Еўрапейскі шахматны саюз: «Чакаем, што Расія выйдзе з нашага складу да 24 лютага»
Еўрапейскі шахматны саюз чакае, што Федэрацыя шахмат Расіі пакіне яе склад і стане членам Азіяцкай шахматнай федэрацыі.
«У адпаведнасці з апошнімі і неаднаразовымі публічнымі заявамі прэзідэнта Расійскай шахматнай федэрацыі спадара Андрэя Філатава, пераход у Азіяцкую шахматную федэрацыю з'яўляецца толькі тэхнічнай справай, у Азіі ніхто не пярэчыць. Гэта будзе пацверджана Генеральнай асамблеяй Азіяцкай шахматнай федэрацыі, якая запланавана паралельна з Азіяцкім самітам паміж 26 лютага і 3 сакавіка.
Калі мы не атрымаем дакладнай заявы ад ФІДЭ, якая выступае супраць гэтага кроку, мы будзем лічыць, што Федэрацыя шахмат Расіі таксама мае зялёнае святло ад ФІДЭ. Расійская федэрацыя шахмат заявіла, што падтрымлівае сувязь з ФІДЭ, але на сённяшні дзень мы не атрымалі ніводнай афіцыйнай інфармацыі аб гэтым.
Улічваючы дату Генеральнай асамблеі Азіі і відавочны факт, што федэрацыя не можа адначасова з'яўляцца членам двух кантынентаў, чакаем, што Федэрацыя шахмат Расіі выведзе сваё членства ў нашым саюзе да пятніцы, 24 лютага 2023 года», – гаворыцца ў заяве Еўрапейскага шахматнага саюза.
Нагадаем, што шматлiкія расійскія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.