой балід, толькі нейкім цудам не пашкодзіўшы яго фатальна, дзякуючы чаму стартаваў дзясятым. А магло б быць і горш, калі б камандзе прыйшлося мяняць, напрыклад, скрыню перадач, парушаючы рэжым закрытага парку.

Таму галоўнай надзеяй у гонцы ізноў стаў Піастры, але і яму яшчэ трэба было паспрачацца з чатырохразовым і дзейным чэмпіёнам свету. Пасля згаданага вышэй Гран Пры Бахрэйна Ферстапен быў настолькі незадаволены хуткасцю машыны Red Bull, якая, наадварот, стала занадта патрабавальнай да пілота, што нават нідэрландзец не заўсёды здольны раскрываць яе патэнцыял, што па падаку ізноў папаўзлі плёткі пра тое, што ён можа памяняць калектыў раней, чым сканчаецца яго цяперашні кантракт.

Аднак у Джыдзе механікі ўсё ж такі знайшлі што падкруціць у наладах RB21, і менавіта Макс выйграў поўл. Так, не за яўнай перавагай – Піастры, які раздзяліў з ім першы шэраг, ён апярэдзіў усяго на 0,010 секунды. Але, па-першае, апярэдзіў, а па-другое, даказаў, што спісваць з рахункаў яго і Red Bull пакуль што занадта рана. Тым больш што і Юкі Цунода, замяніўшы ў какпіце другой машыны Ліама Лоўсана, пакуль што апраўдвае стаўку каманды на яго, і ў Джыдзе ён кваліфікаваўся восьмым.

На жаль, гонка для японца працягвалася толькі першай звязкі паваротаў, у якой яго атакаваў канкурэнт з Alpine П’ер Гаслі. Скончылася ўсё для абодвух кантактам, разваротам, ударам аб сцяну і сходам з дыстанцыі. Аўтамабіль бяспекі, якім гонка адразу была нейтралізаваная, значнага ўплыву на яе ход не аказаў, і не ён пазбавіў Ферстапена магчымай перамогі. Макс памыліўся сам, але ці настолькі, каб заслужыць штрафу ў пяць секунд? Фармальна, канечне, ён атрымаў пэўную перавагу, калі, адбіваючы на старце атаку з боку Піастры, зрэзаў у той самай першай звязцы паварот. Але ж ён пры гэтым нікога не абагнаў, бо сам быў лідарам.

Суддзі, аднак, вырашылі, што дзеянні чэмпіёна ў гэтым эпізодзе правілам супярэчылі, і прызначылі яму 5-секундны штраф, які ён адбыў на сваім піт-стопе на дваццаць другім кругу. Перад гэтым Макс паспрабаваў адарвацца ад Піастры, але той здолеў не адпусціць яго далёка. Пры гэтым сам Оскар «падрэзаў» канкурэнта з Red Bull правёўшы свой піт-стоп парай кругоў раней, што яму дапамагло, і пасля хвалі наведвання боксаў лідарам гонкі стаў менавіта ён.

Як і Ферстапен, аўстраліец стартаваў на шынах Medium, а затым перайшоў на Hard. Стратэгія Норыса была адваротнай, і, адыграўшы пару пазіцый на старце гонкі, ён затым дзякуючы доўгаму першаму адрэзку здолеў прабіцца ў сярэдзіну першай дзясяткі. І, вядома, на камплекце сярэдняй цвёрдасці, ды яшчэ і больш свежым, чым ва ўсіх астатніх, брытанец пасля падтрымліваў даволі высокі тэмп.

Ланда, зрэшты, не быў бы сабой, калі б не дапусціў яшчэ адну невымушаную памылку – наехаў на белую лінію на выездзе з піт-лэйну, вяртаючыся на трасу пасля свайго прыпынку. Гэты эпізод патрапіў у поле зроку суддзяў, але караць Норыса, на яго шчасце, яны не сталі, а тое і свайго чацвёртага месца Ланда мог бы пазбавіцца, што было б яшчэ больш крыўдна і ў выніку чаго яго страты ў чэмпіянаце былі б яшчэ большымі.

Ну а так брытанец застаўся чацвёртым, хаця ў прынцыпе мог бы і на подыум прабіцца. Так, ён быў хуткім у фінальнай фазе гонкі, і таго ж канкурэнта з Mercedes Джорджа Расэла абагнаць здолеў. А вось канкурэнта з Ferrari Шарля Леклера не здолеў, прытым што манэгаск на рашотцы быў чацвёртым, першы адрэзак правёў на Medium, дацягнуўшы на ім ажно да дваццаць дзявятага круга, а потым на болей цвёрдых, ды яшчэ і болей зношаных чым у Норыса шынах не падпусціў яго да сябе на адлегласць атакі і прынёс Скудэрыі першы ў сезоне подыум.

Ферстапен фінішаваў другім і пасля сканчэння гонкі не быў шматслоўным, даўшы зразумець, што з судзейскім рашэннем ён не згодны. Ну а Піастры атрымаў перамогу і ўпершыню ў сваёй кар’еры ўзначаліў чэмпіянат. У аўстралійца цяпер 99 ачкоў, што на дзесяць болей, чым у Норыса, які апусціўся на другую пазіцыю. Ферстапен, які застаецца трэцім, яму ў сваю чаргу саступае пры гэтым усяго два балы. І толькі McLaren у Кубку канструктараў пачуваецца па-ранейшаму камфортна, лідзіруючы са 188-мю ачкамі. Mercedes другі, у яго 111 балаў, Red Bull, які мае 89 пунктаў, замыкае першую тройку.

Пасля трох запар гоначных уік-эндаў удзельнікі Формулы 1 атрымалі магчымасць крыху адпачыць. Наступны Гран Пры Маямі пройдзе 2-4 мая, і спрагназаваць яго вынік зараз дакладна не атрымаецца – барацьба за чэмпіёнства не скончаная, а інтрыга па-ранейшаму жывая. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!