Віталь Клічко – Томасу Баху: «Я не выключаю, што правядзенне Алімпіяды можа быць пад пытаннем, калі будзе працягвацца страусіная пазіцыя МАК»

3 лютага, 13:36
0

Мэр Кіева і былы чэмпіён свету ў суперцяжкай вазе Віталь Клічко пракаментаваў магчымасць допуску расіян і беларусаў да Алімпіяды-2024 у Парыжы.

– Сёння браць спартсменаў з краіны, якая зʼяўляецца агрэсарам, падтрымлівае вайну, дзе многія спартсмены прымаюць удзел у агрэсіўных, ваенных дзеяннях супраць Украіны – гэта падвойныя стандарты.

Калі мы гаворым пра алімпійскі рух, пра спартовы рух – грамадзяне Расіі ў першую чаргу павінны сказаць не кіраўніцтву, не Пуціну і не вайне.

Мы заклікаем, усе спартоўцы Украіны, НАК, мой брат Уладзімір, алімпійскі чэмпіён, звяртаемся да МАК, да спадара Баха – спыніць любы ўдзел расейцаў і беларусаў у алімпійскіх спаборніцтвах у выпадку агрэсіўнай палітыкі кіраўніцтва іх дзяржаў.

Спартсмены павінны выказаць сваю пазіцыю адносна таго, што забіваюць людзей, гінуць жанчыны, дзеці, пажылыя людзі. Спартсмены не могуць маўчаць.

– Ці магчымы байкот Алімпіяды іншымі краінамі?

– Гэта адзін са шляхоў прымусіць МАК не быць па-за палітыкай. Што значыць быць нейтральным да таго, калі забіваюць мірных жыхароў, калі ідзе агрэсія, разбураючы любыя міжнародныя дамовы і правы людзей?

Гэта пазіцыя, якая будзе набіраць абароты. Я не выключаю, што ўвогуле правядзенне Алімпійскіх гульняў можа быць пад вялікім пытаннем, калі далей будзе працягвацца такая страусіная пазіцыя ад кіраўніцтва МАК, - сказаў Клічко.

Міністр спорту Украіны Гутцайт у лісце Баху: «Пакуль расійскія войскі працягваюць генацыд народу Украіны, расійскім і беларускім спартсменам неабходна забараніць удзел у міжнародных спаборніцтвах у любым статусе»

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 году працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

🏆 «Арсенал» можа выйграць АПЛ упершыню з 2004, кэф – 2.67!