Усе навіны

Зборная ЗША не будзе выступаць на ЧС-2023 па боксе, сярод прычын – незахаванне IBA нейтральнага статусу расіян і беларусаў

8 лютага 2023, 23:25

Федэрацыя бокса ЗША заявіла, што мужчынскія і жаночыя зборныя не будуць выступаць на чэмпіянатах свету па боксе ў 2023 годзе.

У заяве федэрацыі прыведзены шэраг прычын, па якіх прынялі гэтае рашэнне. Сярод іх праца рэферы і суддзяў, адсутнасць санкцый супраць асобаў са спісу Макларэна, праца кіраўніка IBA Умара Крамлёва, немагчымасць правесці сумленныя выбары, сувязь з «Газпромам», незахаванне палітыкі нейтральнасці ў дачыненні да расіян і беларусаў. У прыватнасці, расійскім баксёрам дазволілі на турніры ў Марока выступіць пад сцягам РФ.

«Хоць спорт закліканы быць палітычна нейтральным, многія баксёры, трэнеры і іншыя прадстаўнікі ўкраінскай баксёрскай супольнасці былі забітыя ў выніку расійскай агрэсіі супраць Украіны. У прыватнасці, трэнера Міхаіла Караноўскага, які загінуў у выніку траплення расійскай ракеты ў жылы дом у студзені 2023 года. Спартыўная інфраструктура Украіны, у тым ліку шматлікія баксёрскія залы, разбурана расійскай агрэсіяй », – гаворыцца ў заяве федэрацыі.

У гэтым годзе жаночы ЧС па боксе пройдзе з 15 па 31 сакавіка ў Індыі, мужчынскі – з 1 па 14 мая ва Узбекістане.