Першы беларус трапіў на Эверэст з дапамогай Капскага, іншыя горы забіралі пальцы і таварышаў – памёр жа зусім нечакана
Драмы Віктара Кульбачэнкі.
Скарыць Эверэст – найвялікшае дасягненне для альпіністаў. Дабралася да самай высокай кропкі на зямлі і некалькі беларусаў. Так, у 2021-м гэтага дасягнула першая жанчына з нашай краіны – Ала Касабуцкая, менш чым на дзень апярэдзіўшы суайчынніцу Святлану Кузкову.
Тады ж спрабавала ўзяць вяршыню Лілія Яноўская – перашкодзіў каранавірус, але ў 2022-м жанчына вярнулася і здолела ўзысці.
Да іх на Эверэсце былі толькі чацвёра беларускіх мужчын. Трое – у 2006-м у складзе адзінай экспедыцыі. Кіраваў ёй бізнесмен Уладзімір Цяльпук, які вядомы як сузаснавальнік некалькіх беларускіх футбольных клубаў.
А самым першым з беларусаў на Эверэст падняўся Віктар Кульбачэнка. Гэты чалавек не раз мог загінуць пры ўзыходжаннях – а ў выніку памёр досыць маладым, калі займаўся сваім куды менш небяспечным хобі.
Віктар Кульбачэнка нарадзіўся 27 красавіка 1962 года ў Светлагорску. У яго дзяцінстве сямʼя не раз пераязджала – хлопчык вучыўся ў Бабруйску і Жодзіне, у выніку атрымаўшы школьны залаты медаль. А каб даваць адпор хуліганам, выдатнік пайшоў у спорт – займаўся плаваннем, гандболам, боксам, а затым засяродзіўся на бегу.
У 1979-м Кульбачэнка паступіў у Мінскі медінстытут, дзе на другім курсе яму параілі секцыю альпінізму. Трэнаваны хлопец сурʼёзна захапіўся – і ўжо ў 1981-м узышоў на гару Вузлавую вышынёй 3663 метраў у расійскай Карачаева-Чаркесіі. У выніку вучобу, а потым працу, на якую адправілі ў вёску Зембін пад Барысавам, малады чалавек сумяшчаў з узыходжаннямі на савецкія горы. У 1991-м Кульбачэнка атрымаў права называць сябе «снежным барсам» – гэты неафіцыйны «тытул» альпіністы атрымлівалі за заваяванне пяці самых высокіх пікаў на тэрыторыі СССР: Хан-Тэнгры (6995 м), Каржанеўскай (цяпер Азодзі, 7105 м), Леніна (цяпер Ібн Сіны, 7134 м), Перамогі (7439 м) і Камунізму (цяпер Самані, 7495 м).
З развалам СССР вычарпалася дзяржаўнае фінансаванне ўзыходжанняў, затое зʼявілася магчымасць стаць першымі ў гісторыі незалежнай Беларусі. У 1993-м беларускі бізнесмен – альпініст Сяргей Новікаў вырашыў сабраць першую беларускую экспедыцыю ў Гімалаі – горную сістэму, куды ўваходзіць і Эверэст. Але на дазволы ад уладаў Непала – краіны, адкуль стартуюць экспедыцыі – была вялікая чарга. Самай рэальнай аказалася магчымасць узысці на Канчанджангу – трэцюю па вышыні вяршыню ў свеце.
Са спонсарскай дапамогай завода БелАЗ восенню 1994-га беларуская група, узяўшы ў склад і замежных удзельнікаў, апынулася ў Непале і стала рыхтавацца да ўзыходжання – на такую гару з ходу не падымешся, трэба паступова набіраць вышыню, абвыкаючы да разрэджанага паветра ў прамежкавых лагерах. Іх стварэннем – то бок пераносам на пункты запасу газавых балонаў, прадуктаў і цёплых рэчаў – займаліся самі альпіністы.
У самым пачатку шляху з базавага лагера сустрэлася каманда з Паўднёвай Карэі – людзі спускаліся і адназначна заявілі, што праходу да вяршыні няма. Аднак беларуская група вырашыла паспрабаваць знайсці шлях. Па ўспамінах Кульбачэнкі, на вышыні 6500 метраў група выявіла глыбокія расколіны ў ільдах. Альпініст змог пракласці парэнчы да вышыні 6700 метраў, але далей абысці правалы не атрымлівалася.
У ноч з 9 на 10 кастрычніка здарыўся снежны абвал. Ён накрыў расіянку Кацярыну Іванову і беларуса Сяргея Жвірблю – іх спрабавалі знайсці, але праз пару дзён змірыліся з гібеллю. Пры гэтым, як бы цынічна ні гучала, лавіна «закаркавала» расколіну, якая заступала кароткі шлях – і група вырашыла працягнуць узыходжанне.
20 кастрычніка група разбіла лагер на вышыні 7800 метраў, і 23 кастрычніка вырашальны ўздым сабраліся здзейсніць першыя тры чалавекі: Кульбачэнка і балгары Іарданка і Барыслаў Дзімітравы. Аднак Дзімітрава павярнула не туды і таксама знікла – праз год яе цела знайшла іншая экспедыцыя. Дзімітраў наогул палічыў за лепшае спусціцца з гары. А вось Кульбачэнка, які ішоў следам, у адзіночку дабраўся-такі да вяршыні. Па дарозе назад ужо не было запасу кіслароду – і альпіністу вельмі пашанцавала знайсці альтэрнатыўны маршрут спуску, які дазволіў вярнуцца ў лагер. Пасля такога спрабаваць забрацца наверх больш ніхто не рызыкнуў– і сіл не было, і Новікаў настойліва загадваў вяртацца. Кульбачэнка ж так моцна адмарозіў левую руку, што фалангі трох пальцаў на ёй давялося ампутаваць.
