Як самае прыбытковае казіно Беларусі адмывае касмічныя сумы з нелегальных ставак – новае расследаванне БРЦ
«Крыша» сілавікоў і самалёты з грашыма.
13 лютага Беларускі расследацыйны цэнтр, сумесна з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і пры падтрымцы «Кіберпартызан», распавёў, як праз адно з мінскіх казіно працуе схема па адмыванні грошай ад нелегальных анлайн-ставак.
Улетку 2021 года ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» адкрылася H Casino – самае буйное, як яго прэзентавалі ўладальнікі, казіно ў Беларусі. За першыя шэсць месяцаў яго працы прыбытак перавысіў 7,5 мільёнаў долараў. А ў 2023-м H Casino стаў самым прыбытковым казіно Беларусі, хоць у той час індустрыя перажывала спад.
H Casino афіцыйна належыць грамадзяніну Турцыі Мустафе Эгемену Шэнеру. Ён звязаны з крымінальным бізнесменам з турэцкага Паўночнага Кіпра Халілем Фальялам, які, як удалося высветліць журналістам, быў галоўным інвестарам праекта і аўтарам схемы па адмыванні грошай. У лютым 2022 года Фальяла быў забіты.
БРЦ апісаў меркаваную схему адмывання даходаў: грошы ад нелегальных ставак пераводзіліся ў наяўныя праз сетку прыватных асоб, затым наяўныя дастаўляюць у Беларусь на самалёце і прапускаюць праз казіно. Прыбытак казіно ў такім выпадку з'яўляўся поўнасцю легальным.
У схеме не абышлося без слядоў сямʼі Лукашэнкі. Расследавальнікам удалося высветліць, што «крышуе» казіно Віталь Матыс – былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі. Падрабязнасці расследавання ў відэа ніжэй: