Булега эфектна і эфектыўна адыграўся на этапе сусветнага Супербайка ў Крэмоне
Фота: worldsbk.com
Прыемна перамагаць на роднай зямлі, яшчэ больш прыемна рабіць гэта тройчы, як Нікола Булега ў мінулы ўік-энд. Прычым поспех італьянца з Aruba.it Racing - Ducati на этапе WorldSBK у Крэмоне ў мінулы ўік-энд меў яшчэ і важнае псіхалагічнае значэнне.
Папярэдні этап у Асэне стаў катастрофай найперш для Булегаса асабіста, хаця, канечне, і заводскі калектыў Ducati быў шакаваны поўным складам. Пасля такіх гучных няўдач патрэбныя настолькі ж гучныя перамогі, і ў гэтым сэнсе лідару чэмпіянату сустветанага Супербайка пашчасціла.
Мінулагодні візіт Нікола ў Крэмону наўрад ці можна назваць удалым, але гэтым разам ён быў на кані з самага пачатку. Заяўку на будучы хэт-трык Булега падаў яшчэ ў кваліфікацыі, заваяваўшы поўл, а ў гонках развіў поспех.
Праўда, сустрэў і пэўнае процідзеянне з боку свайго галоўнага канкурэнта – дзейнага чэмпіёна з ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team Топрака Разгатліоглу. Турак, які кваліфікаваўся трэцім, на старце суботняй гонцы адразу адыграў адну пазіцыю, абагнаўшы Сэма Лоўса з ELF Marc VDS Racing Team, і на першым жа кругу ў трынаццатым павароце абагнаў Булегу ў спрэчцы за лідарства.
Эль Турка ўзначальваў гонку да шостага круга, на якім ужо Нікола знайшоў прарэху ў яго абароне. Пасля Разгатліоглу зрабіў яшчэ некалькі спроб атакі на свайго канкурэнта па чэмпіянаце, але даволі хутка знасіў шыны і задаволіўся другім месцам. Ну а Булега атрымаў першую псіхалагічна важную перамогу.
Ранішні нядзельны Суперпоўл-спрынт прайшоў па падобным сцэнарыі – Разгатліоглу ізноў апярэдзіў на старце Лоўса, хаця шанцаў рэальнай атакі на Булегу не атрымаў. Нікола захоўваў лідарства да самага фінішу і выйграў заезд, Топрак зноў фінішаваў другім.
Ну і фінальная другая гонка была падобная на суботнюю і нядзельную спрынтэрскую. Разгатліоглу ўдалася абагнаць Булегу на першым кругу, але той вярнуў сабе лідарства на чацвёртым. Пасля чаго ўпэўнена кантраляваў гонку да самага фінішу і выйграў і яе. Разгатліоглу ў трэці раз запар заняў другое месца, а трэцім усе тры заезды ўік-энду скончыў напарнік Булегі па камандзе Альвара Баўціста.
Такая стабільнасць напэўна не натхняе аматараў сусветнага Супербайка, але і Булеге асабіста, і ўсёй Aruba.it Racing - Ducati яна якраз у радасць. Італьянец ізноў замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце, у якім ён мае 198 ачкоў. У Разгатліоглу, які захоўвае другую пазіцыю, іх 164. На трэці радок выбраўся Баўціста, у яго 125 балаў. Ducati з 227-мю пунктамі па-ранейшаму ўзначальвае заліку вытворцаў, BMW на другой пазіцыі і мае 166 балаў, Yamaha замыкае першую тройку, у яе 128 ачкоў.
Наступны этап сусветнага Супербайка пройдзе 16-18 мая ў чэшскім Мосце. І калі браць за арыентыр вынікі мінулагодніх гонак на тамтэйшай трасе, то нам яшчэ ёсць на што спадзявацца ў плане інтрыгі ў барацьбе за тытул. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!