Tribuna/Бокс/Блогі/Баксёр у судзе вярнуў сабе тытул з 2017-га, які ўзяў у баі з жыхаром Беларусі – той быў «выкуплены з палону» Клічко, напалохаў Ф'юры і як экс-амапавец не разумеў сілавікоў Лукашэнкі

Баксёр у судзе вярнуў сабе тытул з 2017-га, які ўзяў у баі з жыхаром Беларусі – той быў «выкуплены з палону» Клічко, напалохаў Ф'юры і як экс-амапавец не разумеў сілавікоў Лукашэнкі

Сёння – кіроўца ў Маскве.

Аўтар — bytribuna com
5 верасня, 12:30
Баксёр у судзе вярнуў сабе тытул з 2017-га, які ўзяў у баі з жыхаром Беларусі – той быў «выкуплены з палону» Клічко, напалохаў Ф'юры і як экс-амапавец не разумеў сілавікоў Лукашэнкі

Бокс – від спорту з, мабыць, самай заблытанай арганізацыяй. Па-першае, тут дагэтуль існуе падзел на дзве катэгорыі – «аматары» (якія цалкам сабе прафесійныя, проста не атрымліваюць ганарараў непасрэдна за баі, выступаючы на турнірах ўзроўню ЧС і АГ) і «прафесіяналы». Па-другое, у «прафесіяналаў» няма адзінай сусветнай федэрацыі – ёсць чатыры найбольш аўтарытэтных. Хоць перыядычна ў іх праводзяць «абʼяднальныя баі» – калі сустракаюцца чэмпіёны розных федэрацый, то пераможца забірае ўсе паясы.

Адным з чэмпіёнаў па версіях усіх чатырох федэрацый зʼяўляецца ўкраінец Аляксандр Вусік. Прычым ён валодаў чатырма паясамі ў першай цяжкай вагавой катэгорыі (да 91 кг), а потым перайшоў у цяжкую (звыш 91 кг) – і завалодаў усімі тытуламі і там, у 2021-м перамогшы брытанца Энтані Джошуа, а ў жніўні 2022-га выйграўшы і рэванш. Праўда, і тут узнікла праблема арганізацыі – для адной з федэрацый, WBA, Вусік лічыўся суперчэмпіёнам, але быў у яе і «рэгулярны чэмпіён». З ім у 2023-м WBA і запатрабавала ад украінца пабаксаваць, назваўшы імя брытанца Даніэля Дзюбуа. 26 жніўня 2023-га бой адбыўся – Вусік, хоць і не без спрэчак, перамог і тут.

Здавалася б, вось ён – момант, калі ў WBA спыніцца блытаніна. Але не. Ужо 31 жніўня WBA выпусціла заяву, у якой гаварылася: маўляў, самі хочам і працуем над тым, каб у кожнай катэгорыі быў адзіны чэмпіён, але тут «у рамках судовага ўрэгулявання» змушаныя аднавіць у званні «рэгулярнага чэмпіёна» у цяжкай вазе Махмуда Чара. Наогул Чар судзіўся за гэтае аднаўленне з 2021-га: WBA сцвярджала, што пазбавіла баксёра звання за зрыў неабходных баёў па абароне тытула, бок Чара заяўляла, што вінаватая ў гэтым федэрацыя, якая аддавала арганізацыю баёў прамоўтару Дону Кінгу, а кампанія таго не дасылала баксёру патрэбныя дакументы (ёсць версія, што Кінг прапіхваў замест Чара «сваіх» прэтэндэнтаў, а WBA для гэтага «хімічыла» з рэйтынгамі – увогуле, вельмі дзіўная гісторыя). Але цяпер Махмуд – ізноў «рэгулярны чэмпіён», і яму прызначылі чарговы бой для абароны гэтага звання (чамусьці з баксёрам з пятага месца рэйтынгу WBA – чарговыя каламутныя справы).

