Усе навіны

Віталь Гуркоў: «Пагоня» – суполка нацыянальна арыентаваных беларусаў. Ці ёсць палітычныя амбіцыі? Не»

10 траўня, 16:37

Кіраўнік грамадзкага аб'яднання «Пагоня» і шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў распавёў пра новую арганізацыю і яе планы.

– Што б я зараз не казаў, гэта будзе заява пра намер. Гэта можа стацца, а можа і не стацца. 

Шмат рэчаў трэба рабіць рукамі. Трэба ехаць самаму і адвозіць, прывозіць, дзесьці з кімсьці дамаўляцца, выязджаць за мяжу і гэтак далей.

На дадзены момант у нас 28 чальцоў грамадзкага аб’яднання, у асноўным гэта беларускія дабраахвотнікі не толькі з палка «Пагоня».

Ёсць два буйных праекты, над якімі мы працуем. Першае – гэта гуманітарнае размінаванне Украіны. Ёсць прыкладна 10-11 чалавек, якія маюць баявы досвед і патрэбную кваліфікацыю. Гэты кейс на падрыхтоўчай стадыі.

Другі сацыяльны праект – псіхалагічная дапамога пры ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае растройства – заўв. Tribuna.com) ваярам. Гэта тое, што на будучыню плануецца.

– Ці змогуць звяртацца па псіхалагічную дапамогу не ўдзельнікі аб’яднання?

– Так, пры патрэбе, неабавязкова быць удзельнікам. Паведамім пра гэта пазней.

Мы звяртаемся ў медыяпрастору пры патрэбе, калі трэба дапамога. Калі можна зрабіць самастойна, мы не выносім гэта ў публічную сферу. Мы не зарабляем палітычныя балы. У нас няма мэты пасады атрымліваць, набіваць рэйтынгі. Мы проста супольнасць нацыянальна-арыентаваных беларусаў, якія дапамагаюць адзін аднаму наколькі гэта магчыма

– Ці ёсць палітычныя амбіцыі і погляды ў нейкі бок?

– Не, – сказаў Гуркоў.

Нагадаем, у лістападзе 2022 года Міністэрства юстыцыі Украіны зарэгістравала грамадскае аб'яднанне «Пагоня». Заснавальнікамі аб'яднання выступілі беларусы, якія стала пражываюць ва Украіне, а таксама байцы беларускага палка «Пагоня».