Сабаленка даўно не хавае, што любіць выпіць. Планы на паслясезонне якраз звязаныя з гэтым
Для яе былога захапленне выпіўкай скончылася кепска.
У Саудаўскай Аравіі працягваецца Выніковы чэмпіянат WTA – апошні турнір сезона.
4 лістапада Арына Сабаленка датэрмінова забяспечыла сябе паўфінал, абгуляўшы ў двух сэтах італьянку Жасмін Пааліні (6:3, 7:5). У першым матчы падпісантка за рэжым была мацнейшая за кітаянку Джэн Цынвэнь (6:3, 6:4).
Пасля другой запар перамогі беларуска паўдзельнічала ў бліц-апытанні прэс-службы турніра. Там Сабаленка падзялілася не зусім тыповымі для спартсмена планамі на адпачынак. На прапанову працягнуць фразу «У міжсезонне я буду…» тэнісістка адказала «Піць, не скажу вам што».
Проста цяпер у планах Сабаленкі скончыць год на верхнім радку рэйтынгу WTA – і абмыць такое дасягненне злачынствам не будзе. Але апошнім часам выпіўка часта з’яўляцца побач са спартсменкай.
Упершыню Сабаленка стала №1 у рэйтынгу WTA у верасні 2023 года. Такога выніку яна дамаглася дзякуючы выхаду ў фінал на Адкрытым чэмпіянаце ЗША, які быў прайграны амерыканцы Коры Гаўф.
– Цяпер я не ў супер дэпрэсіі. Я дакладна пайду выпіць сёння ўвечары. Мы спартсмены і часам п'ем, але няшмат. Стаць першай ракеткай свету – вялізны прагрэс і дасягненне. І я сапраўды ганаруся сабой, – дзялілася эмоцыямі Сабаленка.
Лідарам беларуска прабыла нядоўга – праз восем тыдняў яе апярэдзіла Іга Свёнтак. Вырашальная гульня адбылася ў паўфінале Выніковага чэмпіянату WTA таго года, дзе полька абгуляла Сабаленку. Свёнтак увогуле выйграла той турнір.
Большую частку 2024 года Сабаленка правяла на другім месцы рэйтынгу за спінай Свёнтак. На пачатку траўня неўзабаве пасля паразы ад полькі ў фінале мадрыдскага Мастэрса беларуска збіралася святкаваць дзень нараджэння – і там усплыла тэма алкаголю. Вось як апісвала тэнісістка свае планы:
– У любым выпадку – гэта шопінг, вельмі смачная ежа, вельмі шмат марожанага, торцікі. Добра, я напэўна не буду есці торцікі, але марожанае – дакладна.
– А тэкіла? Ты нам казала мінулы раз.
– Канешне, будзе! Я ўжо адчуваю, што «дайце мне выпіць», таму што я не засну ні сёння, ні заўтра.
Падчас жнівеньскага турніра ў Цынцынаці Сабаленка яшчэ раз засведчыла сваю любоў да тэкілы:
– Калі святкаваць перамогі, то я лiчу найлепш тэкілай. Ад усяго астатняга мяне распірае, калі раніцай прачынаешся і ўся такая ацёклая, такая-ніякая. А тэкіла добрая, неўзаметку праходзіць.
Мой любімы кактэйль? Ну як так бы сказаць, каб не спаліцца? Напэўна, «Маргарыта». Яна ўвогуле найлепшая. Там тэкілы самой няшмат. Гэта так, для настрою, – сказала Сабаленка.
«Маргарыта» – адзін з найпапулярнейшых у свеце кактэйляў, куды акрамя тэкілы дадаюцца лікёр «Куантро» і сок лайма.
Адзначым, што яшчэ ў 2023 годзе беларуска знялася ў прома для мексіканскага брэнда тэкілы Dobel.
У Цынцынаці Сабаленка перамагла, а Dobel частаваў фанатаў спартсменкі кактэйлем «MARGA-ARYNA», які тая курыруе.
Напачатку верасня Сабаленка ўпершыню перамагла на Адкрытым чэмпіянаце ЗША. У паўфінале Арына паабяцала бясплатны алкаголь гледачам у абмен на падтрымку ў матчы з гаспадыняй корта Эмай Навара. У двух сэтах амерыканка прайграла, давялося прастаўляцца.
– Рабяты, «Маргарыта» за мой кошт, – сказала Сабаленка.
У 2024 годзе ў жыцці Арыны Сабаленкі здарыўся трагічны эпізод. Падобна, таксама звязаны з алкаголем. У ноч з 18 на 19 сакавіка экс-бойфрэнд беларускі Канстанцін Кальцоў загінуў у Маямі пасля падзення з балкона гатэля. Інцыдэнт класіфікавалі як суіцыд.
Былая жонка хакеіста Юлія распавядала «Зеркалу», што схіляецца да версіі пра няшчасны выпадак, які мог адбыцца праз злоўжыванне спіртных напояў. Калі жанчына прыехала на месца трагедыі, то пабачыла ў нумары, дзе ёсць балкон з відам на Атлантычны акіян, пустыя бутэлькі ад выпіўкі. Яна выказвае здагадку, што былы муж мог быць моцна пʼяным.
Трагедыя адбылася падчас выступу Сабаленкі на турніры ў Маямі. На першую гульню пасля смерці Кальцова выйшла ва ўсім чорным.
Проста цяпер падпісантка за рэжым ідзе першай у рэйтынгу WTA. Сабаленка апярэджвае Ігу Швёнтак на 1046 пунктаў. Ці атрымаецца захаваць лідарства па выніках года і выпіць з гэтай нагоды тэкілы яшчэ?..