Французскі журналіст заявіў, што атрымаў копію абследавання, якое даказвае, што Хеліф мае парушэнне палавога развіцця, уласцівае мужчынам
Французскі журналіст Джафар Айт Аўдзія заявіў, што атрымаў копію медыцынскага абследавання, якое даказвае, што алімпійская чэмпіёнка па боксе Іман Хеліф з Алжыра мае парушэнне палавога развіцця, якое сустракаецца толькі ў біялагічных мужчын.
Сцвярджаецца, што справаздача абследавання была падрыхтавана ў чэрвені 2023 года. У справаздачы паведамляецца, што ў Хеліф ёсць дэфіцыт 5-альфа-рэдуктазы, які ўплывае на развіццё палавых органаў дзіцяці. Пры нараджэнні немаўлят мужчынскага полу, якія маюць такую анамалію, часта няправільна лічаць жанчынамі з-за дэфармаваных палавых органаў.
Па словах журналіста, МРТ паказала, што ў Хеліф не было маткі, а былі ўнутраныя яечкі і «мікрапеніс», падобны на павялічаны клітар. Храмасомны тэст нібыта пацвердзіў, што Хеліф мае карыатып XY, тады як тэст на гармоны выявіў, што ўзровень тэстастэрону тыповы для мужчын.
Аўдзія сцвярджае, што па здагадцы лекараў, бацькі Хеліф маглі быць крэўнымі сваякамі.
Выявы справаздачы, прадстаўленыя журналістам, з'яўляюцца фатаграфіямі экрана і не змяшчаюць афіцыйных пячатак медыцынскай установы або подпісаў лекараў.
Напярэдадні Хеліф паказалі ў перадвыбарным роліку кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа са словамі: «Мужчыны маглі збіваць жанчын і выйграваць медалі».
Нагадаем, што ў 1/8 фіналу Алімпіяды ў Парыжы алжырка адолела італьянку Анджэлу Карыні, якая адмовілася працягваць паядынак пасля першага акцэнтаванага прапушчанага ўдару. Пасля гэтага ў сетцы пачаліся размовы пра палавую прыналежнасці Хеліф.
У 2023 годзе Хеліф дыскваліфікавалі пасля перамогі на чэмпіянаце свету 2023 IBA, якую ўзначальвае расійскі функцыянер Умар Крамлёў. Тэст, праведзены IBA, паказаў падвышаны ўзровень тэстастэрону, а арганізатары заявілі, што яна не змагла прайсці тэст на адпаведнасць полу.