Усе навіны

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў» Макарэвіч: «Пераход у сям’і адбываўся няпроста, былі спрэчкі, але паціху, памаленьку ў нашай кватэры загучала беларуская мова. Стараюся ўключаць дзецям беларускія мультфільмы»

15 чэрвеня 2022, 21:43

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў» Валерый Макарэвіч, які нядаўна далучыўся за польскага клуба па пляжным футболе «Згода», расказаў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир», як яго сям’я перайшла на беларускую мову.

- Дарэчы, якім было тое самае першае інтэрв’ю па-беларуску для вас?

 – Першыя інтэрв’ю я, напэўна, даваў пад запіс на дыктафон Андрэю Рапапорту з прэс-службы федэрацыі пляжнага футбола. Мы ехалі ў мікраўтобусе з аэрапорта. Былі працяглыя паузы, бо забываўся некаторыя словы, але стараўся ўспамінаць. Памятаю, што давялося моцна напружыцца, нават галава пачынала балець. Калі прыехалі да будынка федэрацыі футбола, кіроўца падышоў да мяне і падзякаваў, паціскаючы руку, і параіў не баяцца русізмаў на пачатку. Кажа, забываешся – нічога страшнага, замяні рускім словам, якое ведаеш. І на развітанне ціха сказаў на вуха: «Дарэчы, маё прозвішча Багдановіч».

Потым было шмат беларускамоўных інтэрв’ю на камеру, і з кожным наступным разам было ўсё менш хвалявання і трывогі.

- Ці падтрымлівалі вас родныя і калегі?

 – Пераход у сям’і адбываўся няпроста, былі і спрэчкі і спробы ўпэўніць мяне, што мова не самае галоўнае, але паціху, памаленьку ў нашай кватэры загучала беларуская мова. Дзякуй маёй жонцы Ірынцы, што яна вытрымала ўсё гэта. А зараз і сама выдатна валодае беларускай мовай і карыстаецца ёй, але на людзях саромеецца вылучацца прыгажосцю гучання родных гукаў.

- Якая мова часцей гучыць у вас дома?

 – Зараз дома мы размаўляем выключна па-беларуску. Ірынка пажадана-прымусова перайшла на яе, сын з дачкой з маленства авалодалі. Вядома, з маёй дапамогай, бо калі размаўляць па-руску, дзеці не загавораць на роднай ці яшчэ там на якой. Калыханкі спяваў ім, вершы ды казкі чытаў. Мульцікі збольшага ўключаю толькі беларускія, знаёмлю з украінскай і польскай мовамі, бо яны вельмі падобныя на нашу мову. Ну і пра англійскую не забываемся, пакуль толькі словы вучым праз гульню, хто хутчэй перакладзе з беларускай.

Быў цікавы выпадак з мамай. Раней я яе вучыў, як слушна казаць па-руску, выпраўляў і пацешліва жартаваў з акцэнту. А ўжо пасля пераходу, пры размове на беларускай, калі выпраўляю рускае слова, яна мне ў адказ кажа: ты давай вызначы, якую мову вучыць.

 - З дзецьмі праз мову не было канфліктаў?

 – З Міраславай, можа, і былі спрэчныя моманты, але ў асноўным з-за мульцікаў, якія яна зашмат глядзела на рускай мове. Стараюся ўключаць дзецям беларускія, іх дастаткова ў сеціве. На польскай і украінскай мове таксама знаходжу, а калі няма на гэтых мовах, дазваляю глядзець па-руску. Рускай мовы і так дастаткова ў асяроддзі.

З іншымі дзецьмі асаблівых канфліктаў не было, ці, можа, я не ўсё ведаю. Міраслава ў школе, пэўна, пераходзіць на рускую, але калі мы разам ідзем з дзяўчатамі са школы, то яны ўсё выдатна разумеюць. Нават ёсць аднакласніца, ў якой тата турак, дык і яна ўсё разумее, а нас вучыць турэцкім словам. Мы заўсёды ёй кажам “Мархаба” пры сустрэчы, – сказаў Макарэвіч.