Усе навіны

Віталь Клічко: «Год таму развязванне Расіяй гэтай варварскай вайны большасці ўкраінцаў падавалася нерэальным»

24 лютага 2023, 11:37

Мэр Кіева і былы чэмпіён свету ў цяжкай вазе Віталь Клічко падзяліўся думкамі пра гадавіну поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

«Сябры! Год мы жывём у новай рэальнасці. Трагічнай і псіхалагічна знясільваючай. Але мы змагаемся, верым у сябе і сваю краіну. Таму ўсё пераадолеем і пераможам.

Год таму развязванне Расіяй гэтай варварскай вайны большасці ўкраінцаў падавалася нерэальным. Але сталіца рыхтавалася да магчымага наступлення. Добраахвотнікі, якія ўсталі ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны, нашы вайскоўцы дапамаглі абараніць і ўтрымаць сталіцу.

Крытычная інфраструктура горада працавала, нягледзячы на абстрэлы і рэальную пагрозу вулічных баёў. Бальніцы прымалі параненых з прыгарадаў, дзе ішлі разлютаваныя баі.

Працавалі харчовыя крамы і камунальныя аптэкі. Бізнэс і неабыякавыя кіяўляне аказвалі падтрымку тым, хто ў ёй меў патрэбу», – сказаў Клічко.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.