Нідэрланды будуць байкатаваць ЧС па боксе з-за допуску расіян і беларусаў да спаборніцтваў
Нідэрландская федэрацыя бокса паведаміла, што не выступіць на чэмпіянаце свету з-за допуску расіян і беларусаў да турніру.
Заяву федэрацыі апублікаваў нідэрландскі баксёрскі функцыянер Борыс Ван дэр Ворст.
«Савет федэрацыі бокса Нідэрландаў аднагалосна прагаласаваў не пасылаць дэлегацыі на спаборніцтвы пад эгідай IBA, якія парушаюць санкцыі МАК.
МАК і ўдзельнікі Алімпійскага саміту вылучылі жорсткія ўмовы для таго, каб спартсмены з Расіі і Беларусі маглі патэнцыйна ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах пад нейтральным статусам.
Насуперак санкцыям і рэкамендацыям МАК, падтрыманым алімпійскім рухам, Савет дырэктараў IBA 5 кастрычніка 2022 года прыняў рашэнне аб тым, што «каманды Расіі і Беларусі змогуць выступаць пад сваімі сцягамі, а таксама будуць гучаць дзяржаўныя гімны, калі яны выйграюць залаты медаль».
На апошнім кангрэсе IBA прэзідэнт Умар Крамлёў пацвердзіў, што IBA выкарыстоўвае сродкі «Газпрома» для арганізацыі сваіх мерапрыемстваў, а таксама для выплаты грашовых прызоў баксёрам.
Упершыню ў гісторыі МАК вырашыў не ўключаць бокс у папярэднюю праграму Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе 2028. Нягледзячы на тое, што МАК прапаноўваў дакладны шлях для паўторнага ўключэння бокса ў спаборніцтвы, кіраўніцтва IBA не выканала гэтыя рэкамендацыі.
Неспакой МАК і многіх нацыянальных баксёрскіх федэрацый адносна ўпраўлення IBA зараз абвастраецца з-за грубага парушэння санкцый МАК, звязаных з парушэннем алімпійскага перамір'я ўрадам Расіі пры садзейнічанні Беларусі. Гэта яшчэ адзін прыклад безгрунтоўнасці ці нежадання IBA працаваць над аднаўленнем статусу алімпійскай арганізацыі.
Федэрацыя бокса Нідэрландаў звярнула ўвагу на падобныя аб'явы іншых нацыянальных федэрацый, а таксама рэакцыю IBA на гэтыя заявы.
Мы заклікаем кіраўніцтва IBA устрымлівацца ад агрэсіўных спробаў прымусіць маўчаць, здушыць і пераследаваць федэрацыі бокса і іх членаў, уключаючы баксёраў, трэнераў і афіцыйных асоб, якія спрабуюць забяспечыць выкананне алімпійскай хартыі і Канстытуцыі IBA», – гаворыцца ў заяве федэрацыі.
Раней пра байкот ЧС абвясцілі ЗША, Швецыя, Канада, Чэхія, Вялікабрытанія.