А атрымаў пояс «рэгулярнага чэмпіёна» WBA Чар першапачаткова яшчэ 25 лістапада 2017 года! І, што цікава, тытульны бой у нямецкім Оберхаўзене праводзіўся супраць беларускага баксёра Аляксандра Усцінава (пры гэтым першапачаткова афіша была ўвогуле іншая – увогуле, у WBA усё даўно няўстойліва). Чара тады яшчэ клікалі Мануэль – ён з дзяцінства жыве ў Нямеччыне, але не так даўно вырашыў вярнуцца да ліванскіх каранёў. Ён валодаў ініцыятывай і ў восьмым раўндзе адправіў Усцінава ў накдаўн. У выніку пасля дванаццатага раўнда суддзі аднагалосна абʼявілі Чара пераможцам бою.

Наогул Усцінаў – расіянін, нарадзіўся ў Алтайскім краі, пасля войска прыйшоў у АМАП у Новасібірску, у складзе якога быў пасланы ўдзельнічаць у другой чачэнскай вайне, якую ўжо тады ў Расіі афіцыйна звалі «контртэрарыстычнай аперацыяй» (расійскія сілы са зброяй у руках аднаўлялі фактычны кантроль над тэрыторыяй Чачэніі, што ім у выніку ўдалося). Пазней Усцінаў казаў: «Вайну задумалі тыя, хто сядзіць наверсе. Першапачаткова ў гэтай тэме было закладзена вельмі шмат грошай».

Вярнуўшыся ў Новасібірск, у 25 гадоў Усцінаў быў запрошаны калегамі ў залу беларускага трэнера, заснавальніка школы беларускага кікбоксінга Уладзіміра Задзірана, які пераехаў у Новасібірск. Задзіран упадабаў 202-сантыметровага фізічна моцнага сілавіка і прапанаваў зрабіць таго чэмпіёнам – але для гэтага трэба было перабрацца ў Беларусь. Той падумаў-падумаў і пагадзіўся.

Ужо праз год пасля пачатку заняткаў Усцінаў стаў чэмпіёнам Еўропы па муай-тай, а потым заваяваў дзевяць тытулаў на розных турнірах K-1 серыі Гран-пры. Але далей здарылася праблема – баец не гледзячы падпісаў паперу, па якой аддаў невядомай яму кампаніі ўсе правы на свае паядынкі. У выніку Усцінаву давялося перайсці ў бокс, дзе ён крыху спрабаваў у «аматарах» і нават прэтэндаваў на беларускую пуцёўку на АГ-2004 (але не склалася).

А далей пашанцавала – пасля трох баёў Аляксандра запрасілі на збор да Віталя Клічко. Легенда ўкраінскага бокса тады рыхтаваўся да чарговага тытульнага паядынку – і пачатковец у якасці спарынг-партнёра яму так спадабаўся, што атрымаў прапанову заключыць кантракт з кампаніяй K2 Promotions (Клічко валодаў ёй з братам Уладзімірам). «Віталь мяне «выкупіў» з «палону» – звярыных лап дзялкоў. Яны здалі назад. Клічко аплаціў іх выдаткі на маю падрыхтоўку да баёў», – заяўляў Усцінаў.

У плане бокса, па словах расіяніна, Клічко быў недасягальны – у 2007-м у спарынгах Усцінаў «адчуваў сябе ў ролі кацяняці, якое раззлавалі, а яно нічога не можа зрабіць». А восенню 2010-га Віталь зноў паклікаў падапечнага дапамагчы з падрыхтоўкай да бою супраць амерыканца Шэнана Брыгса – Усцінаў праводзіў першыя раўнды спарынгаў, а потым яго змянялі яшчэ трое калег.

