Усе навіны

Апейкін пра адмову УЕФА адхіляць Беларусь ад адбору ў Еўра-2024: «Гэта фактычны намёк на тое, што Беларусь сёння яшчэ не роўна Расія»

14 кастрычніка 2022, 17:17

Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін пракаментаваў адмоўныя словы прэзідэнта УЕФА Аляксандра Чэферына наконт адхілення Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыі Еўра-2024.

– Я думаю, што гэта ўсё ж такі такая ўзважаная палітыка УЕФА. Сам Чыферын фактычна намякае на што: што Беларусь сёння яшчэ не роўна Расія. Што пытанне ўдзелу Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіяната Еўропы будзе залежыць далей ад паводзін беларускіх уладаў: ці ўступяць яны ў вайну, ці ўтрымаюцца ад яе. Бачна, што ўсё ж такі ёсць нейкае разуменне, што, магчыма, варта Беларусь, то-бок футбольную зборную, трымаць у вектары заходняй цівілізацыі. Бо фактычна што мы бачым зараз з гэтым допускам.

Па-першае, мы бачым, што падставы для адхілення і Беларусі, і Расіі – яны аднолькавыя. Мы ў аднолькавым статусе тут, але Расію адхіляюць, а Беларусь не адхіляюць. І вось тут узнікае пытанне: а чаму зборная Беларусі і Беларуская федэрацыя футбола не выказалі ніякую салідарнасць з федэрацыяй футбола Расіі? Бо яны ж там падпісалі на ўзроўні Міністэрства Спорту тры дамовы: аб супрацы, аб узаемадзеянні, аб патрымцы і г.д. Гэта ўсё было ў чэрвені 22-га года. Па гэтай логіцы АБФФ і зборная Беларусі павінна была выказаць нейкую салідарнасць і сказаць: «Ну, калі адхілілі нашых саюзнікаў, сяброў, братушак там, то і мы тады не будзем выступаць». Але ніводнага акта салідарнасці, ніводнага знака салідарнасці мы не ўбачылі, гэта цікавы момант.

Па-другое, зборная Беларусі, як ні круці, але будзе ўсё ж такі гуляць матчы на тэрыторыі краін Еўропы. Я не кажу пра краіны Еўразвязу, але гэта будуць краіны Еўропы. І матчаў, напрыклад, у Казані ўжо не будзе. Тут ужо будзе ўзнікаць пытанне тых жа самых гульцоў, функцыянераў з Расійскай федэрацыі футбола – чаму так адбываецца? Чаму беларусы спакойна ездзяць, гуляюць, а мы не гуляем? Гэта ўсё ж такі пэўны цывілізацыйны раскол стварае, на мой погляд. І магчыма, што такі позірк УЕФА на гэтую сітуацыю, што лепей мы будзем трымаць Беларусь у еўрапейскім цывілізацыйным вектары, а не ставіць яе ў адзін шэраг з Расіяй, – распавёў Апейкін.