Патэнцыйна драматычныя перамены на мотакросавым Гран Пры Швейцарыі
Фота: mxgp.com
Цім Гайсэр не адзіны ўдзельнік чэмпіянату свету па мотакросе, якому давялося падаць на этапе ў Фраўэнфельдзе. Але ён адзін з фаварытаў гэтага чэмпіянату, і яго непрыемнасць можа каштаваць для яго дорага. І адначасова дасць шанцы яго канкурэнтам у барацьбе за тытул.
Канечне, далёка не для ўсіх лідараў сусветнага мотакросу швейцарскія гонкі, якія па прычыне велікоднага панядзелку ў панядзелак гэты, а не ў нядзелю, як, напрыклад, Гран Пры Саудаўскай Аравіі Формулы 1 і гонка 6 гадзін Імалы, і праходзілі. І падзеі ў малодшай катэгорыі MX2 для яе фаварытаў наўрад ці можна лічыць драматычнымі.
Аднак пры гэтым і лёгкімі іх не назавеш, калі весці гаворку, прынамсі, пра дзейнага чэмпіёна з Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа. Нідэрландзец-та якраз фаварытам і выглядаў спачатку, выйграўшы кваліфікацыйную гонку ў нядзелю, але ў галоўных заездах у панядзелак ён не бліснуў.
Ужо на старце першага, выйграўшы хол-шот, пра свае правы заявіў прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing Сімон Лангенфельдэр. Яго, праўда, адразу апярэдзіў партнёр па камандзе Саша Коэнэн, але на шостым кругу немец аднавіў статус-кво, вярнуўшы першую пазіцыю сабе.
У канцы дзясятага круга Коэнэна абагнаў і дэ Вольф, а пазней і партнёр Кая па камандзе Ліам Эвертс, канкурэнта з Monster Energy Triumph Racing Камдэна МакЛелана і свайго ўласнага партнёра па камандзе Андрэа Адама. Саша ў выніку фінішаваў толькі шостым, тады як дэ Вольф і Эвертс атрымалі адмашку клецістым сцягам другі і трэцім адпаведна, а Лангенфельдэр выйграў гонку.
У такім жа стылі немец правёў і другі заезд, прычым гэтым разам пасля выйгрышу хол-шоту лідарства ён нікому не саступаў, пераканаўча выйграўшы і гэты заезд, і Гран Пры Швейцарыі. Адама адразу захапіў другую пазіцыю, на якой і дабраўся да фінішу, а следам за ім размясціўся быў яго суайчыннік з Honda HRC Валерыа Лата, які, зрэшты, неўзабаве саступіў сваю пазіцыю Эвертсу, які ў сваю чаргу і замкнуў на фінішы першую тройку.
Што ж да дэ Вольфа, то ён першы круг скончыў на пятай пазіцыі і, напэўна, мог бы адыграць некалькі, калі б не ўпаў на сярэдзіне дыстанцыі. На шчасце Кая, шмат на гэтым эпізодзе ён не згубіў, а пасля нават паспеў прабіцца на чацвёртую пазіцыю, што дазволіла заняць па выніках этапу трэцяе месца, тады як той жа Адама стаў чацвёртым.
Эвертс заняў другое месца, а перамога Лангенфельдэра дазволіла яму сур’ёзна адыграцца ў чэмпіянаце. Сімон падняўся на другую пазіцыю і са сваімі 278-мю ачкамі ён усяго тры саступае цяпер дэ Вольфу. Адама з 258-мю баламі замыкае першую тройку, у сваю чаргу толькі сем пунктаў саступаючы Эвертсу. Сярод вытворцаў лідзіруе KTM, у якога 322 балы, што таксама ўсяго на сем больш, чым у Хускварны, якая цяпер другая. У Ямахі 228 ачкоў, яна на трэцяй пазіцыі.
Калі дэ Вольф швейцарскі этап правёў хоць і не ідэальна, але ўсё ж такі мінімізаваў свае страты, наколькі было магчыма, то вось лідар чэмпіянату ў старэйшай катэгорыі MXGP Цім Гайсэр дакладна паспрабуе забыць мінулы этап. Калі зможа, канечне. І справа зусім не ў тым, што ў кваліфікацыі ён саступіў свайму партнёру па заводскай Хондзе Рубэну Фернандэсу, які выйграў нядзельны заезд, і не ў выніках першай гонкі ў панядзелак.
У ёй славенец фінішаваў другім, так і не здолеўшы навязаць сапраўднай барацьбы брату Сашы Коэнэна Лукасу, які ў вышэйшым дывізіёне выступае таксама за заводскі KTM. Бельгіец выйграў хол-шот на старце і затым кантраляваў гонку да самага яе фінішу, тады як Гайсэру для таго, каб задаволіцца другой пазіцыяй на тым фінішы, прыйшлося абагнаць на першым кругу мясцовага любімца з Aruba.it Ducati Factory MX Team Джэрэмі Сівера.
На жаль, бліснуць у швейцарца ў першай гонцы не атрымалася – ён пакрысе адкаціўся на сёмую пазіцыю. Трэцім жа фінішаваў Фернандэс, якому ў другой гонцы не пашчасціла – пасля двух падзенняў на першых кругах ён затым яшчэ і парушыў правілы руху ў боксах, за што быў дыскваліфікаваны. Але хаця б застаўся ў фізічным ладзе, чаго нельга сказаць пра Гайсэра.
Цім ізноў адразу пасля старту размясціўся на другой пазіцыі, за спінай у Сівера, якога вельмі хутка абагнаў і пачаў набліжацца да Коэнэна, які зноў выйграў хол-шот. Але на трэцім кругу дапусціў фатальную памылку, калі на высокай хуткасці на выхадзе з аднаго з правых паваротаў выехаў за межы трасы і ўпаў, вяртаючыся на яе. Упаў вельмі непрыемна, вывіхнуўшы плячо, што, натуральна, не дазволіла яму вярнуцца ў гонку.
Па стане на сёння, раніцу суботы, невядома, наколькі сур’ёзна Цім пацярпеў. Вывіх сам па сабе быццам бы можа быць выпраўлены хутка, але адсутнасць якіх-небудзь афіцыйных паведамленняў пра стан здароўя гоншчыка прымушае трывожыцца. Спадзяемся, зрэшты, на наступным этапе ў Партугаліі мы пабачым Гайсэра ў яго лепшай форме.
А вось у Monster Energy Yamaha Factory MXGP ужо пацвердзілі, што з іх гоншчыкам Максімам Рэно ўсё добра. Малады француз пасля таго, як выбыў Гайсэр, захапіў быў другую пазіцыю ў гонцы, але за чатыры кругі да фінішу памыліўся на адным з трамплінаў, не прызямліўшыся на яго схіл, а зачапіўшы яго вяршыню пярэднім колам, у выніку чаго далейшы рух працягнуў асобна ад свайго матацыкла, які насціг яго ўжо пасля падзення на грунт. Адсутнасць сур’ёзных траўм у Максіма выглядае пасля такога нейкім цудам.
Сход з дыстанцыі Рэно, дазволіў фінішаваць другім яго суайчынніку з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Рамэну Фэвру. Трэцюю пазіцыю да апошняга ўтрымліваў чэмпіён з KTM Джэфры Херлінгс, які першы заезд скончыў толькі чатырнаццатым. У другім яму павязло больш, але, на радасць трыбунам, на апошнім кругу ён такі прапусціў наперад Сівера, які і фінішаваў трэцім, а галоўнае – заняў трэцяе выніковае месца, прынёсшы першы подыум Ducati ў мотакросавай гісторыі кампаніі з Борга-Панігале.
Другое месца заняў Фэвр, Лукас Коэнэн атрымаў перамогу і падняўся на трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ў яго 227 ачкоў. Фэвр са сваімі 278-мю баламі застаўся другім, наблізіўшыся, аднак, да Гайсэра, які пакуль што застаўся лідарам і мае 305 пунктаў. Honda таксама пакуль што ўзначальвае залік вытворцаў, маючы 319 балаў. Kawasaki з 284-ма на другой пазіцыі, KTM, у якога 246 ачкоў, на трэцяй.
Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе, як было адзначана вышэй, пройдзе ў Партугаліі, на трасе ў Агэдзе 3-4 мая. Зычым здароўя ўсім яго ўдзельнікам. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!