Tribuna/Бокс/Блогі/У UFC расійскага фаварыта пад украінскімі санкцыямі ўстараніў грузінскі баец – для яго гэта асаблівая перамога праз грамадзянскую пазiцыю

У UFC расійскага фаварыта пад украінскімі санкцыямі ўстараніў грузінскі баец – для яго гэта асаблівая перамога праз грамадзянскую пазiцыю

Актыўна падтрымлівае Украіну ў вайне.

Аўтар — bytribuna com
12 сакавіка 2023, 05:45
2
У UFC расійскага фаварыта пад украінскімі санкцыямі ўстараніў грузінскі баец – для яго гэта асаблівая перамога праз грамадзянскую пазiцыю

Грузiнскi баец UFC Мераб Двалішвілі, якi выступае ў найлягчэйшай вагавай катэгорыi, 11 сакавіка на турніры UFC Fight Night 221 у Лас-Вегасе ў галоўным спаборніцтве вечара перамог расіяніна Петра Яна. Рашэнне суддзяў было аднагалосным – усе трое зафiксавалi перамогу Мераба з лiкам 50-45. Пры гэтым Ян быў у букмекераў яўным фаварытам сустрэчы – той, хто паставiў на Двалiшвiлi, атрымаў прыбытак у 200-240%.

Пасля перамогi Двалiшвiлi ў кароткай прамове выказаў самае галоўнае для сябе – у чарговы раз выступiў супраць вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

«Дзякуй усiм, хто прыйшоў. I я супраць вайны. Слава Украiне! Слава Грузii! Слава свабодзе! Нам патрэбная толькi свабода! Не вайне! Калi ласка, спынiце вайну! Не вайне! Я супраць вайны. Дзякуй», – сказаў баец.

Яшчэ да бою Двалiшвiлi канкрэтызаваў: «Гэты паядынак – не проста бой. Для мяне гэта асабістае. Ён з Расiі, я з Грузіі. Мы ўсе ведаем, што расiяне робяць цяпер ва Украіне і што яны зрабілі ў Грузіі. Расiя не дэмакратычная дзяржава».

Вiдавочна, паўплывала на рэакцыю Мераба i пазiцыя яго сапернiка. Ян лiчыць, што Расiя мела права распачаць баявыя дзеяннi. У канцы 2022-га ён трапiў пад украiнскiя санкцыi па абвiнавачваннi ў «публічнай падтрымцы ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, генацыда ўкраінскага народа і дэпартацыi ўкраінцаў».

Двалішвілі пачаў свой шлях у UFC з двух паражэнняў запар. У 2018 годзе яго будучыня ў прамоўшне заставалася пад пытаннем, але грузін змог сабрацца. З тых часоў ён не прайграваў. Перамога над Янам – дзявятая запар для Мераба.

Двалішвілі паслядоўна выступае за Украiну ў вайне. Нават апісанне профілю байца ў Instagram утрымлiвае лозунг «Слава Украіне».

24 лютага 2022-га Мераб апублікаваў пост з украінскім сцягам і словамi «Слава Украіне», падпісаўшы: «Заставайся моцнай, Украіна!».

Двалішвілі трэніруецца ў адной зале з Алджамейнам Стэрлінгам, дзейсным чэмпіёнам UFC у найлягчэйшай вазе. У сакавіку 2021 года Стэрлiнг завалодаў чэмпіёнскім поясам з-за дыскваліфікацыі Яна, а ў красавіку 2022 года абараніў тытул у баі супраць расіяніна аднагалосным рашэннем суддзяў.

15 сакавіка 2022 года Мераб апублікаваў фота сваёй каманды, на якім Стэрлінг і яшчэ адзін вядомы баец Эл Яквінта трымаюць украінскі сцяг, з подпісам: «Я і мая каманда падтрымліваем Украіну».

У канцы студзеня гэтага года Двалішвілі ўдзельнічаў у турніры па джыу-джыцу ў асаблiвай майцы: на пярэднiм баку – украінскі сцяг і надпіс: «Заставайся моцнай, Украіна», – на адваротным – таксама ўкраінскі сцяг з надпісам: «Слава Украіне». Свой выступ на турніры Мераб скончыў моцнай прамовай пра тое, што Расія хоча вярнуць Украіну і Грузію ў склад СССР, у вынiку чаго гінуць мірныя людзі.

Мераб падтрымаў i пратэсты ў Грузіі, якія перамаглi закон аб «замежных агентах», апублікаваўшы сторы: «Слава Грузіі і яе светлай будучыні».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты