ITA дыскваліфікавала Паветкіна на чатыры гады і анулявала яго вынікі з 2014 года
Міжнароднае агенцтва допінг-тэставання (ITA) паведамляе, што расійскі баксёр Аляксандр Паветкін быў дыскваліфікаваны на чатыры гады за ўжыванне астарына ў 2014 годзе.
Рашэнне прынятае на падставе даных, атрыманых Сусветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA) з маскоўскай лабараторыі.
Дыскваліфікацыя працягнецца да 20 кастрычніка 2028 года. Акрамя таго, вынікі спартсмена з 28 верасня 2014 года да пачатку часовага адхілення 9 верасня 2024 года ануляваныя.
Апошні раз Паветкін выходзіў на рынг у 2021 годзе. Тады ён прайграў Дыліяну Уайту тэхнічным накаўтам і завяршыў кар'еру.
Раней Паветкіна двойчы адхілялі за парушэнне антыдопінгавых правіл. У траўні 2016 года ў яго допінг-пробе знайшлі мельдоній. У снежні 2016 года ў допінг-пробе расіяніна знайшлі астарын.