Tribuna.com шукае SMM-рэдактара 🤝
2 кастрычніка 2024, 10:00Tribuna.com
Усе навіны

Бяляева – пра выдварэнне з Расіі: «Навошта казаць, што спорт па-за палітыкай, калі ляціць трэнер са спартсменамі і мае ВНЖ у Беларусі?»

23 кастрычніка 2024, 17:33

Трэнерка беларускіх фігурыстаў Таццяна Бяляева расказала, што яе не пусцілі ў Расію, дзе пройдзе Гран-пры з удзелам яе падапечных Вікторыі Пласконнай і Уладзіслава Сыціка.

Прычынай стала наяўнасць у спецыялісткі ўкраінскага грамадзянства.

– Мы са спартсменамі паляцелі ў Магнітагорск на этап «Гран-пры Расіі» сярод юніёраў.

Я ведала, што грамадзяне Украіны доўга праходзяць расiйскую мяжу, летась я правяла 12 гадзін у Шарамеццеве. Мы да такога былі гатовы, вырашылі на тры дні паляцець у Балашыху да Дзяніса Самохіна і Марыі Баравіковай, у іх цудоўная каманда.

Каб гэтыя спецыялісты паглядзелі хлопчыкаў і дзяўчынак напярэдадні спаборніцтваў, у спакойным рэжыме перажыць чаканы ў дарозе стрэс – і далей на Урал. Рабяты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца.

А мяне сёлета ўвогуле не прапусцілі! Ну і навошта ў дадзенай сітуацыі казаць, што спорт па-за палітыкай, калі ляціць трэнер з дэлегацыяй, са спартсменамі, з камандзіровачным пасведчаннем і білетамі назад, з запрашэннем ад расійскага боку і маецца від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь?

Пратрымалі мяне сем гадзін у аэрапорце, выдалі паперу ghf «выдварэннe» з тэрыторыі Расіі. Слова якое! Дзякуй, што ў расiйскім фігурным катанні ёсць сябры і маіх дзяцей не кінуць у гэтай складанай для іх сітуацыі.

Але сам факт проста ні ў якія вароты не лезе. Калі мы спрабуем заклікаць увесь свет падзяліць пытанні палітыкі і спорту, і на буйных спаборніцтвах не можам вырашыць такія моманты!

Я летась ужо была шакаваная такім прыёмам, але не магла ўявіць, што праз год прыехаць працаваць стане немагчыма.

– А вам нешта казалі пры гэтых працэдурах?

– Мне было сказана, што да заканчэння СВА (так у Расіі называюць вайну ва Украіне – Tribuna.com) нават не спрабуйце ўязджаць у Расію, гэта бескарысна.

Я перажыву, але спартсмены ў гэтай сітуацыі пакутуюць больш за ўсё, а ў іх зараз і так складаны перыяд.

Калі ўсё пачыналася ў 2022-м, мне паступалі прапановы папрацаваць за мяжой на Захадзе, з'ехаць – але я, як чалавек, адданы сваёй справе і спартсменам, засталася тут, каб працягваць займацца развіццём танцаў на лёдзе ў Беларусі. У і без таго складаным становішчы пакідаць спартсменаў без падтрымкі настаўніка няправільна.

– Нешта будзеце рабіць?

– У гэтай сітуацыі мае сэнс звярнуцца да функцыянераў спорту, думаю, трэба гэта зрабіць. Каб на вышэйшым узроўні былі вырашаны такія пытанні і спартыўныя дэлегацыі маглі бесперашкодна дабірацца да месцаў правядзення спаборніцтваў, збораў, семінараў, а спартсмены паказвалі лепшы вынік без дадатковых стрэсаў. Не там шукаюць ворагаў, мне здаецца, – сказала Бяляева.