Шукаем прычыны для радасці хоць каго-небудзь акрамя Палоў пасля этапу IndyCar у Барберы
Фота: IndyCar
Добрыя навіны, канечне, ёсць, але прыходзіцца канстатаваць, што на сёння ў амерыканскай серыі з адкрытымі коламі ёсць Алекс Палоў і ёсць усе астатнія. Таму пытанне цяпер, здаецца, толькі ў тым, хто стане лепшым з гэтых астатніх.
У гэтым сезоне IndyCar яго трохразовы і дзейны чэмпіён пакуль што выглядае калі не абсалютным дамінатарам (перамога на папярэднім этапе ў Лонг-Біч дасталася ўсё ж такі пілоту Andretti Кайлу Кірквуду), то, бадай, адзіным рэальным прэтэндэнтам на тытул. Гонку на трасе Barber Motorsports Park, што ў штаце Алабама, іспанец з Chip Ganassi Racing у мінулыя выхадныя выйграў наогул у адну браму.
Стартаваў Алекс з поўлу, і ўжо на старце не пакінуў шанцаў нікому з канкурэнтаў. Ну, дакладней, адзін з іх, прадстаўнік Team Penske Скот МакЛафлін, першыя два кругі яшчэ спрабаваў нешта супрацьпаставіць Палоў у сёмым павароце, аднак затым усё роўна пачаў адставаць.
Новазеландзец затым яшчэ і саступіў пілоту Arrow McLaren Крысціану Лундгарду, задаволіўшыся толькі трэцім месцам. Датчаніну ж яго ўласная хуткасць і пісьменная стратэгія дазволілі фінішаваць другім пры старце з сёмай пазіцыі. Чарговы бліскучы ўік-энд для датчаніна, калі толькі не памятаць пра тое, што Палоў, меўшы перад сваім фінальным піт-стопам перавагу перад ім меней чым у пяць секунд, на фінішы гонкі «прывёз» Крысу шаснаццаць.
Летась адной з галоўных дзейных асоб гонкі ў Барберы стала Джарджына, але гэтым разам, відаць, смелую дзяўчыну было каму ўтрымаць на яе законным месцы. Так што акрамя Палоў, які атрымаў перамогу, пралідзіраваўшы восемдзесят адзін круг з дзевяноста, звярнуць увагу, калі ўжо зусім чэсна, не было на каго.
Што, натуральна, зусім не натхняе прыхільнікаў IndyCar, якія раней любілі параўноўваць гэтую серыю з Формулай 1, падкрэсліваючы хібы апошняй. Прычым крытыкі заслугоўваюць і цяперашнія баліды, якія сталі гібрыднымі пасярод папярэдняга сезону, але не сталі пры гэтым заўважна хутчэйшымі. А вось заўважна цяжэйшымі сталі.
Што ж да Палоў, то ён пасля этапу ў Алабаме лідзіруе ў чэмпіянаце ўжо са 196-цю ачкамі. Лундгард падняўся на другую пазіцыю, у яго 136 балаў, на дзевяць болей, чым у згаданага вышэй Кірквуда, які цяпер замыкае першую тройку і які ў Барберы фінішаваў адзінаццатым.
Аднак зусім ужо спісваць гэты сезон амерыканскіх формульных гонак я б усё ж такі не спяшаўся. Наперадзе яшчэ трынаццаць этапаў, прычым яшчэ не было ні аднаго авала, на якіх Палоў якраз традыцыйна не выглядае фаварытам.
Наступны ж пройдзе ўжо ў гэты ўік-энд у Індыянапалісе, на дарожнай версіі трасы, прычым гонка адбудзецца ў суботу. У мінулым годзе, праўда, яе выйграў таксама Палоў. Хаця і прыемнымі нечаканасцямі IndyCar парадаваць па-ранейшаму можа. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!