Беларускіх канькабежцаў і фігурыстаў дапусцілі да адбору АГ-2026
Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU), які кіруе канькабежным спортам, шорт-трэкам і фігурным катаннем, ухваліў удзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у кваліфікацыі на зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года.
У дакуменце, апублікаваным на сайце ISU, гаворыцца пра допуск спартсменаў у нейтральным статусе. Яны павінны выступаць у аднатоннай форме без дзяржсімволікі і не могуць удзельнічаць у камандных спаборніцтвах.
Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі ці сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі.
Магчымасць допуску AIN да Гульняў вызначае спецыяльна створаная МАК камісія AINERP. Абмежавальныя меры ўведзены ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.