Tribuna/Бокс/Блогі/Літоўскі кікбаксёр-чэмпіён – за Украіну: збірае валанцёрскую дапамогу, ездзіў на ўсход да вайскоўцаў

Літоўскі кікбаксёр-чэмпіён – за Украіну: збірае валанцёрскую дапамогу, ездзіў на ўсход да вайскоўцаў

«Ні за што б не выйшаў у рынг супраць таго, хто падтрымлівае дзеянні Расіі ва Украіне».

11 лютага 2023, 12:03
Літоўскі кікбаксёр-чэмпіён – за Украіну: збірае валанцёрскую дапамогу, ездзіў на ўсход да вайскоўцаў

Сяргей Маслабоеў – чэмпіён самага папулярнага зараз кікбаксёрскага прамоўшна Glory у крузервейце і вялікі сябар Украіны. Сяргей з першых дзён падтрымліваў народ Украіны, займаецца валанцёрскай дзейнасцю і бываў на ўсходзе падчас баёў.

24 лютага Расiя пачала вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 28 лютага культурныя i спартыўныя дзеячы Літвы, сярод якіх быў і Маслабоеў, запісалі відэазварот да народа Украіны:

«Барацьба супраць народа не можа быць апраўдана ніякім чынам. Кожны разважны чалавек у свеце зараз душой, сэрцам і думкамі з Украінай, з народам Украіны. Мы, жыхары Літвы, імкнуліся, імкнёмся і будзем імкнуцца дапамагчы вам усім, чым толькі можам».

На свой наступны паядынак супраць грузіна Ніка Кулумбегашвілі Сяргей выйшаў у футболцы са сцягамі Літвы і Украіны.

А яшчэ на гэтую бітву Маслабоеў выходзіў пад песню ўкраінскага гурта Go_A і матываваў уключаць яе на YouTube: «Слухайце гэты кліп на канале YouTube праз манетызацыю – сродкі пойдуць у фонд падтрымкі Украіны».

І зноў адзначаў неабходнасць дапамогі Украіне:

«Мы, літоўцы, павінны быць як ніколі згуртаваныя і моцныя. Разам як адзін кулак, таму што толькі так мы можам дапамагчы нашым суседзям – краіне, якая зараз у стане вайны не толькі дзеля сябе, але і дабрабыту ўсяго дэмакратычнага свету.

Слава Украіне! Героям Слава!», – пісаў ва інстаграме баец.

8 кастрычніка 2022 года Сяргей Маслабоеў стаў чэмпіёнам Glory. На турніры Collision 4 літовец перамог магутнага прадстаўніка Марока Тарыка Хбабеза рашэннем суддзяў.

У пачатку лістапада Сяргей атрымаў падарунак за валанцёрскую дапамогу Украіне, якой займаўся і да чэмпіёнскага паядынку: збіраў на беспілотнікі, перадаваў рэчы і рыштунак для вайскоўцаў.

А ўжо праз некалькі дзён быў ва Украіне і сам. У сярэдзіне лістапада прыехаў з чэмпіёнскім поясам і поўным грузавіком дапамогі.

Сустрэўся з вайскоўцамі.

Пабываў у Ізюме і Данецкай вобласці, дзе знаходзіўся недалёка ад агнявога кантакту з захопнікамі.

Сам Маслабоеў не жадае, каб яго моцна вылучалі на фоне іншых літоўцаў. Перамогі Украіны жадае ўся Літва, адзначае спартсмен.

«Можна сказаць, што ваш боль – наш боль. Пераважная большасць нашага насельніцтва спрабуе дапамагчы. Мне важна ведаць, што маёй дапамогай карыстаюцца як у Літве, так і ва Украіне. І так працягнецца датуль, пакуль мы не зможам з вамі святкаваць поўную перамогу вольнай Украіны», – распавядаў Маслабоеў блогеру Tribuna.com.

Пазней украінскія артылерысты і мінамётчыкі перадавалі прывітанне расiянам ад чэмпіёна.

Glory – адзін з нямногіх прафесійных прамоўшэнаў, якія забаранілі баксаваць расіянам у рамках сваіх турніраў яшчэ ў пачатку вайны і не змянілі сваю пазіцыю з часам. Літоўскі чэмпіён адзначае – гэта дзякуючы масавай падтрымцы гэтага рашэння з боку спартсменаў:

«Што да рашэння Glory, па сабе дакладна ведаю, што не падзяляў бы рынг з чалавекам, які адкрыта падтрымлівае дзеянні Расіі на тэрыторыі Украіны або прадстаўляе краіну-агрэсара і пазбягае выказваць сваё асуджэнне забойства свабодных людзей на іх роднай зямлі. Але таксама хачу заўважыць, што расіянін – гэта не дыягназ, ёсць сярод iх i тыя, якія добраахвотна са зброяй нароўні з украінцамі абараняюць свабоду Украіны».

11 лютага ў Германіі Сяргей Маслабоеў упершыню будзе абараняць свой чэмпіёнскі тытул. Рэкорд літоўца ў самым вядомым кікбаксёрскім прамоўшэне – 4-0, 1 КО. З 24-гадовым Донегі Абенай Сяргей ужо сустракаўся – у 2021 годзе. Тады літовец перамог падзеленым рашэннем суддзяў.

Фота: Glory

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты