Tribuna/Футбол/Блогі/Winterfell/Даведаліся, куды падзелася біятланістка з Беларусі, якая выступала за Украіну і хавалася ад расійскіх бомб

Даведаліся, куды падзелася біятланістка з Беларусі, якая выступала за Украіну і хавалася ад расійскіх бомб

Вось чым жыве сёння Дар'я Блашко.

Блог — Winterfell
Аўтар — bytribuna com
Даведаліся, куды падзелася біятланістка з Беларусі, якая выступала за Украіну і хавалася ад расійскіх бомб

Калісьці Дар'я Блашко падавала сур'ёзныя надзеі ў біятлоне. Выступаючы за Беларусь, ураджэнка Наваполацка ў 2015-м стала двухразовай чэмпіёнкай свету сярод юніёраў (у спрынце і ў эстафеце), а па выніках сезона-2015/16 перамагла ў агульным заліку юніёрскага Кубка IBU. Затым быў даволі нечаканы пераход ва Украіну (нібыта нават Аляксандр Лукашэнка ўгаворваў застацца), але там не сказаць, што вынікі былі выбітнымі. Найлепшым дасягненнем стала трэцяе месца ў змяшанай эстафеце Кубку свету-2021/22 у Аберхофе. У індывідуальных выступах вышэй за 16-е месца на этапах Кубка свету яна не падымалася, ды і то такія вынікі былі выключэннем.

Улетку 2024-га трэнер зборнай Украіны Мікалай Зоц паведаміў, што Блашко прыпыніла кар'еру праз праблемы са здароўем. З тых часоў пра спартсменку, якой у канцы студзеня споўніцца 29, няма ніякіх навін. «Трыбуна» даведалася, чым Блашко жыве сёння.

У лютым 2022-га расійскае поўнамаштабнае ўварванне заспела спартсменку на біятлоннай базе пад Чарнігавым – будынак быў разбураны, Блашко хавалася ў падвале. Праз два гады яна правяла апошнюю на сёння біятлонную гонку: 3 лютага 2024-га на этапе Кубка IBU ў нямецкім Арберы вельмі няўдала прабегла спрынт – фінішавала 62-й сярод 80 удзельніц. На двух агнявых рубяжах дапусціла тры промахі і адстала ад лідаркі амаль на пяць хвілін.

Сезон-2023/24 для спартсменкі складваўся няпроста. Былі і няўдалыя выступы, і пропускі праз здароўе. Пасля старту ў Арберы Блашко датэрмінова завяршыла сезон. 9 красавіка 2024 года кіраўнік федэрацыі біятлона Украіны Іван Крулько распавёў, што сустрэўся і грунтоўна пагаварыў з Блашко. Спартсменка апавясціла яго пра жаданне адпачыць ад біятлона. Ну а праз пару месяцаў ужо галоўны трэнер зборнай Украіны Зоц заявіў пра тое, што Блашко прыпыніла кар'еру – усё праз праблемы са здароўем.

Што гэта за праблемы – ні сама атлетка, ні хтосьці з функцыянераў не ўдакладняў. Паводле інфармацыі «Трыбуны», у беларускі адбыўся гарманальны збой, які пацягнуў за сабой рэзкі набор вагі і немагчымасць трэнавацца ў поўную сілу. Увогуле, медыкі насамсправе раілі паберагчы сябе. Таму Блашко нічога не заставалася, як на час сысці з прафесійнага спорту і сканцэнтравацца на сабе.

Пры гэтым дагэтуль на афіцыйным сайце ФБУ Блашко значыцца ў складзе нацыянальнай зборнай. Аднак, як распавялі нам мясцовыя біятлонныя спецыялісты, існуюць вялікія сумневы ў тым, што спартсменка вернецца. Жаночую зборную з красавіка 2023 года ўзначальвае Зоц. Блашко некаторы час трэнавалася пад яго кіраўніцтвам, аднак, як сцвярджаюць нашы суразмоўцы, у нейкі момант заявіла, што больш не хоча прыязджаць у каманду пры гэтым кіраўніку. Прычыны дэмаршу нам невядомыя, але, як кажуць нашыя суразмоўцы, Блашко ўсім у атачэнні дала зразумець, што не зменіць рашэння.

Сёння жыццё Блашко не звязана са спортам. Як аказалася, ужо некалькі гадоў яна валодае домам у Львоўскай вобласці недалёка ад вёскі Явараў, дзе знаходзіцца Заходні рэабілітацыйна-спартыўны цэнтр Нацыянальнага камітэту спорта інвалідаў. Там праходзяць зборы і сябры нацыянальнай зборнай Украіны па біятлоне. Пры гэтым, па нашых звестках, дом для Блашко набыў кіраўнік ФБУ Крулько. Пачатак вайны спартсменка сустрэла ва Украіне пад Чарнігавам. Біятлонная база, на якой жыла Блашко, была разбураная. Давялося пераязджаць на базу ў славенскай Паклюцы. Ну а канцы 2022-га беларуска вярнулася ва Украіну ва ўжо свой дом.

Таксама, паводле нашых звестак, нядаўна Блашко выйшла замуж. Мужам аказаўся адзін з мясцовых жыхароў, па ўзросце значна старэйшы за біятланістку.

Па звестках нашых крыніц, Блашко вельмі задаволеная тым, як уладкавала сваё асабістае жыццё, і цяпер займаецца здароўем, а вось адсунуты вельмі далёка. У біятлонных колах Украіны ўжо і прызабылі пра такую спартсменку і ў прынцыпе не разлічваюць на яе вяртанне ў профі, хоць Блашко на сёння ўсяго 28.