Усе навіны

Італія дапусціла 11 беларусаў і расіян да чэмпіянату свету па фехтаванні

25 траўня, 15:50

Урад Італіі дазволіў 11-і фехтавальшчыкам з Расіі і Беларусі выступаць у якасці нейтральных спартсменаў на чэмпіянаце свету ў Мілане.

Джавані Малага, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Італіі і член Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), пацвердзіў, што палітыкі не будуць перашкаджаць прыезду спартсменаў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.