У веласпорце Беларусі адкрылі мастацкую галерэю – уцягнулі іншыя віды ў выставы, прапануюць набыць працы за тысячы долараў
Памятаеце дзіўныя партрэты спартсменак?
У верасні 2023 года веласіпеднаму клубу «Мінск» спаўнялася 10 год. У камандзе і федэрацыі веласпорту думалі, што б гэткага зрабіць пад дату – і яшчэ ўвесну абвясцілі мастацкі конкурс Viva Kola Art. Праект прызначаўся для папулярызацыі веласіпеднага спорту і здаровага ладу жыцця ў Беларус, а да складу арганізатараў далучылi Беларускі саюз мастакоў.
Мастакам прапаноўвалася пазмагацца ў 7 намінацыях за грашовы прыз. Галоўнай умовай была наяўнасць веласіпеднай тэматыкі ў працах, якія прымалі да верасня. А ў кастрычніку з іх зладзілі выставу, якая праходзіла ў Палацы мастацтваў да лістапада. Агулам было прадстаўлена 200 прац, які занялі ўвесь трэці паверх будынку.
Пераможцы намінацый «Жывапіс», «Скульптура», «Арт-Аб'ект»
Пераможцы намінацый «Фатаграфія» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»
– Трэба заўсёды прыдумляць нешта новае, рабіць прыгожыя праекты. Спорту патрэбны глядач, і мы зразумелі, што гледача трэба шукаць. І так паглядзелі, што веласіпед і мастацтва ў разнастайных праявах – цікавая ў сусветнай культуры тэма, – распавядаў пра стварэнне конкурсу дырэктар «Мінска» Аляксей Іваноў.
– У апошнія часы гэта модна – усялякія там калабарацыі. А паспрабуй аб’яднаць [веласпорт і мастацтва]! Мы не ўяўлялі як, але рызыкнулі – і мне здаецца, што атрымалася. Я не ўсё разумею, але фантазія гуляе, – дзялілася ўражаннямі рэжымная кіраўніца беларускага веласпорту Наталля Цылінская.
Як пазней распавядаў Іваноў, арганізатары не думалi працягваць мерапрыемства. Але ў выніку конкурс вярнуўся ў наступным годзе – нават у большым маштабе. У 2024-м да канцэпту ў якасці партнёраў далучыліся іншыя беларускія федэрацыі: футбола, хакея, біятлона, гандбола, тэніса, гімнастыкi.
З нагоды новага конкурсу склiкалi прэс-канферэнцыю, дзе прысутнiчалi член выканкама «НАК» Лукашэнкі, «афіцэрка» рэжымнага «МУС» Любоў Чаркашына i кіраўнік ўпраўлення па спорце лукашэнкаўскага выканкама па Мiнску Максіма Варапая. А рэжымны кіраўнік федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч, які таксама ўваходзіць у раду назіральнікаў веласіпеднага «Мінска», тады сказаў, што мастацкая «тэма» можа апынуцца добрай рэкламай хакея.
Да конкурсу «падцягнуўся» і непасрэдна «НАК» Лукашэнкі. У межах Viva Kola Art для рэжымнай структуры зрабілі серыю партрэтаў алімпійскіх чэмпіёнак Беларусі, на якiя мы ўжо звярталi ўвагу праз пытанне падабенства.
Федэрацыя футбола паказала наведвальнікам форму зборных, Кубак Беларусі і трафей вышэйшых мужчынскай і жаночай ліг – атрымлiваецца, лiчылi ўсё гэта прадметамi мастацтва.
Viva Kola Art 2024 планавалася правесці з 25 кастрычніка па 30 лістапада, але выставу працягнулі да 14 снежня. Паводле інфармацыі ад арганізатараў, ў імпрэзе ўзялі ўдзел больш за 500 аўтараў з Беларусі і бліжняга замежжа.
Паводле афіцыйнага акаўнту Viva Kola Art, найбольш зачапіла наведвальнікаў выставы карціна 2024 года «З начной змены» Андрэя Пяткевіча.
А шэраг работ можна набыць. Для гэтага працуе адмысловы сайт, якi пазыцыянуе сябе як «першую на прасторах СНД анлайн-краму спартыўнага мастацтва». Пазначана, што ўсе прадстаўленыя ў каталозе працы знаходзяцца ва ўласнасці «Мiнска». «Асартымент» разнастайны: ад атрыбутыкі і сувеніраў да сапраўдных мастацкіх прац – карцін, скульптур і гэтак далей.
