Усе навіны

«Я сыходжу. Ідзіце #####». Карлсэн спыняе ўдзел на ЧС па рапіду і бліцу

28 снежня 2024, 11:17

Самы рэйтынгавы шахматыст планеты нарвежац Магнус Карлсэн пракаментаваў тое, што быў пакараны ФІДЭ за парушэнне дрэс-кода на чэмпіянаце свету па рапіду, які праходзіць у Нью-Йорку.

«Відавочна, што гэта быў не найлепшы турнір для мяне. Учора быў цяжкі дзень. Я прайграў адну партыю, мог прайграць яшчэ пару, увогуле гуляў не вельмі добра, крыху не кантраляваў сябе. Перад тым, як прыехаць сюды, у мяне была добрая сустрэча за ланчам, і я ледзь паспеў пайсці ў нумар, пераапрануцца.

Так што я надзеў кашулю, пінжак і, шчыра кажучы, нават не думаў пра джынсы, нават пераабуўся. Я нават не думаў пра гэта. Я прыйшоў сюды і не ведаю, гэта было пасля першай гульні, ці пасля другой, здаецца, пасля... так, я не памятаю. Я атрымаў папярэджанне, што мне трэба змяніць адзенне. Перш за ўсё, мне выпісалі штраф, што нармальна, а потым папярэдзілі, што мяне не паставяць у пару, калі я не пайду пераапрануся. Сказалі, што я магу гэта зрабіць пасля трэцяга раунда сёння.

Я сказаў, што пераапрануся заўтра, калі можна, але яны сказалі, што я павінен пераапрануцца цяпер. На той момант гэта сталася для мяне справай прынцыпу. Таму такая сытуацыя.

Не, я не падаваў апеляцыю. Сапраўды кажучы, я ўжо занадта стары, каб займацца гэтым пытаннем. Калі гэта тое, што яны хочуць зрабіць... Я думаю, што гэта правільна, ніхто не хоча адступаць. Мяне гэта задавальняе. Я, напэўна, паеду куды-небудзь, дзе надвор'е крыху лепш, чым тут, усё добра. Я не буду гуляць бліц.

Шчыра кажучы, маё цярпенне да ФІДЭ і так не вельмі вялікае, і гэта нармальна. Няхай прытрымліваюцца сваіх правілаў. Мяне гэта задавальняе. Я адказваю, што добра, я сыходжу. Ідзіце ##### (к чорту – заўв.)», – сказаў Карлсэн.

Карлсэн не будзе абараняць тытул чэмпіёна свету ў бліцы. У васьмі матчах ЧС па рапіду Магнус атрымаў тры перамогі, чатыры разы згуляў унічыю і адзін раз прайграў 18-гадоваму беларускаму шахматысту Дзянісу Лазавіку.