«Камандзе быў абяцаны прыём у Лукашэнкі – шыйце, маўляў, хлопцы, фракі і пракручвайце дзірачкі для ўзнагарод. Потым тэрміны сустрэчы адсунулі, патлумачыўшы тым, што не гатовая атрыбутыка з новай дзяржсімволікай. А ў выніку пра нас наогул забыліся. Экспедыцыя, ініцыяваная не зверху, мабыць, не магла разлічваць на ўвагу да сябе», – успамінаў пазней удзельнік групы Валерый Майсеенка.
Наступствы ампутацыі Кульбачэнкі
У 1997 годзе Кульбачэнка атрымаў запрашэнне далучыцца да групы заваёўнікаў Эверэста ад расіяніна Уладзіміра Шатаева, які раней трэнаваў савецкую зборную па альпінізме. А праспансаваў беларускага спартсмена Анатоль Капскі. Ёсць розныя версіі: па адной, Кульбачэнка звярнуўся да бізнесмена ўжо пасля прапановы з Расіі, згодна з іншай, альпініст шукаў фінансаванне для беларускай экспедыцыі на менш высокую вяршыню, але заснавальнік БАТЭ параіў цэліць вышэй, а ўжо пасля гэтага Кульбачэнка выйшаў на Шатаева.
Як бы там ні было, у канцы сакавіка 1998-га альпініст, для трэнінгу ўзышоўшы на пару больш простых вяршыняў, зноў выправіўся ў Непал. 7 красавіка група стартавала ў базавы лагер, але па дарозе Шатаеў прастудзіўся і неўзабаве вымушана вярнуўся дадому. З іншымі ўдзельнікамі экспедыцыі адносіны ў Кульбачэнкі не склаліся – праз гэта потым многія не хацелі больш быць з ім у адных групах. А напярэдадні планаванага ўзыходжання альпініста выгналі з агульнай палаткі – балазе, у суседняй групы атрымалася пазычыць іх запасную аднамесную. Кульбачэнка не здзіўляўся: лічыў, што ў большасці «на вышыні звыш 8 тысяч метраў усе маральныя прынцыпы адыходзяць у бок, галоўнае – дасягнуць вяршыні і выжыць».
18 траўня а 10-й раніцы спартсмен выйшаў з «штурмавога» лагера з адной мэтай – і праз 6,5 гадзіны апынуўся на самым высокім пункце планеты. З групы Шатаева гэта тады больш не атрымалася ні ў каго (але хоць без смерцяў абышлося). Пазней Кульбачэнку за гэты поспех прысвоілі званне заслужанага майстра спорту Беларусі па альпінізме.
«19 траўня, скінуўшы за дзень 2500 м, позна ўвечары прыйшоў у базавы лагер, дзе было шумна і святочна. Быў выматаны да мяжы, безгалосы, сядзеў і ўспамінаў перажытае, ціха радуючыся: Эверэст прыняў мяне і адпусціў», – запісаў Кульбачэнка пазней у сваім дзённіку.
Фота Эверэста аўтарства Кульбачэнкі
Праз некаторы час Кульбачэнка пераехаў у Маскву і стаў працаваць прамысловым альпіністам. Розныя ўзыходжанні перыядычна таксама працягваў – напрыклад, у 2004-м скарыў кітайскую гару Кангур. А ў 2006-м стаў сябрам групы з дзевяці чалавек з Расіі, Ірландыі і Польшчы, хто вырашыў узысці на Чагоры – другую па вышыні вяршыню свету. Калі б гэта ўдалося, то на рахунку Кульбачэнкі былі б усе топ-3 пікі планеты.
13 жніўня група, пераадолеўшы ўсе падрыхтоўчыя этапы, у поўным складзе адправілася да вяршыні. Але прыкладна за 270 метраў да мэты на групу абрынулася лавіна, забраўшы з сабой жыцці чатырох расіян.
«Раптам зверху, як вадаспад, нясецца лавіна. Толькі мы ўпалі і замацаваліся ледасекамі, нас накрыла і працягнула метры два па схіле. Ляжыш толькі і адчуваеш, як над табой расце снежны пласт. Яшчэ трохі – і не змог бы вылезці. Пашанцавала, што закранула краем, не ўсёй масай снегу. Да вяршыні было рукой падаць, але мы не пайшлі. У такіх сітуацыях гэта амаральна», – потым распавёў Кульбачэнка, які з яшчэ чатырма выжылымі спусціўся ў базавы лагер.
Пасля ўсіх гісторый у гарах яшчэ больш дзіўна тое, як Кульбачэнка памёр. Увечары 14 чэрвеня 2007 года ён выправіўся на падмаскоўнае возера, каб заняцца яшчэ адным сваім захапленнем – падводнай рыбалкай. Калі на наступны дзень альпініст не вярнуўся дадому, жонка забіла трывогу. 16 чэрвеня цела Кульбачэнкі знайшлі ў вадзе прыкладна за 10 метраў ад берага. Сваякі не верылі, што спартсмену проста стала дрэнна, і будавалі версіі, што яму «дапамаглі патануць», але яны не пацвердзіліся. Кульбачэнку было 45 гадоў, яго пахавалі ў Беларусі. Маці спартсмена перадала яго рэчы краязнаўчаму музею ў Жодзіна.