Сам Клічко казаў, што Усцінаў зможа стаць чэмпіёнам свету, а K2 Promotions арганізоўваў кліенту нядрэнныя баі, у тым ліку ў андэркарце ў Віталя і Уладзіміра Клічко. Сам Усцінаў з часам захацеў па-сапраўднаму выйсці на рынг супраць ментараў – і быў блізкі да гэтага ў 2012-м: баксёру з паказнікам 27-0 (21 накаўт), які выступаў пад беларускім сцягам, далі паядынак за званне прэтэндэнта на тытул IBF. Пераможца бою якраз мусіў біцца за пояс з Уладзімірам Клічко. Але непераможнага да таго Усцінава спыніў балгарын Кубрат Пулеў, які ў 11-м раўндзе адправіў суперніка ў накдаўн.

Далей баксёр паспеў пабыць спарынг-партнёрам у брытанскага топу Дэрэка Чысоры і выйграць яшчэ шэраг баёў. У іх лік мог увайсці і паядынак з іншым брытанскім топам Тайсанам Фʼюры – баксёры нават прайшлі ўзважванне, але «цыганскі кароль», па адной з версій, проста спалохаўся. «Я быў прамоўтэрам Усцінава. Фʼюры на ўзважванні выходзіць, глядзіць [на Усцінава] – 2-метровы, 140 кг, кулак як галава. Разышліся, а ў 6 раніцы ў дзень бою мне гавораць, што паядынак адменены. Афіцыйная прычын – дзядзька Фʼюры трапіў у лякарню, псіхічны стан Тайсана разладзіўся. Але, на мой погляд, [прычынай гэтаму сталі] памеры Усцінава. Фʼюры рэдка хтосьці пераўзыходзіць па габарытах, ён адчуваў сябе некамфортна», – успамінаў украінец з кампаніі Клічко Аляксандр Красюк.

У 40 гадоў Усцінаў, які да таго моманту ўжо пакінуў K2 Promotions, са статыстыкай 34-1 усё ж такі атрымаў першы ў карʼеры бой за вялікі пояс адной з галоўных федэрацый – як раз згаданы паядынак супраць Чара ў 2017-м. На яго, праўда, Аляксандр выйшаў – і ўжо не ўпершыню – пад расійскім сцягам. Трэнер Задзіран да таго казаў, што Беларусь «не праяўляе, на жаль, ніякай цікавасці да Усцінава – размова і пра фінансавы бок, і пра прэсу і тэлебачанне», але пасля другой паразы ў карʼеры падапечнага сказаў іншае: «Мы пазіцыянуем Аляксандра як расіяніна, які жыве ў Беларусі і выступае за яе. Мы спрабавалі заявіць яго як беларуса з дапамогай пасведчання на права жыхарства, але арганізатарам важней было грамадзянства». Зрэшты, на беларускай дзяржТБ сцяга нібыта не заўважылі і казалі пра Усцінава выключна як пра беларускага баксёра.

Пасля гэтага ў Усцінава пачалася серыя паражэнняў, на якой ён і завяршыў карʼеру. Жыць заставаўся ў Беларусі – а ў 2020-м аказаўся шакаваны паслявыбарчымі падзеямі ў краіне: як экс-супрацоўнік АМАП не разумеў, з якой мэтай сілавікі Лукашэнкі так лютуюць у сваім гвалце, а тым больш навошта самому Лукашэнку спатрэбілася хапаць аўтамат ды яшчэ і ўзбройваць непаўналетняга сына. Зрэшты, і паводзіны тых, хто пратэставаў, Усцінаў не ўхваляў.

У красавіку 2023-га расійскія СМІ пацікавіліся, чым займаецца Усцінаў – як аказалася, з дапамогай сяброў пераехаў у Маскву і атрымаў працу асабістага кіроўцы аднаго з буйных банкіраў. «Дзякуючы спорту я ўбачыў зусім іншае жыццё, паездзіў па свеце, стасаваўся з людзьмі і завёў шмат знаёмстваў. Я задаволены карʼерай, хаця, можа, і хацелася большага», – сказаў экс-баксёр.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты