Які спорт забараніў Талібан
Ужо дабраліся да шахмат.
Радыкальны ісламісцкі рух суніцкага напрамку Талібан, які ў 2021 годзе прыйшоў да ўлады ў Афганістане, працягвае забараняць розныя спартыўныя і культурніцкія падзеі.
На гэты раз забанілі шахматы – і гэта ўжо не першы выпадак забароны спорту ў краіне.
Шахматы – азартная гульня
Самы свежы прыклад. Талібан забараніў шахматы ў Афганістане праз занепакоенасць, што гэта – азартная гульня. А такія гульні забароненыя згодна з дзяржаўным законам пра мараль.
Прадстаўнік спартыўнага ўпраўлення краіны Атал Машвані пракаментаваў рашэнне так:
«Па шарыяце шахматы лічацца формай азартных гульняў, што забаронена ў адпаведнасці з Законам пра распаўсюд дабрадзейнасці і папярэджанне заганы, прынятым летась.
Існуюць рэлігійныя меркаванні наконт шахматнага спорту. Пакуль гэтыя развагі не будуць разгледжаныя, шахматны спорт у Афганістане прыпынены», – сказаў Машвані.
Ён дадаў, што нацыянальная федэрацыя шахмат не праводзіла ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў каля двух гадоў, а таксама «мела праблемы на ўзроўні кіраўніцтва».
У мінспорту таксама патлумачылі, што ўсе турніры і трэнінгі прыпыненыя і не адновяцца, пакуль не будзе знойдзенае рашэнне, якое адпавядае рэлігійным нормам.
У ММА б'юць па твары
Год таму Талібан забараніў змяшаныя адзінаборствы (ММА). Паведамлялася, што адпаведны загад тады выдала паліцыя маралі талібскага міністэрства прапаганды дабрадзейнасці і папярэджання заганы. Там лічаць, што гэты від спорту «не адпавядае законам шарыяту і супярэчыць вучэнню ісламу».
Атал Машвані, прадстаўнік спартыўнага дэпартамента Талібана, заяўляў: «З гэтага часу бясплатныя баявыя гульні забароненыя, і нікому не дазволена ўдзельнічаць у іх. Тыя спартсмены, якія займаліся гэтым відам спорту, могуць перайсці ў іншы від спорту на свой выбар і працягнуць сваю дзейнасць».
Праз гэта большасць байцоў ММА пакінулі Афганістан пасля вяртання Талібана да ўлады.
Адзін з іх ананімна пракаментаваў сітуацыю The Guardian: «У мяне быў запланаваны бой у Пакістане, але яго скасавалі. Я рыхтаваўся да яго апошнія два месяцы, каб прымусіць нашу краіну ганарыцца. Цяпер у мяне няма выбару, акрамя як пакінуць Бацькаўшчыну і адправіцца ў іншае месца, дзе я змагу заваяваць трафеі для свайго народа».
Прадстаўнікі Талібана ж заяўлялі, што ММА «нясе рызыку смерці, а ўдары па твары незаконныя».
Увесь спорт для жанчын
Адначасова з забаронай ММА праз «жорсткасць» ў 2024 годзе Вярхоўны лідар талібаў Маўлаві Хібатула Ахундзада абвясціў, што Афганістан вернецца да публічнага бічавання жанчын і збівання іх да смерці камянямі за здраду. Маўляў, гэта «працяг барацьбы супраць заходняга ўплыву», а супернікаў такіх мер назваў «прадстаўнікамі сатаны».
Акрамя таго, што жанчынам у Афганістане забаранілі чытаць услых, іх таксама абмежавалі і ў занятках спортам. Намеснік старшыні Культурнай камісіі Талібана Ахмадула Васік заяўляў, што спорт не лічыцца важным складнікам жыцця жанчыны. У прыватнасці, ён раскрытыкаваў удзел жанчын у крыкеце: «Не думаю, што жанчынам дазволяць гуляць у крыкеце, бо гэта не неабходнасць. Падчас гульні можа здарыцца так, што іх твары або целы будуць адкрытыя. А гэта супярэчыць ісламу. У сучасным свеце ёсць медыя, і фота ці відэа могуць патрапіць да публікі».
Паводле талібанскай версіі ісламскага закону, жанчыны могуць пакідаць дом толькі пры крайняй неабходнасці – напрыклад, для пакупак. А спорт да такіх патрэб не адносіцца, лічыць Васік.
Мясцовыя спартсменкі неаднаразова выказвалі асцярогі наконт свайго лёсу пры новым рэжыме ў краіне. Больш за 50 з іх былі эвакуяваныя з Афганістана ў 2021 годзе.
Экс-футбалістка Халіда Папал ужо перажывала прыход да ўлады Талібана, калі ёй было дзевяць. Некаторых членаў яе сям'і тады забілі.
«Гэта траўматычна для мяне і майго пакалення. Нашае дзяцінства паўтараецца зноў. Я тады задавала шмат пытанняў. Чаму мне нельга хадзіць у школу? А калі я хачу гуляць у футбол на вуліцы? Чаму маёй маме не дазваляюць хадзіць на працу?» – казала Папал і заклікала спальваць форму, каб спартсменак не маглі ідэнтыфікаваць.
Фота: Javed Tanveer/AFP, Anthony Dibon/Icon Sport, Khalida Popal, Department of Defence