FIFPro: «У будучыні гульцы, якія робяць магчымым правядзенне ЧС і іншых турніраў, павінны вырашаць, дзе і пры якіх умовах яны будуць праходзіць»
Міжнародная федэрацыя асацыяцый прафесійных футбалістаў (FIFPro) жадае, каб у будучыні гульцы ўплывалі на выбар месца правядзення міжнародных турніраў.
«У гэтую нядзелю ў Катары стартуе чэмпіянат свету, і, хоць ён стане пікам кар'еры для многіх гульцоў, адбудзецца ён пры трывожных абставінах.
Каментар катарскага амбасадара, які апісаў гомасэксуальнасць як «пашкоджанне мозгу», з“яўляецца выразным сігналам таго, што гэты ЧС не можа быць даступны кожнаму. Мы рашуча асуджаем гэты ненавісны каментар. Больш за тое, паколькі футбол імкнецца да інклюзіўнасці для ўсіх, у тым ліку супольнасці ЛГБТ, мы лічым гэты каментар шкодным. Стаўленне амбасадара паказвае, што не ўсім будуць рады на гэтым турніры. Гэта шкодзіць нашаму спорту.
Цэнтр працоўных мігрантаў не створаны, няма фонду для кампенсацый работнікам і іх сем'ям, прафсаюзы застаюцца забароненымі, а жанчыны ўсё яшчэ не маюць роўных правоў з мужчынамі. Гэта не тая спадчына, якую большасць гульцоў жадаюць бачыць.
Многія гульцы працягваюць выказваць занепакоенасць наконт сітуацыі з правамі чалавека, і іх галасы будуць пачуты ў бліжэйшыя тыдні. Мы будзем працягваць настойваць на далейшых зменах разам з імі, разам з нашымі партнёрамі, у тым ліку прафсаюзы і праваабарончыя арганізацыі. Чэмпіянат свету па футболе павінен быць сапраўды глабальным і праводзіцца для ўсіх супольнасцяў і культур. Без сапраўдных стандартаў правоў чалавека і сапраўднай інклюзіўнасці гэта немагчыма.
У будучыні гульцы, якія робяць магчымым правядзенне чэмпіянату свету і іншых футбольных турніраў, павінны вырашаць, дзе і калі будуць праходзіць гэтыя турніры і пры якіх умовах. Недахопы гэтага ЧС павінны стаць каталізатарам для дасягнення станоўчага глабальнага ўплыву, якога наша гульня можа дасягнуць», – гаворыцца ў заяве.