Пунтус пра Кубак Рэгіёнаў: «Планы ў «Коласа» зразумела якія, калі ўжо ўвязаліся ў бойку гэтую, дык трэба трымаць удар да канца. Трэба думаць пра вялікае, каб нечага дамагчыся»
Галоўны трэнер чэрвеньскага «Коласа» ў Кубку Рэгіёнаў УЕФА Юрый Пунтус падзяліўся чаканнямі ад маючага адбыцца турніру.
Нагадаем, што беларускі клуб у Турцыі бярэ ўдзел у міні-турніры, дзе ўжо абыграў турэцкі «Кайсеры» (3:0), а таксама згуляе з партугальскім «Лісабонам» і фінскім «Тампэрэ».
– Планы ў нас зразумела [якія], калі ўжо ўвязаліся ў бойку гэтую, дык трэба трымаць удар да канца. Вядома, настрой баявы, мы адчулі смак перамогі ў Азербайджане. Гэта нас раздражніла, і зараз, вядома, хочацца і трэба думаць пра вялікае, каб чагосьці дабіцца.
Можа, маленькі мінус, што [я] увогуле без паняцця, і няма магчымасці нават знайсці хоць што-небудзь, каб вокам паглядзець, узровень аматарскага футбола Турцыі, Партугаліі і Фінляндыі. Таму думка такая, што трэба іграць ад сябе: тое, што мы ўмеем, тое і трэба паказаць, а там як яно выйдзе па выніку, так і будзе.
Галоўнае нам згуляць у сваю гульню і на максімуме.
– Каго з гэтага складу «Коласа» вы можаце назваць, хто мог бы зайграць у вялікім футболе?
– Аднаго дык дакладна, таму што ў яго ўзрост яшчэ вельмі добры і дадзеныя – Сярожа Лізуноў (аўтар першага гола «Коласа» у вароты «Кайсеры» – заўв. Tribuna.com). Думаю, што калі буду жывы і здаровы і буду працягваць сваю трэнерскую дзейнасць, то ў мяне ёсць вялікае жаданне даць яму шанец. Прынамсі, выклікаць на нейкі працяглы час на збор, каб паглядзець, што ён з сябе будзе прадстаўляць на фоне прафесіяналаў.
Матч з «Лісабонам» адбудзецца 5 лістапада ў 18:30, з «Тампэрэ» – 8 лістапада ў 16:30.