На сайце ёсць фільтрацыя па спартыўных тэматыках. Можна адшукаць, напрыклад, знаёмы з дзяцінства футбольны «Квадрат» у выкананнi мастака Аляксея Карабельнікава. Цана – 5800 беларускіх рублёў (каля 1770 долараў).
Яшчэ адна праца Карабельнікава – хакейная карціна «Твар у твар» – каштуе 3700 рублёў (прыкладна 1130 долараў).
Набыць можна і вось такі фотаздымак супрацоўнiка «НАК» Дзяніса Касцючэнкі «Небяспечная гульня», дзе Ігар Стасевіч за БАТЭ заехаў па твары супернiку. Цана – «па запытаннi». Хаця ў ЧБ мы як раз нядаўна бачылi «рэмэйкi».
У раздзеле біятлона можна адшукаць карціну «Канцэнтрацыя» мастачкі Дар’і Пермяковавай. Вобраз вельмі падобны рэжымнiка Антона Смольскага. Цана, зноў жа, «па запытаннi».
На велатэматыку ёсць і працы з пяцізначнымі ў рублях коштамі. Напрыклад, «На край зямлі» Івана Сямілетава – акрыл на палатне 115х165 см ацэнены ў 11300 рублёў (амаль 3,5 тысячы даляраў).
А карціна алеем 1975 года «Веласіпедысты» 75х137 см аўтарства ўкраінскага мастака Карла Таньпетэра каштуе 15 тысяч рублёў (больш за 4,5 тысячы долараў).
Самыя-самыя дарагія лоты на сайце – бронзавыя скульптуры Юрыя Анушкi «Дзень і ноч» (20 кг) ды «Сонца і вецер» (28 кг). Кожная каштуе амаль 90 тысяч рублёў (29 тысяч долараў). Як працы тычацца спорту.
«Дзень і ноч»
«Сонца і вецер»
У вас узнiкла пытанне, якая у гэтых прац сувязь са спортам? А нiякай. Viva Kola Art ужо выйшла за межы спорту.
У сакавіку 2025 года ў Мінску адчынілася паўнавартасная мастацкая галерэя Viva Kola Art. Пляцоўка месціцца ў бізнес-цэнтры D16, які належыць Аляксею Карагіну – уладальніку ювелірнай крамы «7 карат», якая раней была партнёрам мастацкага конкурсу. У акаўнце новастворанай галерэі Карагіна назвалі «вялікім Сябрам». На мерапрыемстве ў гонар адкрыцця галерэi прысутнічала i згаданая вышэй Чаркашына.
Аляксей Карагін – зправа
– Пакуль я займалася тэхнічным бокам, гэта значыць непасрэдна веласпортам, каманда, часткай якой я з’яўляюся, падрыхтавала вось такі сюрпрыз. Я ведала пра нашу мэту, нашу ідэю, але тут я ўпершыню – і вельмі ўражаная. Мяне перапаўняюць эмоцыі! – сказала Цылiнская, калi прыйшла ў галерэю.
– Як мы і казалі доўгі час, наш праект рана ці позна перарасце, на наш погляд, у добрую камерцыйную гісторыю. Спачатку з’явілася анлайн-крама. Але ў нас таксама з“явілася вялікая колькасць прац, не звязаных са спортам наўпрост. Паступілі камерцыйныя прапановы. Цяпер, калі з’явілася прастора, хочацца зрабіць гісторыю цікавай, прадажнай, высокамастацкай. Шмат чаго пакуль не разумеем, але прыемна, што гэта зроблена, – распавёў дырэктар велаклуба «Мінск» Аляксей Іваноў.
Таксама функцыянер абмовіўся, што ў хуткім часе павінна адкрыцца і другая галерэя, на вуліцы Дзімітрава – гэта за ГЦ «Галерэя» на станцыі метро «Няміга», у самым цэнтры Мiнска.
Нахвальвае Viva Kola Art i кіраўнік беларускай федэрацыі тэнісу Сяргей Рутэнка, заявіўшы, што з такой кіраўніцай, як Цылінская, «праект аб’едзе ўвесь свет». Функцыянер прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, на якой абвясцілі пра трэці конкурс Viva Kola Art.
Рутэнка і Цылінская
Яшчэ на канферэнцыі тусіў рэжымны спявак Руслан Аляхно. Ён, як і дырэктар «Мінска» Аляксей Іваноў, уваходзіць у дзіўны «апякунскі савет» федэрацыi веласпорту Беларусі.
Злева направа – Цылінская, Аляхно, Іваноў